У адной са сваіх тэлепраграмаў, што выйшла сёлета ў сакавіку, Юры Азаронак сьцьвярджаў, што Анатоль Лябедзька прывёз з Польшчы ў Беларусь 10 000 даляраў, якія быццам атрымаў ад заходніх грантадаўцаў на апазыцыйную дзейнасьць. Пры гэтым, паводле Азаронка, 8 500 даляраў з гэтай сумы спадар Лябедзька забраў сабе.
Лідэр АГП палічыў, што гэтая інфармацыя абражае ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ды падаў на Юрыя Азаронка й БТ пазоў у суд, патрабуючы абвергнуць хлусьлівую інфармацыю ды спагнаць з адказчыкаў як кампэнсацыю за маральныя страты 15 мільёнаў рублёў (паводле цяперашняга курсу гэта 10 000 даляраў).
Пазоў пададзены яшчэ паўгода таму, але да разгляду ў судзе яго прынялі толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Першае судовае паседжаньне перанесьлі — яно фактычна не пачалося, бо Азаронак у той час быў за межамі Беларусі.
Не зьявіўся Юры Азаронак у суд і сёньня. Ён толькі перадаў праз свайго прадстаўніка Генадзя Апанасенку заяву з просьбай праводзіць разгляд справы безь яго. Суд прыслухаўся да просьбы Азаронка, і судзьдзя Алена Ананіч пачала разгляд справы.
Анатоль Лябедзька адразу ж заявіў, што сваю невінаватасьць ён даказваць ня мусіць (гэта справа адказчыкаў). Праўда, пасьля ён дадаў, што ні празь беларуска-польскую, ні праз тайляндзка-бірманскую, ні празь якую іншую мяжу сумаў, названых Азаронкам, ніколі не вазіў.
Юрыст БТ заявіў, што на тэлебачаньні не захаваўся запіс той праграмы, бо з прычыны недахопу касэтаў запісаныя праграмы нібыта захоўваюцца ў архіве ня больш за месяц. Анатоль Лябедзька падаў суду сваю касэту з запісам праграмы. Пасьля прагляду ў судзе гэтай касэты юрыст БТ адразу ж заявіў, што разгляд справы трэба адкласьці й выклікаць у суд самога Юрыя Азаронка. Маўляў, пры цяперашніх тэхнічных магчымасьцях можна зрабіць любы відэамантаж.
Анатоль Лябедзька і ягоны прадстаўнік Яўген Лабановіч спрабавалі давесьці, што ніякай патрэбы выклікаць у суд сп. Азаронка няма, бо ён жа сам папрасіў разглядаць справу безь яго, але безвынікова. Судзьдзя Алена Ананіч задаволіла хадайніцтва прадстаўніка БТ. Гаворыць Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) "Я шкадую, што ў нас няма сапраўднай судовай сыстэмы. Сёньня былі ўсе доказы таго, што Беларускае тэлебачаньне хлусіць, што яно выкарыстоўвае прыёмы часоў Гебэльса. Сёньня прадстаўнік БТ проста разводзіў рукамі. У яго не было абсалютна ніякіх доказаў тых абвінавачаньняў, якія былі прад'яўленыя мне празь Белтэлерадыёкампанію".
Судовае паседжаньне перанесьлі на няпэўны час, але лідэр АГП спадзяецца выйграць гэтую справу.