Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦА БУДАЎНІКОЎ НА ЎЧАСТКУ КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ ЛЯ КУРАПАТАЎ ПАЧНЕЦЦА ПРАЗ 7–10 ДЗЁН


Ганна Соусь, Менск

Генэральны дырэктар "Магістральдаўтадору" зыходзіў з высновы, што пачаць будаўніцтва кальцавойя дарогі ў абыход Курапатаў ужо немагчыма:

(Лыцін: ) "Спыніць будаўніцтва немагчыма. Канечне".

Спадар Лыцін зазначыў, што ў ягонай кампэтэнцыі толькі пытаньні добраўпарадкаваньня мэмарыялу Курапаты. Але ж многія з тых патрабаваньняў, якія падалі раней актывісты грамадзкай ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты", будаўнікі забясьпечыць ня здолеюць.

(Лыцін: ) "Паставіць на дарозе 4 указальнікі "Курапаты — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў", замяніць драўляны помнік "Тут у лясным масіве знаходзяцца астанкі ахвяраў масавых рэпрэсіяў". На жаль, такую работу мы ня можам выканаць — паставіць чатыры ўказальнікі "Курапаты — месца згубы". Я магу, у межах маёй кампэтэнцыі ўсталяваць два дарожныя ўказальнікі ў межах стаянак, якія будуць, дзе будзе напісана "Урочышча Курапаты".

(Жанчына: ) "А "месца згубы ахвяраў"?"

(Лыцін: ) "Гэта трэба ўзгадніць у вызначаным парадку".

Але ж гэткі выраянт не задавальняе актывістаў грамадзкай ініцыятывы "За ўратаваньне Курапатаў", і сёньня яны накіравалі ліст у Савет Міністраў, якім патрабуюць перагледзець цяперашнюю праектную дакумэнтацыю ў справе рэканструкцыі кальцавой дарогі ды вярнуцца да праекту 1993 году, упарадкаваць тэрыторыю магільніка й забясьпечыць ахову пахаваньняў, а таксама правесьці нараду ў Савеце Міністраў па гэтых пытаньнях.

Але ж ці гарантуюць будаўнікі, што яны не адновяць работаў у Курапатах, пакуль ва ўрадзе будуць разглядаць гэтае пытаньне? Гаворыць генэральны дырэктар прадпрыемства "Магістральаўтадор" Анатоль Лыцін:

(Лыцін: ) "Не, такіх гарантыяў я даваць не магу. У межах паласы, дзе праведзеныя археалягічныя раскопкі, дарога будзе будавацца".

Паводле спадара Лыціна, будаўнічыя работы ў Курапатах будуць адноўленыя праз 7–10 дзён.

Гэта сталася асноўным вынікам сёньняшняй сустрэчы грамадзкасьці з будаўнікамі. Паводле намесьніка Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчыка, гэта можна было прадказаць:

(Сіўчык: ) "Узровень прадстаўніцтва з боку ўлады не дазваляў спадзявацца на нейкія вынікі. Прыйшоў начальнік будоўлі, які абсалютна шчыра сказаў, што ад яго не залежыць адказ на самае галоўнае пытаньне — пройдзе кальцавая дарога праз Курапаты ці не?

Грамадзкасьці трэба падтрымліваць тых людзей, якія ўжо больш за месяц кругласутачна знаходзяцца ў Курапатах, каб не дапусьціць, каб рэжым зьнішчыў гэты мэмарыял. Трэба зьбіраць подпісы, трэба наколькі магчыма супрацьстаяць таму, што робіць рэжым".

Асобую пазыцыю ў справе Курапатаў займае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Гаворыць намесьнік кіраўніка партыі Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Сёньня стаіць галоўнае пытаньне — усё ж прымусіць урад весьці дарогу ў абыход Курапатаў. Іншых пытаньняў зараз нельга ставіць. Не даваць ім зачэпкі. Вось на гэтым мы стаім, і на гэтым будзем бараніць Курапаты".

Адметна, што ў часе сёньняшняй сустрэчы генэральны дырэктар "Магістральаўтадору" не пацікавіўся меркаваньнямі тых людзей, што ўжо амаль месяц нясуць у Курапатах кругласутачнае дзяжурства. Слова прастаўнікам "Зубра" й Беларускай партыі Свабоды.

(Сябар "Зубра": ) "Мы застанемся, таму што яны робяць сваю палітыку, а мы проста баронім косткі нашых суайчыньнікаў. І мы іх не аддамо, што б яны там ні вырашылі, на якія б пагадненьні ні пайшлі".

(Сябар Беларускай партыі свабоды: ) "Справа ў тым, што з тых, хто займаецца Курапатамі, сюды прыходзіць толькі адзін Юхо і жанчыны, у большасьці з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, партыі Зянона Пазьняка".

Разам з будаўнікамі ў Курапаты сёньня прыехалі й міліцыянты на чале з намесьнікам кіраўніка абласной міліцыі Ігарам Уладыкам. І на пытаньне Радыё Свабода пра тое, што будуць рабіць міліцыянты, калі будуць адноўленыя будаўнічыя работы, а моладзь працягне вартаваць Курапаты, ён адказаў наступным чынам:

(Уладыка: ) "Мы будзем рабіць тое, што належыць".

(Карэспандэнтка: ) "Больш канкрэтна".

(Уладыка: ) "Тлумачу, што мы будзем рабіць тое, што павінны рабіць. Гэтым усё сказана".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG