Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДА БЯСЬПЕКІ БЕЛАРУСІ РАЗГЛЕДЗЕЛА СТАН БАРАЦЬБЫ З ТЭРАРЫЗМАМ У СУВЯЗІ З АПОШНІМІ ПАДЗЕЯМІ Ў СЬВЕЦЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Пытаньне стану барацьбы з тэрарызмам ды іншымі сучаснымі пагрозамі ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі ў сьвеце Рада Бясьпекі разглядала за зачыненымі дзьвярыма. Супрацоўнікі сакратарыяту Рады Бясьпекі паведамілі Свабодзе, што абмяркоўвалі крокі, якія павінна зрабіць Рэспубліка Беларусь, у сувязі з тэрарыстычнымі актамі ў ЗША і вайсковымі дзеяньнямі ў Афганістане. Якія гэта крокі — пакуль не паведамляюць.

(Супрацоўнік сакратарыяту: ) "Ведаеце, пра канкрэтныя захады ніхто не даведаецца, таму што паседжаньне праходзіла ў вузкім складзе. Гэта матэрыял службовы, гэта нейкі кардынальны дакумэнт", — паведаміў супрацоўнік сакратарыяту Рады Бясьпекі.

Прэсавы сакратар КГБ Беларусі Фёдар Котаў зазначыў, што разглядалі пытаньне гатовасьці Беларусі да барацьбы з тэрарызмам, і асноўным дакладчыкам быў старшыня КГБ Леанід Ерын.

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Барысевіч зазначыў Свабодзе, што разглядалі ня толькі задачы, але й давалі ацэнку той працы, якая праводзілася і праводзіцца ў справе барацьбы з тэрарызмам.

Мікалай Барысевіч паведаміў, што ў Беларусі своечасова ўзяліся за вырашэньне гэтай праблемы, была прынятая адпаведная дырэктыва.

(Барысевіч: ) "Перш за ўсё мы павінны забясьпечыць інтарэсы нашай краіны і грамадзянаў Беларусі. Трэба прымаць усе неабходныя меры, каб забясьпечыць спакойнае стабільнае жыцьцё і дзейнасьць краіны. І на гэтым этапе гэтая мэта рэалізуецца", — сказаў прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Мікалай Барысевіч.

Ён таксама не гаварыў пра канкрэтныя пагрозы і крокі па іхным папярэджаньні, карыстаючыся больш агульнай фразай "паставілі задачу рабіць усе неабходныя захады, і гэтая задача выконваецца".

Такім чынам, беларускае кіраўніцтва адчувае сябе цяпер даволі спакойна, зазначаючы, што трымае сытуацыю пад кантролем.

На думку незалежнага аналітыка Аляксея Караля, урад у пэўным сэнсе самазаспакойваецца, прычым не зусім абгрунтавана, паколькі Беларусь застаецца памежнай, транзытнай краінай, празь якую ідуць шляхі наркагандлю ды іншай злачыннасьці:

(Кароль: ) "Тут справа зьвязаная яшчэ і з асобнай пазыцыяй ураду Беларусі адносінах да Амэрыкі, і ў адносінах з краінамі, дзе існуюць дыктатарскія рэжымы. Калі ўрад мяркуе, што менавіта вось гэтыя адносіны з гэтымі краінамі пазбаўляюць Беларусь ад пагрозы тэрарызму, то яны памыляюцца. У тым сэнсе, што такая пазыцыя можа мець і вельмі адмоўныя наступствы".

На думку Аляксея Караля, Беларусі можа пагражаць і так званы транзытны тэрарызм, скіраваны на Расею. Але беларускія ўлады, працягваючы сваю ранейшую замежнапалітычную лінію, часам выразна антыамэрыканскую, гатовыя цяпер дэмастратыўна заявіць, што агульныя праблемы заходняга свету Беларусі не датычацца. Але гэта памылка, — мяркуе Аляксей Кароль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG