Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Як вядома, на мінулым тыдні пачаўся працэс над групоўкай спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча, якую абвінавачваюць таксама і ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

З прычыны галадоўкі Ігнатовіча, які не прызнае сябе вінаватым, суд на некалькі дзён прыпынялі, і вось у мінулы чацьвер слуханьні аднавіліся. Ужо ўзяліся за эпізод пра Зьмітра Завадзкага. Пакуль толькі заслухалі паказаньні ягонай жонкі Сьвятланы і маці Вольгі Дзьмітрыеўны. Жанчыны паведамілі суду цікавыя падрабязнасьці, якія разыходзяцца з вэрсіяй сьледчых па гэтай справе.

Нагадаю, сьледчыя пракуратуры лічаць, што групоўка Ігнатовіча скрала Завадзкага па дарозе ў аэрапорт Менск-2. Між тым сваякі Зьмітра ня лічаць, што гэтая вэрсія праўдзівая. Магчыма, суд зацікавіцца іхнымі меркаваньнямі. Ва ўсякім разе ўдзельнікі працэсу кажуць, што апошнім часам суд даволі настойліва і непрадузята разьбіраецца ў дэталях справы.

А вось у справе Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага нават набліжэньня да суду ня бачна. Наадварот, паўстаюць новыя факты, якія супярэчаць заявам уладаў пра жаданьне знайсьці гэтых зьніклых.

У прыватнасьці, днямі кіраўнік Беларускага нацыянальнага бюро Інтэрполу Ліцьвінаў заявіў, што Ганчара і Красоўскага гэтая міжнародная арганізацыя не шукае. Дарэчы, сёлета напачатку году беларускія прадстаўнікі Інтэрполу ўжо рабілі такое ж прызнаньне адносна Юрыя Захаранкі. Яго таксама не шукаюць. Спасылаюцца на тое, што адпаведны запыт ня робяць беларускія праваахоўчыя органы, а бяз гэтага абвесьціць чалавека ў міжнародны вышук немагчыма.

Добра, ня хочуць беларускія ўлады шукаць зьніклых апазыцыянэраў з дапамогай замежных адмыслоўцаў, адмаўляюцца далучаць да пошукаў міжнародную камісію — дык хай бы самі рабілі ўсё магчымае. Паглядзім, што ж новага зрабіла сьледзтва.

Два тыдні таму я паведамляў, што сьледчы па справе Ганчара і Красоўскага Сяргей Новікаў нібыта ўзяўся дапытваць байцоў спэцназу, якія маглі мець дачыненьне да злачынства, а таксама плянуе дапытаць спадароў Шэймана, Сівакова і генэрала міліцыі Лапаціка, які ў сваім рапарце называў гэтых спадароў верагоднымі ініцыятарамі зьнікненьня. Што зьмянілася за два тыдні?

Я патэлефанаваў сьледчаму Новікаву. На маё пытаньне ён адрэагаваў імгненнай адмовай даваць любую інфармацыю.

Але галоўная праблема ня ў тым, што няма зьвестак, а ў тым, што няма дзеяньняў. Зінаіда Ганчар пацьвердзіла, што ёй нічога невядома пра допыты спэцназаўцаў, але яна дакладна ведае, што генэрала Лапаціка, аўтара вядомага рапарта пра датычнасьць да справы Шэймана і Сівакова, таксама не дапытвалі.

Што да спэцназаўцаў, то вось што стала вядома мне. Напачатку тыдня я сустракаўся з былым кіроўцам брыгады спэцназу МУС Віталём Мяцельскім. Гэта той Мяцельскі, які паводле касэты Ўгляніцы і Жарнасека нібыта чуў, як забівалі Ганчара і Красоўскага, а потым размаўляў зь людзьмі, што закопвалі ў лесе іхныя целы і "Джып".

Праўда, мне гэтага Мяцельскі не пацьвердзіў, сказаў, што нічога такога не было, усё за яго прыдумалі Ўгляніца і Жарнасек перад тым, як зьбегчы за мяжу. Магчыма і так — але чаму, паводле Мяцельскага, яго ніхто з пракуратуры не дапытаў? Чаму дагэтуль ім ніхто не пацікавіўся, не параўнаў ягоныя паказаньні зь іншымі зьвесткамі?

Алег Алкаеў, былы начальнік менскага сьледчага ізалятара, які, як і генэрал Лапацік, зьвяртаўся да кіраўніцтва міліцыі з рапартам пра магчымую датычнасьць Шэймана, Сівакова, Паўлічэнкі да зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, не выключае, што гэты сьведка напраўду нешта ведае, але маўчыць. Проста адна справа, калі ў чалавека бяруць інтэрвію, і за свае словы ён не нясе ніякай адказнасьці, і зусім іншае — афіцыйны допыт.

(Алкаеў: ) "Яны яму зараз загатоўку даюць — канечне, ён так скажа. Вы ж ня сьледчы. А пытаньне трэба пачынаць з такога моманту: дзе вы былі 16 верасьня 1999 году? Ён жа не нясе крымінальнай адказнасьці за тое, што вам распавёў, разумееце".

Алег Алкаеў назваў хлусьнёй словы Мяцельскага пра тое, што камандзір брыгады спэцназу Паўлічэнка не карыстаўся службовым "BMW" чырвонага колеру. Нагадаю, паводле сьведкаў захопу Захаранкі, ягоныя захопнікі якраз прыехалі на чырвонай машыне. Мяцельскі жа сьцьвярджаў, што чырвонай"BMW" у частцы не было. Пачуўшы гэта, Алкаеў упэўнена заявіў:

(Алкаеў: ) "Чырвоная "BMW" — што тут гадаць, яе ж усе ведалі. Нумар — нешта такое 0222, шмат двоек, памятаю. Ён мне на гэтай машыне сустракаўся раніцай, калі я на працу ехаў. Зараз, канечне, яны гэтую машыну кудысьці, відаць, запхнулі..." — лічыць Алег Алкаеў.

А тое, што сьведкаў не выклікаюць на допыты, ён называе сьвядомай палітыкай. "Яны ж добра разумеюць, што ў сьледчага на пратакол многія пабаяцца хлусіць і пачнуць казаць праўду. Таму лічаць за лепшае проста не чапляць гэтых людзей", — мяркуе Алег Алкаеў.

Сам Алкаеў заявіў на гэтым тыдні нашаму радыё, што калі б ён меў паўнамоцтвы генэральнага пракурора, то яму б хапіла двух месяцаў на тое, каб раскрыць гэтае злачынства. "Калі Лукашэнка сапраўды жадае знаць, куды падзеліся Захараніка, Ганчар і Красоўскі, хай прызначыць мяне на гэты тэрмін генэральным пракурорам. Гатовы папрацаваць нават задарма", — сказаў Алкаеў Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG