Цягам году Задзіночаньне беларускіх студэнтаў атрымала пяць папярэджаньняў. Адно зь іх студэнты пасьпяхова абскардзілі ў судзе, і папярэджаньняў засталося чатыры. Але паводле заканадаўства гэтай лічбы дастаткова, каб закрыць грамадзкую арганізацыю.
ЗБС існуе з 1989 году. Арганізацыя прайшла тры перарэгістрацыі. Сёньня колькасьць сяброў арганізацыі складае каля 2000 чалавек. Большасьць сяброў арганізацыі — студэнты вышэйшых навучальных установаў, але ёсьць і навучэнцы тэхнікумаў.
Мінюст пачаў перасьледаваць ЗБС з 2000 году. На думку старшыні студэнцкай арганізацыі Крысьціны Вітушкі, ціск пачаўся пасьля пісьмовага запыту ў розныя ўстановы, каб высьветліць наколькі адпавядае закону прымусовае разьмеркаваньне.
(Вітушка: ) "З усіх міністэрстваў мы атрымалі адказы, а зь Мінюста прыйшло першае папярэджаньне. Падалі скаргу ў суд і атрымалі другое папярэджаньне. Пасьля таго, як мы выйгралі ў судзе, атрымалі трэцяе папярэджаньне.
Такім чынам, папярэджаньняў усяго пяць, але адно абскарджанае. Што да абскарджваньня астатніх чатырох, то цяпер заява ў суд каштуе дваццаць мінімальных заробкаў. Міністэрства юстыцыі вызваленае ад выплаты гэтай мыты, і нават калі мы выйграем справу, а мы ўпэўненыя, што выйгралі б — яны нам гэтых грошай ня вернуць, а для студэнтаў гэта сапраўды грошы вялікія".
У жніўні Радыё Свабода паведамляла пра часовую канфіскацыю кампутараў з офісу ЗБС супрацоўнікамі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў прадстаўнікі ўлады папярэджвалі студэнтаў, каб тыя не займаліся актыўнай прапагандысцкай дзейнасьцю. У кастрычніку старшыню ЗБС Крысьціну Вітушку тройчы выклікалі ў Мінюст на размову. Спачатку да супрацоўніка гэтай установы Аляксандра Харытона, потым да начальніка аддзелу грамадзкіх арганізацыяў Міхаіла Сухініна і нарэшце да новага міністра юстыцыі Віктара Галаванава, які паведаміў у мінулую пятніцу пра скасаваньне рэгістрацыі моладзевай арганізацыі.
Крысьціна Вітушка лічыць, што насамрэч Мінюст выконвае загад уладаў расправіцца з моладзевымі арганізацыямі.
(Вітушка: ) "Першая арганізацыя, якая патрапіла пад пагрозу ліквідацыі — арганізацыя студэнцкая. І на гэтым трэба зрабіць акцэнт. Улады баяцца моцнага студэнцкага руху, актыўных выступленьняў моладзі. Міністар юстыцыі падчас размовы непразрыста намякаў на нашу дзейнасьць улетку і паказваў налепкі ды іншыя агітацыйныя матэрыялы.
Гэта яскрава сьведчыць, якая менавіта прычына скасаваньня рэгістрацыі. Гэта рабіў чалавек, які праз васямнаццаць дзён пасьля прызначэньня гаворыць пра закрыцьцё арганізацыі, а да гэтага, працуючы ў адміністрацыі прэзыдэнта, большасьць сваіх публікацыяў прысьвячаў правам чалавека ў Беларусі", — паведаміла Радыё Свабода старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Крысьціна Вітушка.
Cтаршыня арганізацыі дадала, што пасьля скасаваньня рэгістрацыі студэнты маюць намер працаваць, як раней. Адсутнасьць пячаткі й фірмовых блянкаў не паўплывае на іхныя пляны.