На сустрэчы Жана-Віктора Груа з прафсаюзнымі лідэрамі Беларусі абмяркоўвалі цяперашнюю сытуацыю з правамі беларускіх прафсаюзаў і пэрспэктывы супрацоўніцтва зь імі Міжнароднай арганізацыі працы. Вось як рэгіянальны дырэктар МАП пракамэнтаваў нашаму радыё вынікі гэтай сустрэчы:
(Груа: ) "Мы будзем надалей назіраць сытуацыю, ейнае разьвіцьцё ў сувязі са зваротам прафсаюзаў, рэглямэнтам Міжнароднай арганізацыі працы і ў сувязі з рэкамэндацыямі Камітэту па свабодзе аб'яднаньняў. Гэта дастаткова строгія рэкамэндацыі.
МАП ініцыявала шэраг праграмаў дамапогі прафсаюзам СНД, у тым ліку і прафсаюзам Беларусі. І гэта ня толькі словы, варта зьвярнуць увагу на прафсаюзны сайт у Інтэрнэце. Такім чынам, будзе захоўвацца пільная ўвага МАП, а таксама будзе дапамога на тэхнічным узроўні".
Як вядома, у чэрвені каля 170 краінаў сьвету на канфэрэнцыі МАП у сувязі з прафсаюзнымі парушэньнямі прагаласавалі за тое, каб уключыць Беларусь у спэцыяльны параграф Міжнароднай арганізацыі працы. Рашэньне прадугледжвае міжнародны ціск на афіцыйны Менск з мэтай спыненьня антыпрафсаюзных дзеяньняў. Зараз кіраўніцтва МАП мусіць выконваць рашэньне канфэрэнцыі.
Між тым, улады Беларусі на міжнародны ціск рэагуюць млява. Пра гэта на сустрэчы з Жанам-Вікторам Груа гаварылі прафсаюзныя лідэры. Яны паведамілі рэгіянальнаму дырэктару Міжнароднай арганізацыі працы новыя факты пра парушэньні ў Беларусі правоў прафсаюзаў.
Прычым парушэньні з боку ўладаў зафіксавалі ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Сярод іх фінансавая блякада Фэдэрацыі прафсаюзаў, ігнараваньне правоў рабочых Менскага трактарнага заводу, а таксама шэрагу прадпрыемстваў Магілёўшчыны і Гарадзеншчыны аб'ядноўвацца ў суполкі дэмакратычных прафсаюзаў.
Пра гэта на сустрэчы са спадаром Груа гаварыў віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прфсаюзаў Уладзімер Макарчук:
(Макарчук: ) "Пасьля выбараў мы таксама чакалі, што палітыка зьменіцца. Аднак ніякіх паляпшэньняў ня бачна. Больш за тое, яна зьмянілася да горшага. Суды, якія разглядалі прафсаюзныя справы, насуперак заканадаўству прымалі рашэньні супраць прафсаюзаў. Мы бачым, што ўрад дэзінфармуе міжнародную супольнасьць: там заяўляе адно, а робіць зусім іншае".