Пазыцыя афіцыйнай Беларусі што да барацьбы зь міжнародным тэрарызмам у Эўропе малавядомая. Гэта нават выклікала заклапочанасьць прадстаўнікоў канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Квасьнеўскага, пра што было заяўлена напярэдадні антытэрарыстычнага форуму.
І вось Урал Латыпаў, які ўдзельнічае ў форуме як назіральнік, у інтэрвію тэлеканалу "Polonia" выказаў тыя думкі, якія ў Менску з вуснаў афіцыйнага кіраўніцтва краіны не гучалі. У прыватнасьці, спадар Латыпаў выказаў безумоўную падтрымку антытэрарыстычнай апэрацыі ЗША ў Афганістане:
(Латыпаў: ) "Мы разглядаем вайсковую апэрацыю ЗША ў Афганістане як самаабарончую акцыю, якая праводзіцца згодна з Хартыяй ААН. Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць вайсковую сілу ў барацьбе з тэрарызмам, і мы падтрымліваем гэтую акцыю, але не ваенным спосабам, а выключна ў рамках гуманітарных, палітычных і дыпляматычных, таму што гэта таксама сродкі барацьбы з тэрарызмам", — заявіў Урал Латыпаў.
На пытаньне, якім чынам Беларусь можа далучыцца да гэтай барацьбы, Урал Латыпаў нагадаў пра нядаўнюю рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН у гэтай справе, у рамках якой Беларусь і ўдзельнічае ў міжнароднай кампаніі. Да канкрэтных, вельмі значных прыкладаў такога супрацоўніцтва спадар Латыпаў аднёс намаганьні Беларусі дзеля недапушчэньня кантрабанды праз сваю мяжу зброі ды ядзерных ды іншых небясьпечных матэрыялаў, а таксама нелегальнай міграцыі.
Камэнтуючы апошнія выказваньні прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, скіраваныя на супрацоўніцтва з Захадам у справе барацьбы з тэрарызмам, Урал Латыпаў ня выключыў, што праз 10–12 гадоў Расея далучыцца да НАТО. Беларусь жа, паводле ягоных словаў, гатовая да паглыбленага супрацоўніцтва з НАТО і жадае падпісаць адмысловую дамову на гэты конт.
Ці варта разумець гэтыя заявы як пэўны паварот у замежнай палітыцы Беларусі ў бок Захаду? Вядомы апазыцыйны палітык Станіслаў Шушкевіч лічыць, што не, верыць Латыпаву ня варта:
(Шушкевіч: ) "Гэта вельмі адукаваны чалавек, які добра разьбіраецца ў міжнародных справах, і ён выконвае простае і яснае як Божы дзень даручэньне фактычна дыктатара, каб усімі сіламі легалізаваць дыктатуру ў Беларусі, легалізаваць прэзыдэнта, які сфальсыфікаваў выбары, — і гэта адзін з фрагмэнтаў гэтай работы. І я думаю, што ён можа таго-сяго ўвесьці ў зман. Ніякіх зьменаў у палітыцы Беларусі не адбылося. Перш за ўсё, які можа быць давер ураду, прэзыдэнту, калі ў Беларусі ў наяўнасьці дзяржаўны тэрор?"
(Карэспандэнт: ) "Латыпаў да канкрэтнага ўнёску Беларусі ў міжнародную барацьбу з тэрарызмам аднёс тое, што Беларусь не дапускае, каб яе мяжу перасякала зброя, ядзерныя ды іншыя небясьпечныя матэрыялы. А між тым Беларусь саму абвінавачваюць у нелегальных пастаўках зброі. Чаму вы больш давяраеце?"
(Шушкевіч: ) "Таму, што я лепей ведаю — таму, што Беларусь вучыць у нашых ВНУ прадстаўнікоў самых агідных таталітарных рэжымаў. А што да гандлю зброяй, я, на жаль, ня маю фактаў канкрэтных, але ў мяне няма ніякіх сумненьняў, што гэта вельмі зручная структура, у тым ліку і для расейскіх ястрабаў, дзякуючы якой можна збываць зброю якраз тым рэжымам, якія кіруюцца ў сваёй дзейнасьці ня проста таталітарнымі захадамі, а тэрарыстычнымі".
Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што беларускі ўрад вымушаны ісьці на падобныя заявы ў сувязі з пазыцыяй Расеі. Гэтыя заявы Латыпава — экспартны тавар, лічыць Уладзімер Нісьцюк:
(Нісьцюк: ) "Ужо шмат разоў Аляксандар Лукашэнка за сем гадоў абяцаў, што палітыка Беларусі зьменіцца. Але мы бачым, што нейкі такі вельмі моцны стрыжань стаіць у гэтай палітыцы, які не згінаецца нікуды і не ламаецца... Як толькі рыхтуюцца нейкія сусьветныя вялікія падзеі — як гэты саміт у Варшаве, напрыклад, то адразу ўлада спрабуе неяк зьмякчыць сытуацыю тым, што яна распускае нейкія плёткі пра тое, што нейкія могуць быць перамовы з апазыцыяй, нейкая палёгка ў палітычным жыцьці. Усё робіцца для таго, каб нейкія першыя асобы (а найлепш самая першая асоба) трапілі на такія саміты. Колькі гадоў мы будзем яшчэ чуць гэтыя дэклярацыі? Замест дэклярацыяў трэба хоць нейкі канкрэтны крок".