Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ НАСЬПЯВАЕ МІЖНАЦЫЯНАЛЬНЫ КАНФЛІКТ СЯРОД ГАНДЛЯРОЎ ЦЭНТРАЛЬНАГА РЫНКУ


Казімер Яноўскі, Гомель

На думку гандляроў, адміністрацыя рынку выцясьняе мясцовых гандляроў, аддаючы перавагу віетнамцам і прадстаўнікам Каўкаскага рэгіёну.

Начальнік аддзяленьня міліцыі на рынку, маёр Чуяшкоў пацьвердзіў, што ягоныя ахоўнікі разам з супрацоўнікамі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі сапраўды вядуць праверку, на якой падставе замежныя грамадзяне атрымліваюць гандлёвыя месцы.

З гэтай нагоды адзін зь віетнамцаў, які назваўся Хіў, распавёў вашаму карэспандэнту:

(Хіў: ) "Яны правяраюць прапіску: у каго ёсьць, а хто парушае закон".

Сам ён праверак не баіцца, бо мае ў Беларусі від на жыхарства. У Гомель прыехаў 11 гадоў таму паводле дамовы паміж Віетнамам і былым СССР. Працаваў на шклозаводзе. Ажаніўся з гомельскай дзяўчынай, гэта дапамагло легалізавацца. Цяпер гандлюе на рынку, ягоных суграмадзянаў на рынку таксама шмат.

Гомельскія гандляры сьцьвярджаюць, што менш як два гады таму віетнамцы мелі на рынку ўсяго 40 месцаў. Цяпер у іх — ня менш як 300. Гэта турбуе гамельчукоў. Распавядае прадпрымальніца Натальля:

(Натальля: ) "Ім месцы ў першую чаргу, а сваім працаваць няма дзе. Колькі б гараджан мелі працу, калі б віетнамцаў ды каўказцаў было паменей".

Валянцін, сусед Натальлі на гандлёвым радзе, таксама дробны прадпрымальнік, дадаў:

(Валянцін: ) "Яны — замежныя грамадзяне. Прыйдуць, грошай дадуць начальству, у іх і месцы добрыя".

Мясцовыя прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што далёка ня ўсе замежныя гандляры, найперш віетнамцы, плацяць устаноўлены фіксаваны падатак. Як правіла, адзін заплаціць, а гандлююць пяцёра і нават болей.

Некаторыя гамельчукі лічаць, што цяперашняя праверка на рынку не прынясе заўважных вынікаў. Пра яе віетнамцы ведалі загадзя і зараз хаваюцца, не выстаўляюць тавар на продаж.

Сёньня ж пры мне ў аддзяленьні міліцыі на рынку за краты пасадзілі і чатырох гандляроў з Азэрбайджану. Яны ня мелі рэгістрацыі пашпартнай службы на пражываньне ў горадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG