Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА 500 ЖЫХАРОЎ ЗЯЛЁНАГА ЛУГУ ЎЖО ПАДПІСАЛІСЯ ПАД ЗВАРОТАМ ЗА БУДАЎНІЦТВА КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ Ў АБ’ЕЗД КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Ужо больш за 500 жыхароў Зялёнага Лугу падпісаліся за будаўніцтва кальцавой дарогі ў аб'езд Курапатаў. Сёньня ўвечары каля 50 падпісантаў сабраліся на мітынг. Яны не хавалі свайго абурэньня. Прыкладам, Яўгенія Назарава мяркуе, што неўзабаве іхны мікрараён можна будзе называць не "Зяленым", а "Карычневым Лугам".

(Назарава: ) "Замест спальнага тут будзе забруджаны раён. І жыць будзе немагчыма. У нас усе дзіцячыя пляцоўкі выходзяць на гэтую кальцавую дарогу — 15 мэтраў да кальцавой дарогі".

А пэнсіянэр Аркадзь лічыць, што варта вярнуцца да праекту 1993 году і пракласьці дарогу ў аб'езд урочышча.

(Аркадзь: ) "Забруджанасьць, пыл, загазаванасьць... Трэба пераносіць дарогу далей ад жылых дамоў".

У свой час жыхары Зялёнага Лугу ўжо зьвярталіся да ўладаў з просьбамі ды патрабаваньнямі ня весьці рэканструкцыю дарогі ледзь не пад іхнымі вокнамі, але гэтыя захады не далі плёну. Гаворыць спадарыня Ірына:

(Ірына: ) "Я не задаволеная, што тут праходзіць гэтая дарога. Раней я хадзіла па дому ды зьбірала подпісы супраць будоўлі дарогі. Пад лістом падпісаліся 166 чалавек, але ўсё роўна дарогу зрабілі".

(Карэспандэнтка: ) "А калі Вы зьбіралі подпісы?"

(Ірына: ) "Месяц таму".

(Карэспандэнтка: ) "На чыё імя быў ліст?"

(Ірына: ) "Паўлава... Супраць улады, як гавораць, нічога ня зробіш".

Мітынг засьведчыў, што ўсё ж жыхароў Зялёнага Лугу больш хвалюе экалёгія мікрараёну і абыякавасьць уладаў, чым праблема захаваньня памяці пра ахвяраў камуністычнага тэрору. Людзей абурае, што зь імі ніхто не параіўся, калі прымалі рашэньне пра рэканструкцыю дарогі. Пэнсіянэр спадар Валянцін гаворыць:

(Валянцін: ) "Прэзыдэнта прыслаць, сюды запрасіць... А так — што хачу, тое й раблю. А людзям жыць трэба. Для транспарту ўсё робяць, так? А вось для людзей дрэнна робяць. Вось ёсьць побач бэтонная дарога. Чаму там не зрабіць?"

У выніку сёньняшняй сустрэчы жыхары Зялёнага Лугу стварылі ініцыятыўную групу з 10 чалавек, якая будзе дамагацца будаўніцтва дарогі ў аб'езд Курапатаў. З гэтай прапановай яны будуць зьвяртацца ў сродкі масавай інфармацыі, а таксама будуць дамагацца сустрэчы з высокімі чыноўнікамі з Савету Міністраў й адміністрацыі прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG