Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАСЕІ ЗАБІВАЮЦЬ БЕЛАРУСКІХ РАБОЧЫХ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Магілёўскія будаўнікі вярнуліся з Расеі напрыканцы кастрычніка. Як яны паведамляюць, іхны ўдзел у расейскіх будаўнічых аб'ектах ня быў добраахвотны. Кіраўніцтва трэсту запатрабавала ад іх паехаць у суседнюю дзяржаву, бо не было працы ў Магілёве. Адміністрацыя трэсту пагражала звольніць магілёўцаў з працы.

Жанчына, якая вярнулася з Падмаскоў'я, заявіла: "Я ўвогуле ня ведаю, нашто нас туды пасылалі. Можа, зарабіць грошы? Дык мы атрымалі ня больш, чым у Магілёве".

Падчас адпраўкі рабочым абяцалі заробак 150–200 даляраў, бясплатнае жыльлё і мэдычнае абслугоўваньне, якаснае харчаваньне. Як адзначыў рабочы Ўладзімер Якавенка, начальнік іхнага будаўнічага ўпраўленьня спадар Карпаў абяцаў ім мабільныя тэлефоны і гарачую ваду ў кватэрах з выгодамі.

Замест гэтага ў Адзінцоўскім раёне Маскоўскай вобласьці Ўладзімер, як і ўсе, жыў у халоднай вайсковай казарме, пазнаёміўся з рэкетам і міліцыянтамі ды пабачыў сьмерць свайго земляка.

Непрыемнасьці для беларусаў пачаліся яшчэ пры ўезьдзе ў Расею, калі іх спынілі й абрабавалі мясцовыя рэкетыры. Потым прыйшлося сутыкнуцца і з маскоўскімі міліцыянтамі, якія абвінавацілі іх у парушэньні пашпартнага рэжыму. Вызвалілі іх толькі тады, калі прыехалі расейскія наймальнікі.

Як сьцьвярджаюць рабочыя, падчас узьвядзеньня казармаў на расейскіх аэрадромах ім прыйшлося працаваць разам зь беларускімі крымінальнікамі.

Іхнае цярпеньне скончылася, калі на руках у свайго сябра памёр 42-гадовы Ўладзімер Раслаўцоў. Тры дні ён прасіў мэдычнай дапамогі, але доктара так і не знайшлі. Як потым канстатавалі мэдыкі, памёр ён ад сардэчнай і лёгачнай недастатковасьці. Ягоная жонка Тамара разам зь непаўнагадовымі дачкамі засталася бяз сродкаў да існаваньня.

З запаленьнем лёгкіх у Магілёў прывезьлі Аляксандра Ўсьцінава і яшчэ некалькі магілёўскіх будаўнікоў. Людзі, якія вярнуліся на Радзіму, атрымалі ад 40 да 100 даляраў.

Гэтыя акалічнасьці выклікаюць трывогу будаўнікоў, якія непакояцца за лёс сваіх калегаў. Як вядома, паміж Магілёўскім аблвыканкамам і Ўсходняй адміністрацыйнай акругай Масквы падпісанае пагадненьне пра адпраўку 1000 магілёўцаў на ўзьвядзеньне маскоўскіх будаўнічых аб'ектаў.

Што адметна, дамову з магілёўскага боку падпісваў намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Селязьнёў — той самы, якога празь лічаныя тыдні прызначылі кіраўніком апарату Савету Міністраў. Паводле дамовы рабочым гарантуюць часовую прапіску, жытло і асобныя сацыяльныя гарантыі. Ім таксама абяцаюць заробак 250 даляраў. Але ж, як сьведчаць папярэднія паездкі магілёўскіх будаўнікоў у Расею, такія абяцаньні далёка не заўжды становяцца рэальнасьцю.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG