Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДЗІН ДЗЕНЬ АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ НЕ ПУСЬЦІЛІ БУДАЎНІКОЎ ДА ПРАЦЫ ЛЯ МАГІЛАЎ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Гэтая ноч у Курапатах прайшла даволі спакойна. Правялі яе абаронцы ў вайсковым намёце з “буржуйкай”, які быў усталяваны ўчора. Было нарэшце цёпла. Сёньняшні дзень прайшоў таксама без асаблівых здарэньняў. Галоўны яго вынік валанцёры фармулююць так: “Яшчэ адзін дзень мы не дазволілі будаваць побач з Курапатамі кальцавую дарогу”.

Пакуль усё ціха. Будаўнікі не падыходзяць і, дарэчы, міліцыянты таксама. Дагэтуль над Курапатамі лунае бел-чырвона-белы сьцяг, які ўсталявалі яшчэ ў нядзелю. Гэта ўжо чацьверты сьцяг. Тры папярэднія прымусілі зьняць міліцыянты. З 24 верасьня, калі пачалося кругласутачнае дзяжурства, праз варту ў Курапатах прайшло ўжо больш за 100 сябраў Маладога Фронту, БПС і Зубра, а таксама проста моладзі, што не ўваходзіць у ніякія арганізацыі. Некаторыя правялі ў Курапатах дзень ці два, а некаторыя два-тры тыдні.

Дарэчы, Курапаты вельмі спрыяюць творчасьці. Прыкладам, калі я сёньня прыйшла сюды, Федзя Жывалінскі сядзеў ля вогнішча і пісаў вершы. Ён правёў у Курапатах каля трох тыдняў. У яго тут нарадзіўся не адзін верш. Я папрасіла яго прачытаць нешта:

Стамляюся. Чорныя думкі прэч.
Складана ў экстрыме заставацца сабою.
Ня варта скарыстоўваць мяне быццам рэч,
Бо ў целе яшчэ торгаецца нешта жывое.

Холадна спаць на бацькоўскіх касьцях,
Склаўшы на дровы цяжкія галовы.
Восеньская мыш зрабіла замах
У ахілесаву пяту маёй цёмнай паловы.

Гэта быў верш Федзі Жывалеўскага.

А так у Кураптах усё праходзіць ў надзвычайных клопатах. Валанцёры рыхтуюцца да зімы. Колюць дровы, назапашваюць харчы, зьбіраюцца заставацца тут да апошняга”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG