Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНАВІЎСЯ РОК-ГУРТ “СУЗОР’Е”


Юрась Барысевіч, Менск

Менскі гарвыканкам пастанавіў перадаць парк культуры й адпачынку імя Максіма Горкага, парк Чалюскінцаў і парк 50-годзьдзя Кастрычніку на балянс камунальнага прадпрыемства "Менскзелянбуд". Раней менскімі паркамі кіравала Ўправа культуры гарвыканкаму. Улады спадзяюцца, што "Менскзелянбуду" спатрэбіцца менш сродкаў на эксплюатацыю і заплянаваную перабудову паркаў.

У маскоўскім клюбе "Авторник" прайшла вечарына сучаснае беларускае літаратуры з удзелам васьмёх аўтараў авангарднае прозы й паэзіі зь Менску й Магілёву. Наладзіў вечарыну расейскі Зьвяз маладых літаратараў "Вавилон", які шукае матэрыял для выданьня "Анталёгіі новай літаратуры краінаў СНД". Паэт Зьміцер Вішнёў паказаў на вечарыне пэрформанс "Новае прышэсьце дыктатуры": выклаў з расейскіх яек свастыку й паліў яе беларускім кетчупам.

Пры кінатэатры "Перамога" пачаў дзеяць кінаклюб "Спадчына". Першай ягонай акцыяй стаўся паказ школьнікам дакумэнтальнага фільма "Эўфрасіньня Полацкая" і лекцыя пра славутую асьветніцу, зь якой выступілі супрацоўнікі Дзяржаўнага музэю гісторыі й культуры. А з 1 па 6 лістапада тут дэманструюцца беларускія мультфільмы й праходзяць творчыя сустрэчы зь іхнымі аўтарамі.

На міжнароднай біенале сучаснага мастацтва, што пачалася ў польскім горадзе Шчэцін, Беларусь прадстаўляе вядомы сваімі эпатажнымі праектамі мастак Артур Клінаў. Гэтым разам Клінаў абсталяваў адну з заляў мастацкага музэю мэбляю і манэкенамі, зробленымі з саломы паводле ўзораў эпохі барока. Твор мае назоў "Экалягічнае жыцьцё" і адлюстроўвае недавер эўрапейцаў да штучных матэрыялаў. Спрошчаны варыянт гэтае інсталяцыі Клінаў з посьпехам паказваў сёлета ў галяндзкіх галерэях.

У менскай кавярні "Сузор'е" прайшоў канцэрт адноўленага аднайменнага рок-гурту. Гурт "Сузор'е" быў вельмі папулярны ў пачатку 1980-х, выконваў сярод іншага творы беларускае клясыкі — сярэднявечныя мэлёдыі з "Полацкага сшытку" і "Песьню пра зубра" — але ў 1983-м годзе ўлады з ідэалягічных меркаваньняў забаранілі яму выступаць. Цяпер музыкі зноў зьядналіся, выпусьцілі два кампакт-дыскі з архіўнымі запісамі і мяркуюць даць яшчэ прынамсі некалькі канцэртаў у менскіх клюбах.

Менчукі Алена Сяркульская і Ўладзімер Зябраў здабылі залатыя мэдалі чэмпіянату Эўропы ў танцах у інвалідных вазках, які праходзіў у галяндзкім горадзе Арнхэне. Дуэт Сяркульская–Зябраў быў прызнаны лепшым ва ўсіх пяцёх танцах конкурснае праграмы. Летась гэтая пара перамагла на чэмпіянаце сьвету, што адбываўся ў сталіцы Нарвэгіі Осьлё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG