Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСУЛЬТАЦЫЙНАЯ РАДА АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ ПРАПАНУЕ ЎЛАДАМ АДНАВІЦЬ ПЕРАМОВЫ


Уладзімер Глод, Менск

На прапанову Сяргея Калякіна, лідэра Партыі камуністаў Беларускай, і кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў выпрацавала сёньня першы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў зварот да ўладаў.

Па-сутнасьці, апазыцыя мяркуе, што неабходна ўзнавіць дыялёг з афіцыйнымі ўладамі, які быў перарваны летась. Спадар Лябедзька мяркуе, што гэты дыялёг неабходны дзеля зьмяненьня палітычнай сытуацыі ў краіне і прапанаваў апазыцыі распрацаваць сваю пакрокавую стратэгію пераменаў:

(Лябедзька: ) "На сёньняшні дзень пакрокавая стратэгія ў адносінах да Беларусі ёсьць формай, якая ня мае зьместу. І ў значнай ступені ад кансалідаванасьці палітычнай апазыцыі Беларусі залежыць, якім будзе гэты зьмест. На сёньняшні дзень відавочна, што існуюць пэўныя разыходжаньні нават паміж міжнароднымі арганізацыямі. Але яны сфармулявалі задачу — выпрацаваць агульныя падыходы. Таму праз пэўны час яны прыйдуць да агульнай пазыцыі. Мы павінны скарыстаць гэты час, каб падаць сваё бачаньне гэтай стратэгіі і прапанаваць ім гэты зьмест".

Апазыцыйныя лідэры пагадзіліся з гэтым і прыйшлі да высновы, што такая праграма ня можа быць рэалізаваная без супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі й міжнароднай супольнасьцю. Таму Кансультацыйная рада сёньня публічна прапанавала ўраду "пачаць кансультацыі аб перамовах паміж уладамі й палітычнай апазыцыяй пры пасярэдніцтве міжнародных арганізацыяў; публічна выказаць сваю пазыцыю адносна гэтай ініцыятывы".

Кансультацыйная рада даручыла групам сваіх экспэртаў "распрацаваць фармат магчымага перамоўнага працэсу, у аснову якога кладуцца чатыры ўмовы, што выпрацавала міжнародная супольнасьць".

Сем з васьмі партыў прагаласавалі за такі падыход. І толькі намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Уладзімер Нісьцюк прынцыпова адмовіўся ўдзельнічаць у галасаваньні. Свой учынак ён патлумачыў партыйнай пазыцыяй:

(Нісьцюк: ) "Ініцыятыва апазыцыйных палітычных партыяў наконт перамоваў з уладамі зьяўляецца, на наш погляд, прызнаньнем выбараў дэ-факта. Гэтага нельга рабіць. Яшчэ ўсіх вынікаў не падвялі. Яшчэ шмат якіх акцэнтаў і міжнародная супольнасьць не зрабіла, і мы ў Беларусі не зрабілі. Сьпяшацца з гэтым нельга.

Другое, гэта зьяўляецца дэманстрацыяй непасьлядоўнасьці апазыцыі. Найбольш жорсткая апазыцыя, што выступае супраць усіх ініцыятываў уладаў, зьвязаных з дыялёгам (ня мы, а спадары-калегі нашы — Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная грамадзянская партыя) зараз дэманструе такую рэзкую зьмену акцэнтаў.

Трэцяе, гэта ёсьць прызнаньнем слабасьці апазыцыі. Той, хто першы просіцца на перамовы, дэманструе слабасьць".

Сёньня ж лідэры апазыцыйных партыяў зьвярнуліся да прэм'ер-міністра Генадзя Навіцкага з просьбай неадкладна наладзіць публічны дыялёг пра лёс Курапатаў з усімі зацікаўленымі арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG