Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ПРАЦЭС АБ ВЫКРАДАНЬНІ ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На судзе над былым спэцназаўцам Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі завершаны першы этап судовага расьсьледаваньня — допыты пацярпелых. Паводле крыніцаў, два ключавыя пацярпелыя выказалі сумнеў у тым, што Ігнатовіч са сваімі хаўрусьнікамі вінаватыя ў злачынствах, якія ім імкрымінуюць.

Як мы ўжо паведамлялі, першай пра гэта заявіла Сьвятлана Завадзкая. Яна зьвярнула ўвагу суда на тое, што шэраг абставінаў зьнікненьня мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, супярэчаць вэрсіі сьледчых, паводле якой Зьмітра скрала групоўка Ігнатовіча.

За ёй сумненьні адносна вэрсіі пракуратуры выказаў і пацярпелы Аліеў. Пяцёра ягоных сваякоў, у тым ліку малое дзіця, былі забітыя ў сакавіку 2000 году ў кватэры на Партызанскім праспэкце Менску. Пракуратура абвінавачвае ў гэтым злачынстве Ігнатовіча, Гуза і Савушкіна, але тыя адмаўляюцца. Ігнатовіч, прыкладам, ужо ў судовай залі назваў такія абвінавачаньні "бяспраўем".

Між тым, паводле сьледчых, пацярпелы Аліеў напярэдадні злачынства бачыў побач са сваім домам аўтамабіль Гуза, і гэта лічыцца ледзь не асноўным доказам віны так званай групоўкі Ігнатовіча за гэтыя 5 забойстваў. І вось цяпер Аліеў фактычна не пацьвердзіў былых паказаньняў. Ён нават заявіў, што, на ягоную думку, доказаў недастаткова.

Цікавымі таксама былі прызнаньні Аліева ў тым, што ў сакавіку–красавіку 2000 году яго трымалі ў сьледчым ізалятары па падазрэньні ў арганізацыі забойства сваякоў, і выйшаў ён на волю пасьля таго, як даў паказаньні на абвінавачанага Гуза.

Красамоўным фактам з працэсу ёсьць тое, што адзін з пацярпелых, спадар Барысаў з Жодзіна, на суд упарта не зьяўляецца. Ён кажа, што баіцца помсты абвінавачаных. Але пакуль суд ня мае фактаў, якія б пацьвярджалі рэальнасьць пагрозаў.

А вось на працэсе ў Кастрычніцкім раённым судзе Менску супраць пяцёх сьледчых, якія зьбівалі затрыманых, пацярпелыя аб'ядналіся і накіравалі ў гарадзкую пракуратуру ліст пра тое, што іх прымушаюць адмовіцца ад паказаньняў. Скарга разглядаецца, а пакуль у судзе абвешчаны перапынак. І працэс у гэтай справе, і суд над групоўкай Ігнатовіча адновяцца 8-га лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG