Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што актывізацыя палітычнай эміграцыі можа падштурхнуць ўладныя структуры перагледзець і без таго дастаткова жорсткія ўмовы дазволу на выезд.
Шэраг апазыцыйных палітыкаў ужо сутыкаліся з падобнымі абмежаваньнямі. І яны цалкам дапушчаюць, што могуць падвесьці заканадаўчую базу на абмежаваньне выездаў — як своеасаблівы контракрок да апазыцыйных беларускіх палітыкаў, якіх рэгулярна запрашаюць на буйныя міжнародныя саміты.
Лідэр БСДП "Народная грамада" Мікалай Статкевіч быў адным зь першых, хто рэальна зразумеў, як няпроста апазыцыянэру атрымаць дазвол на выезд, калі таго ня хочуць улады.
(Статкевіч: ) "Калі я прыйшоў у прызначаны тэрмін за пячаткай дазволу на выезд, мне ў АВІРы сказалі, што КГБ такога дазволу не дае. Але з улікам, што ў мяне плянуецца шмат паездак, і адна зь іх на запрашэньнье Эўразьвязу, то прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Раўль дэ Лузэнбэргэр зьвярнуўся, каб я даў інфармацыю для падрыхтоўкі так званай вэрбальнай ноты. Гэта падзейнічала, і мяне ледзьве ня самі ўлады запрасілі за пашпартам. Ужо з 2-га лістапада я пачынаю езьдзіць, у мяне сустрэчы з кіраўніцтвам чатырох краінаў — Швэцыі, Нямеччыны, Польшчы й Даніі. Я спадзяюся, што да гэтага заканапраекту яшчэ пасьпею".
(Карэспандэнт: ) "У цяперашніх умовах падобны заканапраект увогуле існаваць можа?"
(Статкевіч: ) "У гэтай краіне ўсё магчыма, бо ёсьць момант псыхалягічны — "жаба душыць". Я магу прыехаць і сустрэцца з прэм'ерамі большасьці эўрапейскіх краінаў, дзе ва ўладзе сацыял-дэмакраты. Зь іншага боку: хто будзе сустракацца з кіраўніком беларускай улады?"
Пакуль што прадстаўнікі ўладаў гэтых чутак не пацьвярджаюць. Так, у прэсавым цэнтры "палаты прадстаўнікоў" мне сказалі, што такога заканапраекту яны не разглядалі. Абвяргаюць падобныя пляны і ў МЗС. Але, ведаючы, што прэзыдэнцкія дэкрэты ніколі не выносяцца на агульнае абмеркаваньне, можна дапусьціць, што грамадзяне зноў могуць апынуцца перад фактам.
А пакуль што беларусы едуць. Сацыёлягі сьведчаць: больш за 70% беларускіх грамадзянаў выказалі жаданьне выехаць зь Беларусі назаўсёды, як толькі будуць мець хоць нейкую магчымасьць. Гэты працэс нарастае.
За апошняе дзесяцігодзьдзе зь Беларусі зьехала каля паўмільёна чалавек. Бальшыня зь іх пакінула краіну апошнія два-тры гады. Перадусім, гэта маладыя людзі, якія ня бачаць пэрспэктываў годнага жыцьця. Зьяжджаюць навукоўцы, літаратары, спартоўцы, а таксама кваліфікаваныя рабочыя. Рэальнасьцю стала палітычная эміграцыя, якой сканчваецца перасьлед рэжымам сваіх апанэнтаў.