Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ МЯНШЫНІ БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЫ ПРАІГНАРАВАЛІ ФЭСТЫВАЛЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ КУЛЬТУРАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Усебеларускi фэстываль нацыянальных культураў адбываецца штогод i традыцыйна ладзiцца пры непасрэдным удзеле грамадзкiх арганiзацыяў, што прадстаўляюць нацыянальныя меньшасьцi. Але сёлета адбор калектываў на гэты фэстываль берасьцейскiя ўлады вырашылi ўзяць пад асабiсты кантроль.

У вынiку, як сьцьвярджаюць кiраўнiкi нацыянальных суполак, пра абласны тур фэстывалю яны даведалiся толькi за 10 дзён. Такое зьняважлiвае стаўленьне да сябе прымусiла вядомыя калектывы, якiя з посьпехам выступаюць ня толькi ў Беларусi, але i за яе межамi, адмовiцца ад удзелу ў заплянаваным уладамi мерапрыемстве.

Так, Iван Трацьцяк, кiраўнiк ансамблю "Каралiнка", якi iснуе пры берасьцейскай фiлii Саюзу палякаў Беларусi, гаворыць, што выступленьнi гэтага калектыву рыхтуюцца за некалькi месяцаў наперад. Таму польскi ансамбль, якi ёсьць пераможцам шматлiкiх конкурсаў ды фэстываляў, ня быў заўважаны на сцэне роднага гораду ў мiнулыя выходныя.

Акрамя "Каралiнкi", гледачы i запрошанае зь Менску журы, ня ўбачылi найбольш таленавiтыя калектывы, што прадстаўляюць Рускае таварыства ды габрэйскую абшчыну. У многiх выклiкала зьдзiўленьне, што берасьцейскiм габрэям было прапанавана выступiць у суботу, якi лiчыцца ў прыхiльнiкаў юдаiзму сьвятым днём.

Кiраўнiк Рускага таварыства ў Берасьцi Сяргей Моладаў сьцьвярджае, што фэстываль нацыянальных культураў пераўтварыўся ў фэстываль упраўленьня культуры аблвыканкаму. Замест сапраўды нацыянальных творчых калектываў у мерапрыемстве, якi ладзiлi ўлады, прымалi ўдзел пераважна прафэсiйныя беларускiя артысты. У iхным рэпэртуары былi выкарыстаныя творы з расейскага, украiнскага ды польскага фальклёру. Асобныя нумары прадстаўнiкаў нацыянальных меншасьцяў, якiх запрасiлi з рэгiёнаў, значна саступалi па сваiх мастацкiх якасьцях.

Зь меркаваньнем прадстаўнiкоў грамадзкiх арганiзацыяў не пагадзiўся начальнiк упраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Рыгор Бысюк. Ён абверг зьвесткi пра тое, што iнфармацыя пра фэстываль была распаўсюджаная запозна. Спадар Бысюк не выключае, што адмова ад удзелу ў фэстывалi некаторых нацыянальных суполак (у прыватнасьцi, Рускага таварыства) мае палiтычную афарбоўку.

Тым часам на прэсавай канфэрэнцыi журналiсты пачулi яшчэ адну гучную заяву з вуснаў кiраўнiка гэтага таварыства Сяргея Моладава. Ён адзначыў, што мясцовыя ўлады не спрыяюць разьвiцьцю культураў памежнага рэгiёну i страцiлi давер у прадстаўнiкоў нацыянальных меншасьцяў, што жывуць на Берасьцейшчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG