Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БРЭСЦКІ КУР’ЕР” ВЫКІДАЮЦЬ З ГАРАДЗКОЙ ДРУКАРНІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Чарговы нумар газэты "Брестский курьер" мусiць быць надрукаваны 6 лiстапада. Але сёньня ранiцай за подпiсам дырэктара Берасьцейскай друкарнi Васiля Каленiкава ў рэдакцыю трапiў адмысловы лiст.

Ліст паведамляе, што паколькi "Брестский курьер" атрымаў папярэджаньне аб парушэньнi Закону аб друку й iншых сродках масавай iнфармацыi", друкарня часова (з 5-га лicтапада) спыняе друкаваньне гэтага выданьня. Аднавiць выпуск газэты на вытворчых магутнасьцях Берасьцейскай друкарнi дырэктар гэтай установы лiчыць магчымым толькi зь пiсьмовага дазволу ўпраўленьня па друку Берасьцейскага аблвыканкаму.

Папярэджаньне, пра якое iдзе размова, вынесьлі газэце "Брестский курьер" яшчэ 21 верасьня. Дзяржкамдрук абвiнавацiў незалежнае выданьне ў тым, што надрукаваўшы напярэдаднi выбараў зварот пад назовам "Спынiце цкаваньне дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублiкi Беларусь!" газэта нiбыта парушыла закон.

Рэдакцыя абскардзiла гэтае рашэньне ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусi. Адтуль па фармальных прычынах справу вярнулі на адрас "Брестского курьера". Рэдакцыя падрыхтавала новую скаргу, але не чакаючы канчатковага судовага рашэньня, берасьцейскiя ўлады зьбiраюцца спынiць выхад незалежнага выданьня. У тым, што менавiта мясцовая вэртыкаль зацiкаўленая ў такiм разьвiцьцi падзеяў, не сумняваецца i галоўны рэдактар "Брестского курьера" Мiкалай Аляксандраў:

(Аляксандраў: ) "Я не лiчу, што гэта асабicтая iнiцыятыва дырэктара друкарнi Васiля Каленiкава. Справа ў тым, што Берасьцейская друкарня толькi юрыдычна лiчыцца акцыянэрным таварыствам: самой друкарнi належыць нязначная колькасьць акцыяў. Уся асноўная маёмасьць належыць Берасьцейскаму аблвыканкаму. Я мяркую, што iнiцыятараў трэба шукаць не ў друкарнi".

На думку галоўнага рэдактара "Брестского курьера", на Беларусi ствараецца прэцэдэнт, калi спынiць выхад газэты са спасылкай на наяўнасьць папярэджаньня Дзяржкамдруку, можа непасрэдна кiраўнiцтва друкарнi.

У рэдакцыi "Брестского курьера" не выключаюць, што калi становiшча ня зьменiцца, друкаваць чарговы нумар газэты прыйдзецца па-за межамi роднага гораду, бо ў Берасьцi зараз iснуе толькi адна зарэгiстраваная друкарня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG