Магілёў стаў другім горадам Беларусі, які пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наведаў Аляксандар Лукашэнка. Сцэнар ягонага візыту ў Магілёў нічым ня розьніўся ад папярэдняга. За дзень да прыезду менскага госьця горад пачысьцілі й прыбралі, у крамы закінулі дэфіцытныя харчы, а вуліцы запоўнілі міліцыянты.
Раніцай ён заехаў у найстарэйшую мэдычную ўстанову гораду — бальніцу хуткай мэдычнай дапамогі. Гэты ўнівэрсальны мэдычны цэнтар спалучае гарадзкую бальніцу і хуткую дапамогу. Бальніцы патрэбныя новае абсталяваньне, пабудовы ды рамонт.
Фінансы вобласьці, як кажуць, "сьпяваюць рамансы", таму кіраўніцтва гэтай мэдычнай установы ўскладае вялікія надзеі на Аляксандра Лукашэнку. Ён прайшоў па бальніцы, агледзеў памяшканьні, паразмаўляў з супрацоўнікамі ды паабяцаў фінансавую дапамогу на 1 мільярд рублёў. Як стала вядома, гэтыя грошы павінны пайсьці на будаўніцтва апэрацыйнага модуля. Аднак менскі госьць адзначыў, што прыйшоў час мэдычным установам зарабляць грошы. Як зарабляць, ён так і не патлумачыў.
Потым ён пранесься па гораду, прымусіў стаяць машыны, правёў з гаспадарчым актывам вобласьці нараду. Абмяркоўвалі, як заўжды, праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну на наступныя пяць гадоў, зыходзячы з рашэньняў "другога ўсебеларускага зьезду". На абмеркаваньне гэтага пытаньня спатрэбілася некалькі гадзінаў. Аляксандар Лукашэнка распавёў удзельнікам сходу пра бліскучае будучае, якое чакае Беларусь празь пяць гадоў ды запатрабаваў ад іх сыстэмнай працы.