Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЛЕКТРОННАЙ ПОШЦЕ -- 30 ГАДОЎ.


Вольга Караткевіч, Прага

Пачнем перадачу з апытаньняў у Сеціве, у якіх актыўна бяруць удзел наведнікі. Традыцыйна вельмі актыўна адказваюць на пытаньні сайтаў Белорусской деловой газеты – www.bdg.by і Радыё Свабода www.svaboda.org . Нашае Радыё цікавілася, ці пагражаюць Беларусі тэракты з боку мусульманскіх фундамэнталістаў? 80 працэнтаў чытачоў сайту адказалі адмоўна. А зараз Вы можаце сказаць, ці адзначаеце Дзяды. Ужо на гэты момант пераважная большасьць адказала станоўча. БДГ закранула актуальную тэму пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра крымінальных аўтарытэтаў пытаньнем: “Ці верыце Вы ў тое, што Аляксандар Лукашэнка пэрсанальна зь імі кантактаваў?” Амаль 50 працэнтаў адказалі: “Так”. 25 – “Гэта ў ягоным стылі”. А нехта заўважыў: “Ён сам – Лукашэнка – дастаткова аўтарытэтны”.

І яшчэ пра адно апытаньне, якое ўзяло маю ўвагу. Радыё Рацыя цікавілася, на якой мове, паводле наведнікаў сайту, радыё павіннае вяшчаць. 90 працэнтаў сказалі: “Па-беларуску”. 8 працэнтаў выступілі за дзьвюхмоўе. Вы можаце далучыць свой голас: www.racja.pl

Сёлета электроннай пошце спаўняецца 30 гадоў. Восеньню 1971 году Рэй Томлісан стварыў праграму, якая дазволіла дасылаць паведамленьні ўнутры кампутарнай сеткі. Ён не памятае тэксту першага электроннга лісту: проста набіраў на клявіятуры сымбалі, што прыходзілі ў галаву. Тады малады інжэнер яшчэ не ведаў, што гэтая абракадабра ўвойдзе ў гісторыю.

Электронную пошту лічаць самым карысным дадаткам да Інтэрнэту. Дзякуючы ёй тысячы, а пасьля мільёны людзей пачалі карыстацца глябальнай сеткай як для прыватнага кантактаваньня, так і для дзелавых патрэбаў. Перавагі над іншымі відамі камунікацыі відавочныя: яна танная, паведамленьні даходзяць хутчэй за тэлеграф, ня кажучы ўжо пра традыцыйныя капэрты, прачытаць ліст зь віртуальнай скрыняй, у адрозьненьне ад факсу, можна ў любой кропцы зямной кулі, дзе ёсьць Інтэрнэт.

Паводле некаторых дадзеных, сёньня ў сьвеце налічваецца больш за паўмільярды паштовых скрыняў, а лік электронных лістоў, якія адсылаюцца штодня, ідзе на мільёны.

Электронная пошта ў Беларусі – гэтую тэму ў Беларусі дасьледаваў Ягор Маёрчык.

(Маёрчык: ) “Электронную пошту можна падзяліць на 2 катэгорыі: карпаратыўная (звычайна ёй карыстаюцца для дзелавых патрэбаў) і прыватная вэб-пошта. Найбольшы распаўсюд у Беларусі мае апошняя.

Бясплатныя службы з нацыянальным даменным імём можна пералічыць на пальцах адной рукі. Па колькасьці адкрытых скрыняў (65 тысячаў) і набору паслугаў найбольш удалым паштовым праектам можна лічыць партал www.tut.by.

Але і ягоны генэральны мэнэджэр Кірыл Валошын можа толькі здагадвацца колькі людзей ў Беларусі карыстаецца электроннай поштай.

(Валошын): "Калі лічыць што ў Беларусі сапраўды 100 тысячаў карыстальнікаў Інтэрнэту, (хаця на мой погляд рэальна іх крыху меней) то можна дадаць зь дзясятак тысячаў, і атрымаецца колькасьць карыстальнікаў электроннай пошты. Вэб-пошта, насамрэч, у Беларусі вельмі добра разьвітая".

Праўда, усё часьцей беларускія карыстальнікі рэгіструюць паштовыя скрыні на расейскіх сайтах альбо на старонках міжнародных парталаў. І такім чынам замест папулярызацыі Беларусі і ейнага даменнага імя .by, робяць рэкляму Інтэрнэт-прасторам іншых краінаў. Сытуацыю тлумачыць Кірыл Валошын:

(Валошын): "Палітыка прадастаўленьня даменных імёнаў у Беларусі – даволі дзіўная. Яго можа атрымаць толькі юрыдычная асоба, і каштуе яно ня вельмі танна: у 2-3 разы даражэй, чым сайт у міжнароднай бізнэс-зоне .com. Адпаведна даменаў .by ня вельмі шмат. Да таго ж, як гэта ня дзіўна, прадпрыемствы, усталёўваючы інтэрнэт, не набываюць такую паслугу, як электронная пошта. Праблемы з рэгістрацыяй даменаў не зусім уплываюць на колькасьць прыватных паштовых скрыняў, у той час як на колькасьць карпаратыўных – безумоўна.

Электронная пошта ў тэхналягічна разьвітых краінах існуе за кошт рэклямы. Укладаньне грошай гарантуе вялікая аўдыторыя: мільёны карыстальнікаў, якія штодня наведваюць сайт, каб праверыць віртуальную скрыню. На гэтым тле сытуацыя у Беларусі выглядае ня вельмі добра:

(Валошын): "Самая галоўная праблема – у нізкім узроўні разьвіцьця інтэрнэту ўвогуле. Адзін адсотак насельніцтва карыстаецца ім. І прыбытку, як вы разумееце, з такой ступеньню распаўсюду сеткі, атрымаць немагчыма. Каб інтэрнэт-рэкляма пачала прыносіць грошы, колькасьць карыстальнікаў павінна складаць 10 адсоткаў, а ў выпадку з электроннай камэрцыяй – траціну. Гэтых лічбаў, я думаю, нам не пабачыць яшчэ гадоў дзесяць".

Такім чынам, у Беларусі электронная пошта зьяўляецца люстэркам разьвіцьця інтэрнэту ў Беларусі. У сваю чаргу ступень распаўсюду ўсясьветнага сеціва паказвае на дабрабыт жыхароў краіны.

(Каткоўскі: ) “Імя ня мусіць адыгрываць ніякай ролі. Самае галоўнае тое, каб даносіўся нейкі зьмест.Я час ад часу рабіў розныя допісы на форум Тут. Бай і падпісваўся “супрацоўнік камітэту дзяржаўнай бясьпекі”, каб людзі не баяліся, што гэта нейкі супрацоўнік. Для гэтага і ўзьнікла Эсмэральда, Рыдэль, усе яны мелі свае, скажам, характары”.

(Караткевіч: ) “Гавораць пра тое, што ўдзел у гэтых форумах – нейкі магнэтызм, чалавек фактычна, калі далучаецца да гэтага, ня можа пасьля адмовіцца?”

(Каткоўскі: ) “Так, гэта прысутнічае. Пра гэта сьведчыць і мой рахунак за Інтэрнэт, сапраўды ёсьць такая прыцягальнасьць, бо адбываецца размова, гутарка на зусім іншым узроўні. Можна ўзьняць некаторыя пытаньні, якія ты, седзячы дома ці выходзячы на дэманстрацыю, пікет ніколі ня зможаш. Больш прыемны форум – гэта “Дранікі”, на маю думку, найбольш ветлівыя людзі, стыль вядзеньня размовы, адчуваецца ўзровень інтэлекту людзей, ня толькі нехта нейкую пахабшчыну піша”.

(Караткевіч: ) “Вы сказалі пра стыль вядзеньня размовы. Ці можна гаварыць пра тое, што ўжо ў беларускім Інтэрнэце ёсьць такое паняцьце як стыль вядзеньня гутаркі?”

(Каткоўскі: ) “Увогуле фармуюцца розныя суполкі. Ёсьць людзі, якія кажуць: “Я буду хадзіць толькі на Дзеда Талаша ці Дранікі, ёсьць людзі, якія задаволеныя ўзроўнем вядзеньня гутаркі на Тут. Бай. Сапраўды, фармуецца свой віртуальны сьвет”.

(Караткевіч: ) “Я хацела спытацца наконт гэтай праблемы, якая Вас так закранула – гэта мова часопісу “Кур’ер”. Зразумела, што шмат дакораў у бок выданьняў, якія пачыналі цалкам па-беларуску, як газэта “Наша Свабода”, іншыя. Пасьля перайшлі напалову на расейскую мову. Чаму Вы вынесьлі гэтую праблему ў Сеціва, у Інтэрнэт?”

(Каткоўскі: ) “Сапраўды, ён можа мець уплыў. Дзеля прыкладу, а ў гэтым вінаватая Эсмэральда, успомнім выпадак з вэб-старонкай Нашай Нівы. Уладзя Бараніч, які зьяўляецца вэб-майстрам Нашай Нівы, неяк скасаваў паведамленьне ў госьцявай кнізе Нашай Нівы, а я ўзяў і напісаў такую нататку на форум Дзеда Талаша: што ж адбываецца ў Нашай Ніве? Такая нечаканая цэнзура ў госьцевай кнізе. А ў допісе ішла крытыка самога вэб-сайту. У выніку Ўладзя Бараніч на некалькі тыдняў пайшоў і сказаў, што больш, маўляў, працаваць вэб-майстрам ня буду. Гэта літаральна 30 сэкундаў – напісаць такі допіс, але такія зрухі робіць!”

(Караткевіч: ) “Мяне з усіх імёнаў Інтэрнэтных гэтая Эсмэральда надта закранула...”

(Каткоўскі: ) “Адна з прычынаў: Эсмэральда – гэта жаночае імя, жаночая мянушка, а гэта на форумах заўсёды лепш: цябе больш уважліва чытаюць, табе нахабна значна меней адказваюць, пішаш тыя ж самыя думкі, але, калі яны напісаныя мужчынскім пэрсанажам, табе могуць сказаць “ідзі куды падалей”.

Апошняя тэма перадачы – дасягненьні беларускіх вэб-майстроў. Беларусь выйшла на афрыканскі Інтэрнэт-рынак. Менская студыя вэб-дызайну Рэд-Графік распрацавала найбуйнейшы кенійскі пошукавы партал www.ikenya.com . На распрацоўку нацыянальнага пошукавага партала Кеніі пайшло каля паўтара месяца. Распавядае капірайтэр Рэд Графік Надзея Зелянкова:

(Зелянкова: ) “На нашым сайце заказчык запоўніў звычайную форму афармленьня заказаў. Наколькі нам вядома, заказчык – гэта адзін з буйнейшых кенійскіх правайдэраў, ён праводзіў нешта накшталт тэндэра. Яны зьвярталіся да многіх распрацоўшчыкаў, у тым ліку амаль да ўсіх распрацоўшчыкаў. Я думаю, што мы атрымалі гэты заказ не з-за таго, што, напрыклад, узровень цэнаў наш можна было параўнаць з кенійскімі прапановамі, а менавіта з-за якасьці нашых распрацовак. Адзін з нашых праектаў – гэта пошукавая сыстэма беларускага Інтэрнэту www.poisk.com

(Караткевіч: ) “Вы распрацоўвалі пошукавы партал Кеніі. Ці былі нейкія адмысловыя патрабаваньні, ці можна сказаць, што патрабаваньні да гэтага праекту былі адрозныя ад таго, напрыклад, як выглядаюць расейскія пошукавыя парталы, эўрапейскія?”

(Зелянкова: ) “Усе рэсурсы гэтага парталу абумоўленыя становішчам у Кеніі. Калі вы паглядзіце на першую старонку, там ёсьць колькасьць рэсурсаў па кожнай тэматыцы. І тэматыка турызм там, мне здаецца, каля 280 рэсурсаў. Гэта больш, чым ва ўсіх астатніх аддзелах гэтага каталёгу. Гэты партал павінен быў візуальна быць экзатычным і прывабліваць менавіта турыстаў. Ён павінен быў перш за ўсё адлюстроўваць саму прыроду Кеніі, экзотыку гэтай краіны”.

(Караткевіч: ) “Надзея, у мяне будзе такое крыху прыватнае пытаньне: пэрсанальна Вы якія сайты наведваеце, калі адчыняеце Інтэрнэт?”

(Зелянкова: ) “У беларускім Інтэрнэце я цікаўлюся перадусім інфармацыйнымі рэсурсамі, гэта БДГ, дарэчы, зараз мы фактычна скончылі распрацоўку праекта для он-лайн вэрсіі газэты БДГ”.

Даведка: “Кенія – былая калёнія Вялікай Брытаніі. Кіраўнік дзяржавы – прэзыдэнт. Заканадаўчы ворган – Нацыянальная асамблея. Дзяржаўныя мовы Кеніі – суахілі і ангельская. Сталіца Кеніі – Найробі. Кенію насяляюць больш за 26 мільёнаў чалавек. Там вельмі разьвіты Інтэрнэт і адзні з самых высокіх у сьвеце тэмпаў натуральнага прыросту насельніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG