Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБВІНАВАЧВАЕ ЧЫГУНКУ Ў РАСКРАДАНЬНІ БЮДЖЭТУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскія ўлады прапанавалі Аляксандру Лукашэнку наведаць новы гарадзкі шпіталь, анкалягічны дыспансэр ды лядовы палац. Але Лукашэнка аддаў перавагу толькі акцыянэрнаму таварыству "Дываны Брэста". Кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла пахваліцца, што абяцаны заробак 100 даляраў тут выплачваюць ужо з пачатку году.

Як сапраўднае дасягненьне падалі й той факт, што на прадпрыемстве працуе ўласны хлебны цэх, а ў фірмовай краме можна набыць харчы ў крэдыт. Аляксандар Лукашэнка лічыць, што гэты экспэрымэнт варты перайманьня.

Але рабочых таварыства "Дываны Брэста" турбуюць зараз зусім іншыя праблемы. Яны скардзіліся на тое, што амаль немагчыма атрымаць крэдыт на будаўніцтва жыльля. У адказ Лукашэнка заявіў, што для гэтага трэба несьці заробленыя грошы ў банк, а не трымаць іх у панчохах.

Потым адбылася нарада з гаспадарчым актывам вобласьці. Чакалі, што менавіта падчас гэтага мерапрыемства Лукашэнка назаве прозьвішча новага старшыні Белрасьцейскага гарвыканкаму. Былы кіраўнік гарадзкой вэртыкалі Генадзь Масько яшчэ два тыдні таму напісаў заяву аб сваёй адстаўцы, якую прынялі. Але імя ягонага пераемніка сёньня не прагучала.

Пакуль не пацьвердзіліся чуткі пра тое, што сваіх пасадаў могуць пазбавіцца некалькі намесьнікаў старшыні аблвыканкаму Васіля Даўгалёва.

Затое надзвычай рэзка быў раскрытыкаваны кіраўнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько. Аляксандар Лукашэнка сказаў прысутным, што яму сорамна за дзеяньні гэтага чыноўніка. Апошняя праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіла, што на Беларускай чыгунцы раскралі вялізныя дзяржаўныя сродкі й матэрыяльныя рэсурсы.

Некаторых падначаленых спадара Рахманько абвінавачваюць у выкарыстаньні бюджэтных грошай на будаўніцтва жыльля і набыцьцё асабістага аўтатранспарту.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG