Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАГА ПІВА АМАЛЬ НЕ ПАПІЦЬ


Ігар Карней, Менск

Эканомікі суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў атрымліваюць ад рэалізацыі піва вялізныя дывідэнды. Асобныя гатункі літоўскага, польскага, латыскага, зь нядаўняга часу нават украінскага піва мала чым саступаюць прызнаным нямецкім ды чэскім маркам.

На гэтым тле якасьць беларускага піва заўважна саступае. Да таго ж, беларускае піва імкліва страчвае нават унутраны рынак. Прыкладам, у піўных установах сталіцы знайсьці айчынныя гатункі амаль немагчыма. У аддзеле рэалізацыі харчу Менгарвыканкаму ня ведаюць, чаму склалася такая сытуацыя. Гаворыць Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) "Пытаньне для нас вельмі важнае, бо ад свайго піва ідуць падаткі акцызныя. А гэта — гарадзкі бюджэт. Вядома ж, гарвыканкам зацікаўлены, каб сваё піва прадавалася".

(Карэспандэнт: ) "Дык чаму тады склалася гэткая сытуацыя?"

(Аўрынская: ) "Чаму? Калі бары не камунальныя, а самі сабе гаспадары, у іх свая стратэгія. Мажліва, ім "Балтыка" нешта дае звыш, каб яны гандлявалі толькі гэтай маркай. Цяжка сказаць, уласнасьць жа недзяржаўная. Нейкай адмысловай пастановы на гэты конт у мэрыі няма. Ёсьць пажаданьне гарвыканкаму, каб свая, найперш менская прадукцыя прадавалася, каб акцызы йшлі ў бюджэт. Колькі разоў казаў старшыня гарвыканкаму: трэба сваёй прадукцыяй гандляваць. Але што зробіш, калі гаспадары самі вырашаюць. Выканкам жа ня можа тых жа гаспадароў бараў да чагосьці прымусіць".

У бары "Сьвітанак" раней беларускія гатункі былі заўсёды. Зараз тут прапануюць выключна расейскае піва "Стары мельнік". Заводжу гутарку з адным з наведнікаў.

(Наведнік піўбару: ) "Я наогул аматар разьліўнога піва. Але апошнім часам выпіць нармальнага беларускага разьліўнога піва амаль немагчыма. "Балтыка" запаланіла ўсё. Нібыта ў Беларусі ня ўмеюць варыць піва. Ужо нават нейкае варонескае прывозяць. А што яно, лепшае? Напэўна ж, не".

(Карэспандэнт: ) "Ці вы згодныя, што кошты на расейскае піва неапраўдана высокія?"

(Наведнік піўбару: ) "Натуральна, высокія. Паглядзіце — у Смаленску наша піва каштуе 7 рублёў, а іхнае 12–15. А прыедзеш у Маскву і ўсе 30 аддасі. Яны зараз і тут сваю экспансію праводзяць. Але шчыра трэба сказаць: яны сюды прыйшлі з больш якасным півам. І людзі ж купляюць".

У цэнтры сталіцы патрапіць на беларускае піва амаль немагчыма. Пасьля наведваньня блізу дзясятка пунктаў я знайшоў у "Экспрэс-бары" побач з вакзалам "Аліварыю". Кошт піва ў 4–5 разоў ніжэйшы за расейскія гатункі, што прапануюць побач.

(Гаспадыня экспрэс-бару: ) "У нас дамова з заводам "Аліварыя". Набываем чатыры кегі, якія разыходзяцца за два дні. У нашым бары расейскага піва няма. Ёсьць свае сталыя кліенты. Праблемы толькі тады, калі ідуць футбольныя матчы. Тады наогул піва прадаваць нельга. Але я не разумею гэтай забароны".

Беларускія вытворцы піва адзінагалосна заяўляюць, што аб'ёмы вытворчасьці захаваныя. Чаму няма беларускага піва ў барах — адказваць не бяруцца, спасылаючыся на тое, што кожны сам вольны выбіраць, што прапаноўваць. На бровары "Крыніца" пры гэтым лічаць, што супольны праект з расейскай "Балтыкай" павінен сытуацыю кардынальна выправіць.

(Супрацоўнік "Крыніцы": ) "На прадпрыемстве ідзе вельмі сур'ёзная праца. Ужо да новага году "Балтыка" набудзе пакет акцыяў. Не адбываецца ніякіх падзеяў, якія могуць гэтаму перашкодзіць. Будзе праведзеная дадатковая эмісія пад расейскія інвэстыцыі, пра гэта мы абвесьцім на наступным сходзе акцыянэраў. "Балтыка" атрымае 50% плюс адну акцыю".

Між іншым зьявілася інфармацыя, якая ставіць пад сумнеў захаваньне гандлёвай маркі "Крыніца". Заходнія агенцыі паведамляюць, што грошы, якія ідуць на пераабсталяваньне беларускага бровару, цалкам скандынаўскія, а "Балтыка" ў гэтым выпадку выступае толькі прыкрыцьцём. Такім чынам, спадзявацца на якасны прарыў у галіне менавіта беларускага бровара, выглядае, пакуль зарана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG