Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКАЯ АМБАСАДА Ў МЕНСКУ СПЫНІЛА ВЫДАЧУ ВІЗАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня раніцай у Менску было мінус два градусы. Гэтыя маразы выклікалі часовае замарожваньне стасункаў Беларусі з Чэхіяй. Хаця сталічныя ўлады заявілі, што ацяпляльны сэзон пачнецца ў суботу 20 кастрычніка, тыя, хто прыйшоў у панядзелак да чэскай амбасады ў Беларусі, убачылі зачыненыя дзьверы й абвестку: "Консульскі аддзел 22 кастрычніка не працуе з прычыны адсутнасьці ацяпленьня".

Кіраўнік амбасады Алеш Фойцік, часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі, пагадзіўся пракамэнтаваць сытуацыю:

(Карэспандэнт: ) "Чым выкліканае закрыцьцё консульскага аддзелу амбасады Чэхіі ў Менску?"

(Фойцік: ) "Гэта вельмі проста. Амбасада заўсёды ёсьць экстэрытарыяльнай часткаю — значыць, тут вы ў Чэхіі. І ў Чэхіі дзейнічаюць нормы, якая мусіць быць тэмпэратура. Я проста ня маю права загадаць людзям, каб яны тут былі, калі тут такая нізкая тэмпэратура, на вуліцы мінус і ацяпленьне тут яшчэ не працуе. Занадта холадна, таму я ня маю права загадаць чэхам, каб працавалі".

Спадар Фойцік дадаў, што амбасада Чэхіі ня мае гэтулькі абагравальнікаў, каб ацяпляць усе свае памяшканьні. Паводле чэскіх стандартаў, у будынку мусіць быць ня менш як 18 градусаў цяпла. Алеш Фойцік паведаміў пра сытуацыю чэскаму Міністэрству замежных справаў і зьбіраўся зрабіць тое ж беларускаму МЗС. А там ад камэнтароў адмовіліся, зазначыўшы, што афіцыйнае ноты ад амбасады Чэхіі не было.

Начальнік аддзелу энэргетыкі Менскага гарадзкога выканкаму Ўладзімер Дацэнка распавёў, што для чэскіх дыпляматаў сёньня вырашылі "зрабіць выключэньне".

(Дацэнка: ) "Дазволілі ім уключыць ацяпленьне — як вынятак. Але ацяпляльны сэзон для адміністрацыйных і вытворчых будынкаў — з 24-га чысла рыхтуецца распараджэньне. Нам жа трэба спачатку жыльлё ўключыць.

Жыльлё заканчваюць. Заўтра да абеду мусяць цалкам усё жыльлё ўключыць. Паводле графіку, у нас жыльлё мусіць заўтра да канца дня ўключацца".

(Карэспандэнт: ) "Чэхам калі цяпло дадуць?"

(Дацэнка: ) "Чэхам сёньня падпісалі дазвол, і сёньня ж — хто там у іх эксплюатуе гэты будынак — уключаць. Але зноў жа як вынятак. У вас, на вашай Свабодзе, уключылі ацяпленьне? Не яшчэ!"

А вось пазыцыя кіраўніка чэскае амбасады:

(Карэспандэнт: ) "Калі заўтра гэтага ацяпленьня ня будзе, консульскі аддзел ня будзе працаваць?"

(Фойцік: ) "Ня будзе. Калі будзе ацяпленьне, тады будзем працаваць".

(Карэспандэнт: ) "Вы ня бачыце ніякіх палітычных прычынаў?"

(Фойцік: ) "Не. Гэта тэхнічнае пытаньне. Я проста не гатовы, каб людзі з-за таго, што яны працуюць, потым хварэлі".

Спадару Дацэнку я задаў пытаньне й пра ацяпленьне ў будынках сталічных чыноўнікаў.

(Дацэнка: ) "Міністэрства жыльлёва-камунальнае гаспадаркі ўключаецца ў апошнюю чаргу".

(Карэспандэнт: ) "А адміністрацыя прэзыдэнта?"

(Дацэнка: ) "Адкуль я... Я што, быў там? Таксама ня мусяць уключацца — па ідэі", — паведаміў Уладзімер Дацэнка, начальнік аддзелу энэргетыкі Менскага гарвыканкаму.

Зрэшты, Аляксандар Лукашэнка ў сваёй рэзыдэнцыі на Карла Маркса, 38, мае электракамін, які сёлета ўключалі нават у ліпені, у 30-градусную сьпякоту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG