Ва ўстаноўчым сходзе арганізацыі "Вольная будучыня", якая пакуль будзе дзейнічаць толькі на тэрыторыі Менску, брала ўдзел 12 чалавек. Яны адзінагалосна абралі на старшыню былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, юрыста Барыса Гюнтэра.
Паводле спадара Гюнтэра, патрэба ў зьяўленьні такой арганізацыі як "Вольная будучыня" насьпела ўжо даўно, бо іншыя беларускія праваабарончыя арганізацыі дагэтуль, на жаль, надавалі недастаткова ўвагі праблеме абароны правоў чалавека ў месцах зьняволеньня.
Сябры "Вольнай будучыні" зьбіраюцца інфармаваць міжнародную супольнасьць пра ўсе факты парушэньня правоў вязьняў у беларускіх турмах, а таксама рыхтаваць для дзяржаўных установаў законапраекты ў справе лібэралізацыі пенітэнцыярнай сыстэмы.