Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ СКАСАВАНЫЯ ВЯЧЭРЫ ДЛЯ 8 ТЫСЯЧ ГАДАВАНЦАЎ ДЗІЦЯЧЫХ САДКОЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Рашэньне №1048 адносна перагляду працы дзіцячых садкоў прыняў гарвыканкам. Як распавяла загадчыца сэктару пазашкольных установаў гарадзкой управы адукацыі Вольга Супрычава, вырашылі працу садкоў скараціць на паўтары гадзіны.

Цяпер бацькі павінны забраць сваіх дзяцей з дашкольных установаў да 17.30. Такім чынам ня стала патрэбы арганізоўваць вячэру для дзяцей а 18-й гадзіне. Раней дзяцей кармілі ў садках 4 разы, зараз толькі 3.

Пазбавілі харчаваньня нават так званую дзяжурную групу дзяцей, якія знаходзяцца ў садках да 19 гадзінаў. Такая група вылучаная ў кожным садку паводле заяваў бацькоў, калі тыя ня могуць забіраць сваіх дзяцей у новапрызначаны тэрмін.

Скарачаецца ў садках і штатная колькасьць выхавацеляў, падвышаецца нагрузка, хаця іхны заробак застаўся ў межах 80 тысяч рублёў.

Зацягвае паясы ня толькі сфэра адукацыі. Кіраўнікі раённых адміністрацыяў і камунальных службаў гораду атрымалі адмысловае ўказаньне гарвыканкаму скараціць да мінімуму вываз сьмецьця, ачыстку вуліц, асьвятленьне іх у цёмны час сутак. Як сказаў галоўны інжынэр прадпрыемства "Горэлектрасьвятло" Іван Баканаў, зараз увечары ў абласным цэнтры запальваецца ня больш за 60% ліхтароў асьвятленьня. Горад завінаваціўся энэргетыкам звыш 500 мільёнаў рублёў.

Такое становішча не зьяўляецца выпадковым. Паводле інфармацыі фінансавага аддзелу гарвыканкаму, напаўняльнасць гарадзкога бюджэту зараз складае толькі 81% ад неабходнага. Гэта і адбіваецца на жыцьці амаль паўмільённага гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG