Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТЛАНА ЗАВАДЗКАЯ ЗАЯВІЛА ПРА НЕДАВЕР ДА СУДЗЬДЗІ АЛЯКСАНДРА СІМАНАВА НА ПРАЦЭСЕ Ў СПРАВЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЕЙНАГА МУЖА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня пасьля пяці дзён перапынку аднавіўся працэс над групай асобаў пад кіраўніцтвам былога спэцназаўца Валерыя Ігнатовіча. Гэтую групу падазраюць у шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Суд па-ранейшаму працуе за зачыненымі для журналістаў і грамадзкасьці дзьвярыма, аднак некаторыя зьвесткі пра тое, што адбываецца ў судовай залі, вядомыя. У прыватнасьці, дакладна вядома, што Сьвятлана Завадзкая зноў зьвярнулася да судзьдзяў з хадайніцтвам пра допуск грамадзкага абаронцы.

Жонка зьніклага апэратара ОРТ тлумачыла, што без абаронцы яна ня можа паўнавартасна працаваць на працэсе і абараняць сябе як пацярпелую. Суд, аднак, гэтай просьбы не задаволіў, і тады Сьвятлана Завадзкая заявіла пра недавер да судзьдзі Аляксандра Сіманава, які старшынюе на працэсе.

Цікава, што заяву пра недавер падтрымаў і абвінавачаны Аляксей Гуз. Ён таксама лічыць, што працэс праходзіць з шэрагам парушэньняў правоў удзельнікаў, у тым ліку ягоных.

Між тым, судзьдзі палічылі гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі й прадоўжылі працу ў ранейшым складзе.

Сёньня, як і ў мінулую пятніцу, на судзе дапытвалі пацярпелых ад дзейнасьці групоўкі, у якую нібыта ўваходзілі спэцназаўцы Валеры Ігнатовіч і Максім Малік, былы міліцыянт Аляксей Гуз і крымінальнік Сяргей Савушкін. Нібыта на іхным сумленьні напад на кватэру грамадзянкі Тоўсьцік ў Жодзіне, напад на дом грамадзяніна Ясько ў Барысаве і забойства гэтага чалавека. Яшчэ пяць забойстваў яны нібыта ўчынілі ў Менску на Партызанскім праспэкце.

Аднак усе гэтыя эпізоды пакуль ня маюць дачыненьня непасрэдна да пацярпелых Сьвятланы і Вольгі Завадзкіх. Ня выключана, што эпізод пра выкраданьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага пачнуць разглядаць ужо заўтра.

І некалькі словаў пра тое, у якіх умовах праходзіць працэс. Як і на мінулым тыдні, у судовай залі дзяжурыць узмоцнены нарад міліцыянтаў. Па-ранейшаму два міліцыянты патрулююць будынак суда.

Стан абвінавачаных, здаецца, не зьмяніўся. Валеры Ігнатовіч ляжыць на лаве падсудных, аднак невядома, ці працягвае ён галадаваць. Адмыслова для Сяргея Савушкіна, які заяўляў, што дрэнна чуе, у залі ўсталявалі мікрафоны, а побач з лавай падсудных — гукаўзмацняльную калёнку. Такім чынам, працэс, які адразу нагадваў нейкае сцэнічнае дзеяньне, набывае ўсё больш тэатральных рысаў, — заўважаюць прысутныя ў залі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG