Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРЫГОРЫ ЯЎЛІНСКІ: Я БЫЎ РАНЕЙ І ЁСЬЦЬ ЗАРАЗ СУПРАЦЬ ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ СУВЭРЭНІТЭТУ


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сп-р Яўлінскі, як Вы ацэньваеце палітыку Расеі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Якіх зьменаў у беларускай палітыцы Масквы можна чакаць зараз, пасьля выбараў?”

(Яўлінскі: ) “Палітыка Расеі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі была дваістаю і двухсэнсоўнаю. Расейская афіцыйная палітычная эліта падтрымлівала Лукашэнку і падтрымлівала ўсімі магчымымі сродкамі. Пры гэтым падтрымліваліся амаль любыя ягоныя дзеяньні. Гэта было палітычнае рашэньне, і гэтае рашэньне рэалізоўвалі амаль усе расейскія афіцыйныя асобы – пачынаючы ад мэраў гарадоў і сканчаючы сябрамі ўраду. Разумеючы, аднак, што сабою ўяўляе беларускі прэзыдэнт, нават прэзыдэнт Пуцін крыху ўстрымліваўся ад зусім ужо наўпроставай падтрымкі. Але ўся машына была запушчаная. Расейскія мэдыі ў розныя пэрыяды атрымлівалі розныя загады. Пэўны час яны пачувалі сябе вольна і даволі рэзка крытыкавалі кандыдата ў прэзыдэнта Лукашэнку, але на самым апошнім этапе яны атрымалі адпаведны загад і сытуацыя зьмянілася – яны адназначна падтрымлівалі прэзыдэнта Беларусі. Я мяркую, што такая двухсэнсоўная палітыка будзе і надалей. Расея будзе дамагацца сваіх мэтаў ад Лукашэнкі рознымі мэтадамі. І я ня думаю, што ў бліжэйшы час штосьці істотна зьменіцца”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Яўлінскі, у апошні час актывізавалася падрыхтоўка Канстытуцыйнага акту беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы, абмяркоўваецца парадак абраньня і аб’ём паўнамоцтваў саюзнага парлямэнту. Наколькі гэтыя ініцыятывы падаюцца Вам сур’ёзнымі? Калі выбары ў саюзны парлямэнт ўсё ж такі адбудуцца, ці будзе Вашая партыя ў іх удзельнічаць?”

(Яўлінскі: ) “Я мяркую, што гэта несур’ёзная ініцыятыва. Я наогул супраць розных надбудовачных структураў. Я лічу, што гэтая ініцыятыва больш зьвязана з бескантрольным выдаткоўваньнем грошай і гэта ў большай ступені выгадна тым групоўкам, якія на гэтым няблага заробяць. Апроч таго, сёньня я ня бачу сэнсу ў такім рашэньні. Я лічу, што Расея і Беларусь – сапраўды вельмі блізкія і, калі так можна сказаць, ўзаемазьвязаныя дзяржавы. Але я і раней і зараз супраць пазбаўленьня Беларусі сувэрэнітэту. Калі мне кажуць, што Беларусь – гэта братэрская краіна, я адказваю: “Выдатна. Але калі гэта Ваш брат, то ня трэба яго пазбаўляць пашпарту. Ня трэба яго пазбаўляць свабоды і годнасьці. Калі гэта Ваш брат. Наадварот, Вы мусіце яму дапамагаць быць свабодным, годным і самастойным. Навошта ж Вы робіце ўсё наадварот?” Спробы стварыць такую надбудовачную структуру адбываюцца на тле таго, што у нас няма правільна арганізаваных эканамічных сувязяў, няма свабоднага гандлю, няма свабоднага руху капіталу, няма свабоды друку і свабоднага абмену ідэямі і людзьмі. Пры тым, што усе фундамэнтальныя лібэральныя, эўрапейскія каштоўнасьці абсалютна ігнаруюцца, павбудова такой структуры – рэч ня толькі бессэнсоўная, але і можа стаць шкоднаю. Яна дэзарыентуе людзей. Я лічу, што правільным было б стварыць адзіную эканамічную прастору для свабоднага гандлю – вось гэта было б добра. Мы ў партыі не абмяркоўвалі пытаньне пра ўдзел у выбарах у саюзны парлямэнт. Але калі абмеркаваньне адбудзецца, я лічу, будзе шмат уплывовых у партыі людзей, якія будуць лічыць, што удзельнічаць у такіх выбарах ня варта, каб іх не лігітымізаваць”.

(Дракахруст: ) “Рыгор Аляксеевіч, Вашая фракцыя “Яблык” – адзін з арганізатараў грамадзкіх слуханьняў у справе зьніклага ў Беларусі апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Чаму фракцыя расейскай Думы ладзіць слуханьні наконт лёсу грамадзяніна іншай краіны?”

(Яўлінскі: ) “Так, нашая фракцыя падтрымлівае правядзеньне слуханьняў па справе зьніклага апэратара ОРТ. Мы лічым гэта сваім абавязкам. Больш таго, мы лічым сваім абавязкакм уважліва сачыць і рэагаваць на дасьледаваньні справаў зьніклых палітыкаў Беларусі. Да мяне зьвярталіся па гэтых справах, мы зрабілі адпаведныя запыты, каб уся інфармацыя, якая ёсьць у расейскіх спэцслужбаў, у расейскай пракуратуры, была прадастаўленая. Іншая справа, што нашыя афіцыйныя ведамствы ня хочуць гэтым займацца. Але мы лічым сваім абавязкам займацца гэтым. Вось у гэтым мы бачым нашую блізкасьць і адзінства, нам неабыякавы лёс грамадзянаў, якія жывуць у Беларусі. Менавіта таму ў свой час мы пакінулі залю Думы, калі былі нязгодныя з той палітыкаю, якую праводзіць Лукашэнка”.

(Дракахруст: ) “Зараз у Беларусі шмат гавораць пра экспансію расейскага капіталу: Алег Дзерыпаска хоча купіць Менскі аўтазавод, Вагіт Алекпераў – Наваполацкі “Нафтан” і г.д. Як Вы ставіцеся да гэтага працэсу?”

(Яўлінскі: ) “У дадзеным выпадку размова ідзе не пра экспансію расейскага капіталу. Размова ідзе пра экспансію расейскіх алігархаў. Гэта два розныя працэсы. Гэты працэс я разглядаю, як экспансію расейскіх алігархаў, расейскіх манаполіяў. Калі тысячы сярэдніх уласьнікаў прыйдуць на Беларусь ствараць свае прадпрыемствы, гэта я буду лічыць экспансіяй расейскага капіталу. А калі звышманаполіі Расеі – нафтавыя ці іншыя скупляюць беларускія заводы, то гэта іншы працэс. Гэта супэрманаполіі ствараюць яшчэ большыя манаполіі”.

(Дракахруст: ) “І Вы лічыце, што гэты працэс ня можа прынесьці Беларусі нічога добрага?”

(Яўлінскі: ) “Калі грошы будуць укладзеныя у Менскі аўтазавод, каб павялічыць колькасьць працоўных месцаў ўдвая ці ўтрая, калі ягоная прадукцыя стане канкурэнтнааздольнаю, гэта будзе добра. Аднак мушу заўважыць, што пакуль у Расеі, акрамя сыравінных прадпрыемстваў, за гэты час нічога не было зроблена”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG