Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЧАЛЬНІК КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫШУКУ БЕЛАРУСІ АБВЕРГНУЎ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ ТЭЛЕВІЗІІ І АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ ПРА МЕСЦАЗНАХОДЖАНЬНЕ ГАНЧАРА, ЗАВАДЗКАГА І ЗАХАРАНКІ


Любоў Лунёва, Менск

Валянцін Патаповіч паведаміў журналістам пра вынікі апэрацыі "Пошук", якую праводзілі праваахоўчыя органы з 2 па 14 кастрычніка. Ён падкрэсьліў, што нягледзячы на шэраг раскрытых злачынстваў, ён як прафэсіянал ня вельмі задаволены вынікамі апэрацыі.

Што да зьніклых бязь вестак людзей, палкоўнік Патаповіч адзначыў тэндэнцыю рэзкага павелічэньня іхнай колькасьці — з 1995 году амаль удвая.

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, якая прычына гэткай сумнай статыстыкі, спадар Патаповіч назваў легалізацыю замежных паездак у заходнія краіны. Але ўзгадаў і пра грамадзянаў, якіх адшукалі ў Расеі. Каля 70% іх знайшлі ў Маскве і Маскоўскай вобласьці.

Начальнік крымінальнага вышуку абверг выказваньні прадстаўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі наконт знаходжаньня Віктара Ганчара ў Расеі, а Зьмітра Завадзкага ў Асетыі. Таксама ён абверг зьвесткі, распаўсюджаныя Беларускім тэлебачаньнем пра тое, што Юры Захаранка ў Нямеччыне. Іншай інфармацыі ў справе зьнікненьня вядомых палітыкаў, журналіста і бізнэсоўца спадар Патаповіч не паведаміў.

Валянцін Патаповіч абвесьціў, што ў Менску неўзабаве пачне працаваць новая служба — Бюро няшчасных выпадкаў. Туды будзе накіроўвацца ўся інфармацыя пра надзвычайныя здарэньні альбо няшчасныя выпадкі зь людзьмі.

(Патаповіч: ) "Грамадзянін можа патэлефанаваць туды й атрымаць нейкую інфармацыю адразу, альбо пакінуць свае каардынаты, і зь ім абавязкова зьвяжуцца. Ня трэба будзе тэлефанаваць у міліцыю, калі не прыйшоў дахаты хтосьці са сваякоў. Тым больш, што ў нас склалася практыка, калі родных возяць па моргах, і яны вымушаныя глядзець на ўсе неапазнаныя трупы. Па-чалавечы гэта вельмі жорстка.

Бюро будзе ўтворанае пры Галоўным упраўленьні ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, і туды будуць накіроўваць усю інфармацыю. Гэта дазволіць нам зьняць нагрузкі з крымінальнага вышуку".

Мы пацікавіліся таксама, ці будзе нарэшце ў Беларусі адмысловая служба абароны сьведкі. Палкоўнік Валянцін Патаповіч даў станоўчы адказ.

(Патаповіч: ) "Распрацоўваюцца нарматыўныя акты па абароне сьведкі. Артыкул 20 Крымінальнага кодэксу вызваляе ад крымінальнай адказнасьці сьведку, які сам зьяўляўся сябром злачыннай групоўкі, але дапамог праваахоўчым органам у раскрыцьці злачынства, а потым сьведчыў у судзе. Але мы разумеем, што пакуль гэты патэнцыйны сьведка не атрымае гарантыі сваёй бясьпекі, на супрацоўніцтва са сьледчымі органамі ён ня пойдзе.

Мы днямі сустракаліся з прадстаўнікамі службы абароны сьведкі Літвы. Нас зацікавіў іхны вопыт. Я мяркую, што мы скарыстаемся іхнымі нарматыўнымі распрацоўкамі".

Начальнік крымінальнага вышуку краіны спадар Патаповіч мяркуе, што гэта будзе садзейнічаць паляпшэньню крымінагеннай сытуацыі ў Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG