Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕВЯДОМЫЯ МАГІЛЫ АХВЯРАЎ І КАТАЎ


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Са мной побач у студыі мой калега Аляксандар Лукашук, які быў у ліку арганізатараў “Мартыралёгу Беларусі”, зьяўляўся сябрам камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў; плёнам ягонай працы ў архівах сталі некалькі кніг і дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных палітычным рэпрэсіям у Беларусі. Аляксандар, што мы ведаем з дакумэнтаў пра месцы масавых пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў?”

(Лукашук: ) “Ненашмат больш, чым пра верагодныя месцы пахаваньня вядомых людзей, якія зьніклі ў Беларусі за апошнія два гады. Вядомыя некаторыя месцы пахаваньняў – але заўсёды дзякуючы людзкой памяці, працы археолягаў, а не архіўным дакумэнтам. Але гэта не азначае, што такіх дакумэнтаў не было.

Наркамат унутраных справаў быў моцна бюракратызаванай арганізацыяй, і падрабязна дакумэнтаваў сваю дзейнасьць. Тут дзьве праблемы: захаванасьці дакумэнтаў і доступу да архіву. Падчас кароткай адлігі ў канцы 1991-1992 гадоў, каілі дасьледчыкі мелі доступ да архіву КГБ, яны – і я у тым ліку – ніколі ня мелі доступу да каталёгу. Мы проста ня ведалі, што ёсьць у гэтым архіве, бо замовіць матэрыялы можна было толькі паводле прозьвішча. Так рабілі сваякі ахвяраў, якія прыходзілі ў прыёмную КГБ на вуліцы Камсамольскай і ім паказвалі нейкія часткі справаў забітых. Як сябра камісіі Вярхоўнага Савету, я, як і дасьледчыкі з Акадэміі Навук, Саюзу Пісьменьнікаў, навучальных установаў маглі замовіць некаторыя справы – але таксама трэба было ведаць імя чалавека. Атрымаць матэрыялы можна было толькі з рук спэцыяльнага супрацоўніка. Але ж напэўна там былі іншыя архівы – перапіска, дакумэнтацыя аддзелаў, службаў, раённых управаў, у тым ліку расстрэльнай каманды. Пазьней старшыня КГБ генэрал Шыркоўскі заявіў, што КГБ – гэта ня хата-чытальня, і абмежаваны доступ у архівы стаў яшчэ больш абмежаваным. Кіраўніцтва КГБ пры гэтым заяўляла, што ніякіх дакумэнтаў пра месцы расстрэлаў не захавалася”.

(Ціхановіч: ) “Наколькі верагодна, што дакумэнтальныя зьвесткі ўсё ж засталіся?”

(Лукашук: ) “У 50-я гады, пасьля сьмерці Сталіна і арышту Берыі, з архівамі “працавалі”. Мне расказваў адзін былы чэкіст, які служыў тады на Поўначы, як яны, маладыя лейтэнанты ГБ, цягалі мяхі з картатэкай – справамі ахвяраў – у кацельню, і палілі там. Памятаю, ён скардзіўся, што дрэнна гарэлі – былі туга спрэсаваныя. У адзін мех ўваходзіла да 10 тысячаў картак. Я таксама бачыў у архіўных справах спробы выкрасьліць, замазаць імёны тайных асьведамляльнікаў, якія датуюцца тым самым часам. Але калі гаварыць пра дакумэнтальныя сьляды месцаў расстрэлаў – яны, безумоўна, засталіся. Напрыклад, справаздачнасьць гаражу і мэханічных майстэрняў НКВД, выдачы рыштунку, расклады дзяжурстваў – пры дастатковай колькасьці падобных ускосных дакумэнтаў можна знайсьці усё, што заўгодна – было б жаданьне”.

(Ціхановіч: ) “Такім чынам, у дзясяткі месцаў пахаваньня сёньня, на Дзяды, ніхто ня прыйдзе – бо невядома, куды дакладна ісьці”.

(Лукашук: ) “Гэта так. Сёньня многія ня ведаюць, куды ісьці. Можна проста паставіць сьвечку ў сваім акне ў памяць ахвяраў, гэта будзе годна і дарэчы. Тут ёсьць яшчэ адна акалічнасьць – у гэтых месцах масавага пахаваньня ляжаць і людзі, якія самі працавалі ў НКВД ці партыйных ворганах, праводзілі раскулачваньне, высылкі ў Сыбір, арганізоўвалі рэпрэсіі, пакуль самі не патрапілі ў іх жорны. Камуністаў не хавалі на спэцмогілках, кідалі ў тую ж яму. Я не прыхільнік выслоўя, што сабаку сабачая сьмерць. Але не выпадае дараваць, зьмяшаць у адно памяць пра катаў і ахвяраў. Каты засыпалі магілы, палілі дакумэнты, арыштоўвалі архівы з адной мэтай – каб пра гэта ня помнілі, каб можна было ім надалей рабіць сваю справу. І апошнім часам, пасьля зьнікненьняў вядомых у Беларусі людзей – Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага, такая памяць – таксама адметнасьць нашых беларускіх Дзядоў на пачатку ХХІ стагодзьдзя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG