У зьезьдзе, што пачаўся сёньня ў канцэртнай залі "Мінск", бяруць удзел каля сямісот дэлегатаў з розных рэгіёнаў. Арганізатары не рыхтавалі папярэдне ніякіх праектаў рэзалюцыяў. На іхную думку, тэксты рэзалюцыяў выпрацуюць цягам сёняшняга дня самі дэлегаты, а заўтра, пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі й міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна, гэтыя дакумэнты мусяць быць зацьверджаныя.
Адкрываючы зьезд, Пётар Брыгадзін сказаў, што настаўнікі павінны асэнсаваць цяперашняе становішча нацыянальнай адукацыі й вызначыць галоўныя прыярытэты.
Цікава, што ў прэзыдыюм зьезду разам з Брыгадзіным ды іншымі высокімі чыноўнікамі быў запрошаны й рэктар БДУ Аляксандар Казулін, які ўвогуле на зьезьдзе не зьявіўся. Пасьля, у кулюарах, дэлегаты казалі, што ў спадара Казуліна цяпер зусім іншыя праблемы, зьвязаныя ня толькі зь юбілеем установы, але й з праверкай фінансавай дзейнасьці Белдзяржунівэрсытэту.
На пачатку выступы дэлегатаў былі даволі стрыманымі — больш казалі пра рэформу адукацыі. Пра тое, што найбольш хвалюе настаўнікаў, то бок, пра нізкія заробкі й вельмі слабую сацыяльную абароненасьць, сказала настаўніца беларускай мовы з Крупскага раёну Тацяна Макрыцкая.
Яшчэ больш радыкальна выступіла старшыня Прафсаюзу працаўнікоў адукацыі Тамара Чобатава. Яна нагадала, як чатыры гады таму, на першым зьезьдзе настаўнікаў была зацьверджаная дзяржаўная праграма "Настаўнік", паводле якой узровень зарплаты настаўнікаў мусіў стаць роўным сярэдняму заробку ў прамысловасьці. Выканаць гэтую праграму тады абяцаў Аляксандар Лукашэнка, але ж ня выканаў. Цяпер сярэдні месячны заробак настаўніка складае 51 тысячу рублёў, а маладога спэцыяліста — 41 тысячу. Гаворыць Тамара Чобатава:
(Чобатава: ) "Прычына, на наш погляд, у тым, што рашэньне галоўнага сацыяльнага пытаньня — годнага ўзроўню аплаты пэдагагічнай працы — часта йдзе па непрадуктыўнай формуле: адзін крок наперад, два крокі назад. Як вынік, сярэдні заробак пэдагогаў ня толькі не дасягнуў сярэдняга ўзроўню ў прамысловасьці, але нават зьнізіўся. А мы ўсё б'емся над пытаньнем, чаму праца ў школе ніяк не прыцягвае выпускнікоў пэдагагічных ВНУ. А ўсё вельмі проста — яны даўно зразумелі, што настаўнік, гэта чалавек з разумнай галавой, але з пустымі кішэнямі".
А вось меркаваньне міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна:
(Брыгадзін: ) "Думаю, што праграма будзе выкананая, і да гэтага мы йдзем. Па выніках 9 месяцаў мы падышлі, здаецца, на 77,9% ад узроўню зарплаты на прамысловасьці. Вельмі складана йдзе напаўненьне бюджэту, таму мне здаецца тут усё будзе залежыць ня столькі ад жаданьня ўладаў, колькі ад фінансавых магчымасьцяў дзяржавы".
Пераважная большасьць дэлегатаў падтрымала патрабаваньні лідэра свайго прафсаюзу:
(Дэлегатка зьезду: ) "Так, безумоўна, я падтрымліваю гэты выступ і прапановы нашага прафсаюзнага лідэра. Самае важнае — гэта сацыяльная падтрымка настаўніка. Калі мы падтрымаем настаўніка, ён будзе й працаваць больш якасна".
(Іншая дэлегатка: ) "Натуральна, гэтага чакаю ня толькі я, але і ўсе тыя, хто прысутнічае сёньня на зьезьдзе, бо ад матэрыяльнага становішча настаўніка залежыць, як ён будзе працаваць зь дзецьмі. Як ён ім аддасьць сваю душу, свае творчыя натхненьні".
Дэлегаты зьбіраюцца ўнесьці патрабаваньні, агучаныя Тамарай Чобатавай, у рэзалюцыю зьезду.