Допыт вёў памочнік пракурора Партызанскага раёну Руслан Кіеня. Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, праваахоўчыя органы шукаюць зачыншчыкаў несанкцыянаванага выступу рабочых МТЗ, што адбыўся 28 верасьня.
Трактаразаводцы ў той дзень перагарадзілі вуліцу Даўгабродзкую, патрабуючы неадкладнай выплаты заробкаў. На дзьве гадзіны спынілі рух транспарту па гэтай вуліцы, з прычыны чаго горад панёс фінансавыя страты.
Да падазроных асобаў, якія нібыта падбухторылі рабочых на несанкцыянаваны пратэст, трапіў і старшыня Свабоднага прафсаюзу МТЗ Вячаслаў Козел. Менавіта такія высновы зрабіў прафсаюзны лідэр пасьля сёньняшняга дзьвюхгадзінавага допыту ў пракуратуры:
(Козел: ) "Я перакананы, што праваахоўчым органам далі каманду зьверху знайсьці так званага "стрэлачніка", на якога можна было б ускласьці ўсю адказнасьць і выгарадзіць высокіх начальнікаў, якія стварылі гэткае становішча.
Між тым, падзеі 28 верасьня сталі наступствам грубага парушэньня кіраўніцтвам МТЗ працоўнага заканадаўства, артыкулаў калектыўнай дамовы. А парушаюць таму, што адчуваюць сваю беспакаранасьць. Іх ня прыцягнуць да адказнасьці.
Са словаў работніка пракуратуры вынікае, што існуе відэазапіс падзеяў 28 верасьня, дзе фігурую і я. Яны шукаюць вінаватых сярод простых людзей, Свабоднага прафсаюзу. Чуткі па заводзе ходзяць, што мяне як старшыню Свабоднага прафсаюзу мэталістаў абвінавачваюць у тым, што я нібыта арганізаваў гэтую акцыю і што мяне пасадзяць".
Паводле словаў спадара Козла, на трактарным заводзе зараз ціснуць на актыўных удзельнікаў падзеяў 28 верасьня. Начальства, як лічыць лідэр Свабоднага прафсаюзу, гэтак зьбіраецца запалохаць рабочых, прадухіліць магчымыя новыя акцыі пратэсту. Рэч у тым, што зараз на МТЗ працягваецца вытворчы спад, у выніку чаго ўзьнікла пагроза нявыплаты заробкаў у кастрычніку.
Гаворыць рабочы мэханазборачнай вытворчасьці трактарнага заводу Герман Абрамаў:
(Абрамаў: ) "Учора выдалі 50% заработнай платы за месяц для першай і другой групы. Калі выдадуць астатнім групам, невядома. Калі выдадуць астатнія 50%, таксама невядома. Кіраўніцтва матывуе гэта адсутнасьцю грошай. Апроч таго, што наогул людзі зарабляюць мала, дык затрымліваюць і гэтыя грошы.
Я, напрыклад, зарабляю толькі 100 тысяч і мушу ўтрымліваць на іх дваіх дзяцей. Таму грошай у хаце няма. Ёсьць праблемы і з працай. Завод працуе не на поўную магутнасьць. І яшчэ плянуецца перавесьці завод на трохдзённы працоўны тыдзень".
Як вынік, паводле словаў Абрамава, на трактарным заводзе зараз склалася нездаровая атмасфэра, якая ў любы момант можа справакаваць рабочых на новыя выступы.