Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА НАМАГАЕЦЦА, КАБ ЗБРОЯ ПРЫВАТНЫХ АСОБАЎ ПЕРАЙШЛА ДА ДЗЯРЖАВЫ


Ігар Карней, Менск

А тое, што некалі людзі набылі на законных падставах, могуць канфіскаваць на карысьць дзяржавы. Гэта ж тычыцца таксама ўзнагароднай зброі.

Статыстыка сьведчыць, што зараз на руках у беларускага насельніцтва амаль 200 тысяч адзінак зброі. І, паводле лёгікі аднаго з ініцыятараў заканапраекту "Аб зброі" Мікалая Чаргінца, кожны з гэтых ствалоў "можа стрэліць". А каб гэтага не здарылася, дзяржава павінна накласьці руку на ўвесь прыватны арсэнал.

Былы намесьнік міністра ўнутраных справаў генэрал-маёр Канстанцін Платонаў мяркуе, што нічога агульнага з клопатам пра бясьпеку грамадзянаў гэтая ініцыятыва ня мае. Таму складаць зброю, якая знаходзіцца ў ягонай уласнасьці, асабіста ён не сьпяшаецца.

(Платонаў: ) "У беззаконнай краіне законаў быць ня можа, таму пра які закон гаворка? Што загадалі, тое й зрабілі. Ніхто пры гэтым ня думае пра асабістую бясьпеку грамадзянаў — пра людзей, якім, магчыма, пагражаюць тыя, з кім яны мелі дачыненьні на ранейшых пасадах і гэтак далей.

Што да мяне, то я — чалавек, які падпарадкоўваецца закону. Калі я ўступлю зь ім у супярэчнасьць, то ўзьнікнуць пытаньні. Але мая зброя — на правах прыватнай уласнасьці. А гэта павінна мець на ўвазе аснову кампэнсацыі. У іншым выпадку ніхто зброі не аддасьць. Не хачу казаць, што будуць канфлікты, але ў людзей захоўваецца матывацыя не вяртаць зброю паводле гэтых абставінаў".

Яшчэ адзін міліцэйскі генэрал, Мечыслаў Грыб, не хавае, што прывязанасьць да зброі захаваў дагэтуль: як-ніяк 36 гадоў службы прыходзілася мець зь ёй справу. Але падыход цяперашніх заканадаўцаў да ўладальнікаў зброі лічыць абсалютна дылетанцкім.

(Грыб: ) "Першае: калі сумленны грамадзянін мае агнястрэльную зброю афіцыйна зарэгістраваную, ён можа абараніць сябе й сваю сям'ю. Другая справа, калі агнястрэльная зброя знаходзіцца ў руках злачынцы. Гэты закон забараняе сумленнаму чалавеку мець зброю. Але злачынца ня будзе пытацца дазволу ва ўладаў: ён яе меў неафіцыйна і будзе мець. Нашыя ўлады баяцца даць людзям зброю, а зь іншага боку — самі ня могуць абараніць людзей ад злачынцаў".

(Карэспандэнт: ) "У вас, я так разумею, зброя ёсьць?"

(Грыб: ) "У мяне было многа рознай зброі. Але ў 1997-м годзе прыйшлі супрацоўнікі органаў унутраных справаў, усё забралі, прывезьлі ў МУС, там адстралялі для куля- і гільзатэкі, але назад не вярнулі. Маўляў, уся мая зброя ўзятая на захоўваньне да прыняцьця закону аб агнястрэльнай зброі. Таму з 1997-га году я нічога ня маю".

Спадзяваньнямі на быццам абяцаную грашовую кампэнсацыю за экспрапрыяваную зброю спадар Грыб ня цешыцца. Бо гэта якраз той пункт заканапраекту, які ніяк не вызначае мэханізм аплаты выдаткаў. Праўда, у заканапраекце маецца наступнае ўдакладненьне: "Зброя, што знаходзіцца ва ўласнасьці грамадзянаў і набытая імі на законных падставах, падлягае канфіскацыі ў парадку, вызначаным кіраўніком дзяржавы".

Такім чынам, Лукашэнка мусіць асабіста даць выснову па ўсіх 200 тысячах адзінках зброі, што ёсьць у насельніцтва. Генэрал Платонаў кажа, што канфіскацыя нават усіх зарэгістраваных ствалоў нічога ня зьменіць. Вялізная армія чынавенства даб'ецца, каб усё сваё пакінуць пры сабе. Нават Мікалай Чаргінец мусіць канстатаваць: "У некаторых чыноўнікаў на нос прыходзіцца па тры дзясяткі ствалоў".

Гаворыць Канстанцін Платонаў:

(Платонаў: ) "Цягам апошніх васьмі гадоў асабістая зброя не была прымененая як зброя дзеяньня — дзеля рабаўніцтваў, разбояў і г.д. Усё выкарыстоўваецца выключна дзеля самаабароны. Яна не была запатрабаваная злачыннымі элемэнтамі, бо пераважная колькасьць афіцыйна зарэгістраванай зброі — ва ўласнасьці законапаслухмяных грамадзянаў".

Адзін мой знаёмы, які больш за 20 гадоў зьбірае рарытэтную зброю, адрэагаваў на новы заканапраект ня столькі словамі, колькі дзеяньнямі. На маё тэлефанаваньне ён толькі адказаў, што з гэтага часу найлепшае месца для ягонай калекцыі — не на сьцяне, а ў падпольлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG