Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ПЕРАГЛЯДАЕ СВАЮ ПАЛІТЫКУ АДНОСНА КРАІНАЎ ЦЭНТРАЛЬНАЙ АЗІІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Ня так часта здараецца, калі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан трапляюць у парадак дня паседжаньня міністраў замежных справаў Эўразьвязу. Аднак у панядзелак цэнтральнаазіяцкія краіны, альбо “станы”, як называюць іх дыпляматы, былі названыя ключавымі для стабільнасьці ў рэгіёне.

Стабільнасьць – гэта адна рэч. Але рэгіён пакутуе ад беднасьці, пагаршэньня сыстэмаў аховы здароўя і сацыяльнай бясьпекі, сур`ёзнай экалягічнай дэградацыі і аўтарытарных ўладаў. Аднак выглядае, што эўрапейцы пакуль не гатовыя сур`ёзна ўкладаць у разьвязаньне ўсіх гэтых праблемаў.

Эўрапейскія дыпляматы кажуць, што яны ня маюць палітычнага ды эканамічнага жаданьня ўцягвацца ў цэнтральную Азію. “Наш галоўны прыярытэт – Бальканы, і як зрабіць іх бліжэй да Эўразьвязу,” – кажа адзін з дыпляматаў. “Аднак мы ведаем, што павінны перадумаць нашу пазыцыю да Цэнтральнай Азіі. Гэта азначае супрацоўніцтва зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі, каб разам узяцца за вялізныя праблемы, што стаяць перад гэтымі краінамі,” – адзначае дыплямат.

Гэта прынамсі частка таго пасланьня, якое падрыхтаваў у сьціслай паперы Гаўер Саляна, шэф зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. Гэты дакумэнт пад назовам “Пераацэнка палітыкі ЭЗ да краінаў Цэнтральнай Азіі”, зразумела, не прапануе аніякай панацэі альбо хуткіх рашэньняў для рэгіёну. Па-першае, спадар Саляна даказвае, што ЭЗ мусіць аказваць палітычную і практычную дапамогу для антытэрарыстычнай кааліцыі, ажыцьцяўляючы дыпляматычныя візыты ў рэгіён. Дарэчы, Луіс Мічэл, міністар замежных справаў Бэльгіі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе, акурат сёньня, у аўторак, наведвае Узбэкістан, Таджыкістан і Туркмэністан. Эўразьвяз таксама павінен пашырыць намаганьні, каб дабіцца супрацоўніцтва ад цэнтральнаазіяцкіх краінаў у пастаўках гуманітарнай дапамогі ў Афганістан.

Пытаньне, аднак, палягае і ў доўгатэрміновых інтарэсах Эўразьвязу ў гэтым рэгіёне. Ліст Саляны напрамую заўважае, што без рэформаў Цэнтральная Азія будзе спараджаць глебу для экстрэмізму і тэрарызму. Трэба прадухіліць пераўтварэньне Цэнтральнай Азіі ў транзытны пункт для перапраўкі наркотыкаў, узбраеньняў і незаконнай міграцыі.

Але пакуль ЗША ды эўрапейцы цалкам засяроджаныя на еднасьці антытэрарыстычнай кааліцыі, шанцы дэмакратызацыі цэнтральна-азіяцкіх краінаў адыходзяць, як прызнаў адзін эўрапейскі дыплямат, на далёкую перспэктыву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG