Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД ПРЫЗЫЎНІКОЎ У БЕЛАРУСІ ЎСЁ БОЛЬШ ТРАПЛЯЕЦЦА НЕПІСЬМЕННЫХ


Ігар Карней, Менск

У прыватнасьці агенцтва "Інтэрфакс" паведамляе, што ў Гомельскай вобласьці цягам першых дзён працы прызыўной камісіі вызначана 20 зусім непісьменных юнакоў.

Каб спраўдзіць зьвесткі пра тое, што непісьменным хлопцам могуць даручыць кіраваць танкамі, альбо сачыць за паветранымі мішэнямі, я патэлефанаваў у Гомель, але галоўны ваенны камісар вобласьці Мікалай Капля ад камэнтароў адмовіўся.

Спроба акрэсьліць сытуацыю ў абласным аддзеле адукацыі таксама ня мела плёну. Адна з супрацоўніц спаслалася на тое, што ўсе ад'ехалі на зьезд настаўнікаў у Менск, а што да непісьменнай моладзі, то гэта хутчэй за ўсё тыя маладыя людзі, чые бацькі калісьці самавольна занялі пустое жытло ў адселенай 30-кілямэтровай зоне. Паводле гэтай спадарыні, шмат сем'яў зь Сярэдняй Азіі, пасьля таго, як яны не атрымалі ад беларускіх уладаў абяцанага працаўладкаваньня і, адпаведна, жыльля, ад бязвыходнасьці пасяліліся ў зоне, дзе ніякіх школаў няма. Ускладняюць сытуацыю вялікія калёніі цыганоў у ваколіцах самога Гомеля і Васілевічаў: уся адукацыя малых скончваецца ў табары.

Зрэшты, многія адмыслоўцы лічаць, што сытуацыя зь непісьменнасьцю сапраўды крытычная. Адна супрацоўніца праваахоўчых органаў, якая чвэрць стагодзьдзя мае справу з гэтак званымі "складанымі" непаўналеткамі, наўпрост сьцьвярджае, што колькасьць патэнцыйна непісьменнай моладзі цягам бліжэйшых гадоў будзе імкліва павялічвацца.

Толькі ў Менску зараз некалькі дзясяткаў малых беспрытульнікаў. Гэта альбо сіроты зь іншых гарадоў, альбо тыя, хто выхоўваўся пасьля сьмерці бацькоў у сваякоў, альбо дзеці, чые бацькі праз суд пазбаўленыя правоў на выхаваньне. Ніякія навучальныя ўстановы яны, зразумела, не наведваюць.

Яшчэ больш складаная сытуацыя ў вёсках. Паводле дадзеных Дзяржкамстату, за апошнюю пяцігодку ў Беларусі зачынена амаль дзьве сотні сярэдніх і пачатковых вясковых школаў. Пераадольваць штодня дзясяткі кілямэтраў здольныя далёка ня ўсе. У вялікай колькасьці шматдзетных сем'яў дзеці з маленства вымушаныя не вучыцца, а працаваць.

У ведамстве, якое непасрэдна адказвае за пісьменнасьць грамадзянаў Беларусі, інфармацыю пра маладых невукаў успрымаюць скептычна: паводле статыстычных дадзеных, 99% людзей ва ўзросьце да 18 гадоў павінны ўмець чытаць ды пісаць. 1% пры гэтым сьпісваецца на тэхнічныя памылкі. Адносна ж роты непісьменных прызыўнікоў на Гомельшчыне міністар адукацыі Пётар Брыгадзін выказаўся надзвычай сьцісла.

(Брыгадзін: ) "Ня чуў пра гэта нічога, ня ведаю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG