Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЧАЎНАКІ ПРОДАЖАМ ТЫТУНЮ ПАДРЫВАЮЦЬ ЭКАНОМІКУ ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У хуткім часе вываз у Польшчу выпрадукаваных ў Расеі і ва Ўкраіне цыгарэтаў для беларусаў будзе яшчэ больш првывабны.

На варшаўскіх кірмашах і каля крамаў часта можна ўбачыць беларусаў, якія прапануюць мінакам пачкі “L&M” і “Marlboro” без акцызных значкаў. Бліжэй да ўсходняй мяжы нашых суайчыньнікаў значна больш. Яны прадаюць цыгарэты самастойна, альбо здаюць гуртам палякам, якія вязуць іх далей да мяжы зь Нямеччынай. Афіцыйна, адна асоба можа правозіць праз мяжу 18 пачкаў цыгарэтаў, аднак спрактыкаваныя чаўнакі ўсяляк іх хаваюць і звычайна правозяць прынамсі ў два разы больш.

Паводле падлікаў польскіх тытунёвых кампаніяў, штогод бюджэт дзяржавы старчвае каля паўмільярда даляраў з-за таго, што палякі ўсё радзей купляюць цыгарэты ў крамах і часьцей – каля крамаў. За апошнія шэсьць гадоў афіцыйны продаж тытуню ў Польшчы зьнізіўся амаль у два разы, аднак менш паліць палякі ня сталі.

Найбольш драматычна сытуацыя выглядае у памежным зь Беларусьсю Падляскім ваяводзтве. Польская філія кампаніі British American Tobacco наладзіла напярэдадні адмысловае дасьледаваньне, у часе якога былі сабраныя 100 тысячаў пустых пачак ад цыгарэтаў. Аказалася, што 70 тысячаў зь іх ня маюць акцызнага значка.

У выніку гэткай інтэрвэнцыі нелегальнага тытуню вялізныя страты мае ня толькі бюджэт, але і тытунёвыя кампаніі, якія апошнім часам вымушаныя скарачаць працаўнікоў і нават увогуле зачыняць фабрыкі.
Напярэдадні з-за дрэннай сытуацыі на цыгарэтным рынку сваю дзейнасьць у Польшчы вырашыў спыніць японскі тытунёвы гігант Japan Tobacco International.

Апошнім часам, на ўсходняй мяжы польскія мытнікі распачалі узмоцненую барацьбу з нелегальным увозам цыгарэтаў на тэрыторыю краіны. Аднак выглядае, што змагацца з кантрабандай цыгарэтаў будзе вельмі цяжка, бо ў хуткім часе гэтая кантрабанда зробіцца для зьбяднелых беларусаў і ўкраінцаў яшчэ больш прывабнай.

Справа ў тым, што адной з умоваў уваходу Польшчы ў Эўразьвяз ёсьць падвышэньне коштаў цыгарэтаў. Праз некалькі гадоў самыя танныя цыгарэты ў Польшчы будуць каштаваць як у Заходняй Эўропе – два з паловай даляры ці ў два разы больш, чым зараз каштуе “Мальбара” у польскім шапіку. Натуральна, што падаражэюць цыгарэты і на чорным рынку. Тады паездка ў Польшчу са схаванымі двума блёкамі цыгарэтаў будзе прыносіць беларусу ледзь ня месячны заробак, які не выплочваюць на прадпрыемстве.

Рост колькасьці чаўнакоў наўрад ці зможа спыніць і хуткае ўвядзеньне Польшчай візавага рэжыму для беларусаў. Бо пры такіх коштах цыгарэтаў, візу можна будзе акупіць цягам адной паездкі. Хутчэй за ўсё польскія ўлады будуць шукаць нейкія іншыя шляхі, каб спыніць хвалю тытунёвай кантрабанды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG