* ЛЁНДАН. У нядзелю ў Лёндане з удзелам кіназорак і крытыкаў адбылася ўсясьветная перадпрэм’ера фільму «Гары Потэр і філязофскі камень» паводле кнігі 35-гадовай брытанскай пісьменьніцы Джоан Роўлінг. Усясьветная прэм’ера адбудзецца 16 лістапада. Фільм, пастаўлены рэжысэрам Крысам Калумбусам, поўны спэцыяльных эфэктаў, ягоная пастаноўка каштавала каля 150 мільёнаў даляраў. Джоан Роўлінг адмовілася ад супрацоўніцтва з рэжысэрам Стывэнам Спілбэргам, які прапанаваў замест актора выкарыстаць у галоўнай ролі постаць, створаную кампутарам. Дагэтуль выйшлі ўжо чатыры кнігі прыгодаў Гары Потэра – сіраты з надзвычайнымі здольнасьцямі, які вучыцца ў школе чарадзеяў. Аўтарка плянуе напісаць яшчэ тры тамы.
* ЛЁС-АНДЖЭЛЕС. У Лёс Анджэлесе абвешчаныя ляўрэаты сёлетніх прэміяў «Эмі». Найлепшым ужо другі год запар прызнаны тэлесэрыял «Заходняе крыло» – пра жыцьцё і дзейнасьць амэрыканскага прэзыдэнта. Найлепшай камэдыяй прызнаны сэрыял «Сэкс і горад». Прызы за найлепшыя мужчунскую і жаночую ролі атрымалі выканаўцы галоўных роляў сэрыялу «Сям’я Сапрана» Джэймс Гандальфіні і Эдзі Фалка. 53-цяя цырымонія ўручэньня прызоў «Эмі» першапачаткова мелася адбыцца 14 верасьня і была двойчы адкладзеная ў сувязі з тэрарыстычнымі нападамі.
* НЮРНБЭРГ. Ад панядзелка ў комплексе нацыстоўскіх партыйных зьездаў у Нюрнбэргу адкрыўся для шырокай публікі Цэнтар Дакумэнтацыі. У ягоным адкрыцьці ўзяў удзел фэдэральны прэзыдэнт Нямеччыны Ёганэс Раў. У паўночным корпусе комплексу працуе адмысловая выстава «Захапленьне і гвалт», дзе на прыкладзе гісторыі зьездаў Нацыянал-Сацыялістычнай Рабочай Партыі Нямеччыны паказваюцца мэханізмы нацыстоўскай прапаганды. Зьезды партыі нацыстаў, якія ў 1933-1938 гадох штогод у верасьні адбываліся ў Нюрнбэргу, зьбіралі кожнага разу да мільёну гледачоў. На думку прэзыдэнта Раў, адкрыцьцё выставы мае асаблівае значэньне сёньня, калі каштоўнасьцям свабоды і дэмакратыі пагражаюць сілы міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму.
* УРОЦЛАЎ. У вроцлаўскай ратушы адчынілася выстава графікі славутага амэрыканскага мастака русінскага паходжаньня Энды Ўоргала. Усяго на выставе экспануецца 80 працаў скандальна вядомага мастака. Адкрывае выставу папяровы пакет з выявай бляшанкі супу «Кэмпбэл». Адзін з самых каштоўных экспанатаў выставы – партрэт Мао Цзэдуна. Выстава графікі Ўоргала працягнецца ў Вроцлаве да канца лістапада, пасьля гэтага творы будуць выстаўляцца ў Варшаве і Гданьску.
* ЛЬВОЎ. У Львове будзе адрэстаўраваны помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя Палац Патоцкіх . Рэстаўрацыйныя працы працягнуцца да наступнай вясны. Агульны кошт праекту складзе амаль 2 мільёны даляраў. У будынку будзе разьмешчаная экспазыцыя эўрапейскага жывапісу XVIII стагодзьдзя са збораў Львоўскай карціннай галерэі. Палац Патоцкіх пабудаваны ў 1878 годзе зь інтэр’ерамі ў стылі Людовіка XVI. Агульная плошча памяшканьняў складае 10 тысячаў квадратных мэтраў. Ад часу пачатку савецкай акупацыі Львова палац ніколі не рамантаваўся. У ім быў разьмешчаны Палац Шлюбаў.