Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОВАЎ З АПАЗЫЦЫЯЙ НЯ БУДЗЕ, ТОЛЬКІ "ШЫРОКІ ДЫЯЛЁГ"


Валер Каліноўскі, Менск

Выступаючы сёньня на нямецка-беларускай сустрэчы, прысьвечанай разьвіцьцю дыялёга між дзьвюма краінамі, Сяргей Посахаў закрануў і тэму ўнутранага дыялёгу ў Беларусі. Гэтым ён даў публічны адказ ад імя ўлады АГП і Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партыяў, якія нядаўна зьвярнуліся з прапановай распачаць перамовы наконт магчымасьцяў і ўмоваў дэмакратызацыі.

З гэтага адказу вынікае, што ўлада, якая сьцьвярджала сваю гатовасьць да дыялёга ў грамадзтве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, бачыць яго толькі ў выгаднай для сябе і ўжо вядомай форме "шырокага грамадзкага дыялёга" — гэтую форму ўжо выкарыстоўвалі ў 2000 годзе, і яна паказала сваю неэфэктыўнасьць.

Сяргей Посахаў падкрэсьліў, што дыялёг уладных структураў з апазыцыйнымі сіламі магчымы толькі пры пэўных умовах:

(Посахаў: ) "На падставе рэальнага ўліку рэальнасьцяў, якія склаліся. Любыя спробы іх ігнараваць намі ня толькі не вітаюцца, але і асуджаюцца".

Такімі рэаліямі спадар Посахаў лічыць "легітымнасьць улады і падтрымку яе вялікай часткай грамадзкага спэктру". Удзельнікам такога дыялёгу, паводле ягоных словаў, ня можа быць толькі апазыцыя. Па-другое, Сяргей Посахаў заявіў, што ў гэты дыялёг ня могуць умешвацца зьнешнія сілы — арганізацыйна ці фінансава. Па-трэцяе, да магчымых прадметаў дыялёга спадар Посахаў аднёс праблемы дэмаграфічнай крызы ў Беларусі, грамадзкай бясьпекі, дачыненьняў з Расеяй.

Праблемы дэмакратызацыі ці выкананьня вядомых чатырох умоваў АБСЭ, на чым настойвае апазыцыя, спадар Посахаў не назваў. У інтэрвію Свабодзе Сяргей Посахаў прызнаўся, што нейкага іншага адказу на свае звароты (напрыклад, пісьмовага) апазыцыі чакаць ня варта, асобна зь ёй перамоваў весьці ня могуць — апазыцыя, маўляў, ня мае дастатковай "электаральнай базы".

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, камэнтуючы гэтыя выказваньні Сяргея Посахава, зазначыў, што ягоная партыя чакае афіцыйнага адказу ў вызначаны законам тэрмін не ад чыноўніка з адміністрацыі, а ад Лукашэнкі, якому быў накіраваны зварот:

(Лябедзька: ) "Дыялёг ці дыялёгі могуць адбывацца з рознымі сацыяльнымі групамі. Мы вядзем размову пра перамоўны працэс між двума суб'ектамі: палітычнай апазыцыяй і ўладай, якая дэ-факта кантралюе сытуацыю ў Беларусі".


Анатоль Лябедзька мяркуе, што "шырокі дыялёг" ня вырашыць ніводнай праблемы. Адрозна ад спадара Посахава, Анатоль Лябедзька мяркуе, што замежныя пасярэднікі ў такіх перамовах патрэбныя, бо за сем гадоў паміж уладай і апазыцыяй узьнікла шмат падставаў для недаверу. Такімі пасярэднікамі, на думку Лябедзькі, маглі б быць КНГ АБСЭ або Парлямэнцкая тройка:

(Лябедзька: ) "Мы абсалютна канструктыўную пазыцыю займаем. Мы зыходзім з таго, што захоўваецца яшчэ мажлівасьць сесьці за стол перамоваў. Перамоўны працэс — гэта ня ёсьць дэманстрацыя сілы ці слабасьці. Гэта дэманстрацыя адказнасьці тых ці іншых палітычных сілаў".

Спадар Лябедзька мяркуе, што пасьля некалькіх месяцаў кансультацыяў з уладай павінен зьявіцца адказ — магчымы перамоўны працэс ці не. Такія кансультацыі пачаліся, — паведаміў Свабодзе лідэр БСДП Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Мы не спадзяемся там на нейкія вялікія зрухі, але проста лічым, што каб не скарысталі ў прапагандысцкіх мэтах нашу адмову, трэба пагаджацца на ініцыятывы ўлады аб дыялёгу. Але мы не падтрымліваем, калі ініцыятыва ў сфэры дыялёгу будзе належаць апазыцыі.

Мы будзем выглядаць проста сьмешна і дзіўна пры гэтым: нас толькі што "апусьцілі", збэсьцілі, зганьбілі, у нашых прыхільнікаў, у нашых выбаршчыкаў (а гэта сотні і сотні тысяч людзей) скралі галасы... А пасьля гэтага мы выціраемся і кажам: "А давайце з вамі пойдзем на перамовы"... Ініцыятыва павінна належаць уладзе, і ўлада нікуды ад гэтага ня можа падзецца".

Мікалай Статкевіч мяркуе, што ўлады прапануюць свой сцэнар дыялёгу з апазыцыйнымі сіламі, каб прадэманстраваць гэта міжнароднай супольнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG