Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛОСЯ АСЬВЯЧЭНЬНЕ КРЫЖОЎ


Радыё Свабода.

(Соусь: ) “Асьвячаў крыжы айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай народнай праваслаўнай царквы. Мяркуецца, што калі крыжы будуць асьвечаныя, дык гэта абароніць месца пакутніцтва беларускага народу ад разбурэньня. Тут сабраліся больш за 30 сябраў КХП БНФ, яны і ініцыянавалі гэтае мерапрыемства. Таксама тут прысутныя сябры Маладога Фронту і жыхары прылеглага мікрараёну. Дарэчы, вельмі важна, што гэта адбываецца менавіта сёньня, бо сёньня будаўнікі зноў павалілі два крыжы, што былі ўсталяваныя зь іншага боку дарогі. Зрэшты, яны кажуць, што гэта было зроблена ненаўмысна падчас павалкі дрэваў і абяцаюць аднавіць крыжы. Але пакуль гэтага не адбылося.

Сёньня ж раніцай у Курапатах адбыўся надзвычайны інцыдэнт. А сёмай раніцы па дарозе ехала калёна ўнутраных войскаў. За 300 мэтраў да лягеру абаронцаў Курапатаў калёна запаволіла хаду, уключыла фары, і калі БТРы параўналіся зь лягерам, фары скіравалі ў бок абаронцаў Курапатаў. Паводле аднаго зь сяброў Кальварыйскай рады Маладога Фронту, гэткім чынам улады хочуць запалохаць абаронцаў Курапатаў.

Сёньня ж у Курапатах таксама вядуцца археалягічныя раскопкі. Сёньня дасьледуюць дзьве яміны, заўтра будзе яшчэ адна раскапаная, і пасьля абеду будзе рыхтавацца папярэдняе заключэньне па выніках раскопак”.

(Ціхановіч: ) “Ганна, раней перадавалася, што грамадзкі камітэт у абарону Курапатаў зьвярнуўся да сьвятароў усіх канфэсіяў з просьбай адказаць на пытаньне, ці маральна будаваць дарогу на касьцях бязьвінна расстраляных людзей. Так што пакуль, паводле вашага паведамленьня, адгукнулася толькі Беларуская народная праваслаўная царква?”

(Соусь: ) “Так, наколькі мне вядома, Леаніда Акаловіча запрашала кіраўніцтва КХП БНФ. Запрашалі і сьвятароў іншых канфэсіяў, але яны не пагадзіліся. Зрэшты я бачыла, што сюды падыходзіў айцец Уладзімер з царквы ў Зялёным Лузе, што цяпер будуецца. Там ёсьць каплічка, якую ён даглядае. Але ён не далучыўся да асьвячэньня крыжоў.

І яшчэ адна рэч. Вось нядаўна ў менскае бюро Радыё Свабода заходзіў Зянон Мейкін з Астраўца. Ён выказаў цікавую папанову – ён мяркуе, што добра было б, каб усе нашчадкі тых людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў, калі едуцуь па кальцавой дарозе, везьлі сюды камяні. Зь цягам часу з гэтых камянёў можна было б зрабіць помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Паколькі дзяржава дагэтуль гэтага зрабіць ня здолела, то помнік мог бы быць збудаваны з камянёў, прывезеных з тых мясьцінаў, дзе некалі жылі пакутнікі. Зянон Мейкін папрасіў сваю прапанову перадаць праз Радыё Свабода слухачам”.

(Ціхановіч: ) “Колькі на гэты момант усталявана крыжоў і як яны выглядаюць? Ці ёсьць там традыцыйныя ручнікі, або гэта простыя крыжы?”

(Соусь: ) “На некаторых ёсьць традыцыйныя ручнікі, ёсьць абразы, побач з крыжамі стаяць зьнічы, кветкі. Крыжоў ужо пад сотню. І гэта вельмі важнае пытаньнеі для тых, хто ставіў крыжы, і для будаўнікоў. Калі праз некалькі дзён будзе прынятае рашэньне будаваць далей, ці пойдуць будаўнікі на крыжы? Будаўнікі кажуць, што самі здымаць крыжы ня будуць, што гэта мусяць зрабіць тыя, хто іх ставіў. А тыя, хто ставіў, наўрад ці пагодзяцца іх прыбіраць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG