Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКВА НЕ СЬПЯШАЕЦЦА ПРЫМАЦЬ У СЯБЕ ЛУКАШЭНКУ, А МЗС БЕЛАРУСІ АБВЯРГАЕ ЗЬВЕСТКІ ПОЛЬСКАГА ЧАСОПІСУ "WPROST" ПРА ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ З КРАІНАМІ-ІЗГОЯМІ


Юры Сьвірко, Менск

Расейскі прэзыдэнт мае надта шчыльны працоўны графік, з чым і зьвязаная нявызначанасьць даты ягонай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Уладзімер Пуцін усё больш часу аддае пытаньням барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, зазначылі ў Пастаянным камітэце саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі.

На гэтым фоне вельмі цікавымі выглядаюць публікацыі ў "Белорусской деловой газете" пра падрыхтоўку ў Менску ірацкіх афіцэраў ды ў польскім часопісе "Wprost" наконт продажу Беларусьсю зброі ў краіны-ізгоі.

Радыё Свабода ўжо распавядала пра гэты артыкул з назовам "Саўдзельнік злачынства", які таксама перадрукаваны ў апошнім нумары тыднёвіка "Белорусская газета". У рэдакцыйным камэнтары зазначаецца, што інфармацыю з польскага часопісу нельга ігнараваць, бо "Лукашэнку й Беларусь падазраюць у сур'ёзных парушэньнях міжнароднага права". Гэта й парушэньні санкцыяў ААН праз гандлёвыя зьдзелкі зь Іракам, нелегальныя зьдзелкі з Пэру ды іншымі краінамі, падтрымка "разбойніцкіх" рэжымаў, якія ваююць.

"Белорусская газета" лічыць, што калі факты з артыкулу ў польскім часопісе не адпавядаюць рэчаіснасьці, дык тады "Wprost" сур'ёзна сапсаваў рэпутацыю Беларусі. Калі ж факты сапраўдныя, дык паўстае шэраг іншых пытаньняў.

Напрыклад, калі Беларусь зарабіла шмат грошай на продажы зброі, дык хто канкрэтна на гэтым зарабіў і як гэта адлюстравана ў бюджэце? Альбо як продаж Беларусьсю зброі тым рэжымам, якія вядуць грамадзянскую вайну ў сваіх краінах ды вайну з Захадам, адпавядае беларускай Нацыянальнай канцэпцыі бясьпекі й статусу нэўтральнае краіны? "Урэшце, мы за кааліцыю ў барацьбе супраць тэрарызму або не?" — пытаецца менскі тыднёвік пасьля нашумелай публікацыі ў польскім часопісе.

Сёньня прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка ўпершыню агучыў рэакцыю дыпляматычнага ведамства на артыкул "Wprostu":

(Латушка: ) "Што тычыцца "Wprostu", мы таксама абвяргаем інфармацыю, якая была разьмешчаная ў згаданым часопісе. Беларусь не зьяўляецца вытворцам зброі, і таму мы ня можам пастаўляць і экспартаваць зброю.

Тая зброя, якая засталася ў Беларусі з постсавецкіх часоў, пастаўляецца ў іншыя краіны дакладна зь дзеючымі міжнароднымі дакумэнтамі, у тым ліку з рэзалюцыямі Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў".

Павал Латушка паведаміў таксама, што 31 кастрычніка ў Беларусь прыедзе амбасадар Султанату Аман у Маскве Мухамэд бен Саід бен Мухамэд Аль-Ляваці, каб уручыць свае даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку, які на наступным тыдні прыме яшчэ й граматы ад амбасадара Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка й сустрэнецца з ужо акрэдытаванай у Беларусі амбасадаркай Аб'яднанае Рэспублікі Танзанія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG