Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ КАПІТАЛ ПРАІГНАРУЕ ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Паводле Міністэрства статыстыкі Нямеччыны, сёлета нямецкі экспарт у Расею ў параўнаньні зь леташнім вырас на 56%, вялікую долю ў гэтым экспарце займаюць інвэстыцыйныя тавары.

Адзін вядомы ў Нямеччыне палітык, сябар Свабоднай дэмакратычнай партыі й палітычны апанэнт Герхарда Шродэра ў размове са мной сказаў: "Палітыка Эўразьвязу да Рэспублікі Беларусі робіцца ў Бэрліне, а не ў Брусэлі. Паколькі менавіта Нямеччына, а не Ангельшчына, Гішпанія, Партугалія маюць цікавасьць да беларускага рынку... Што тычыцца Шродэра, то ў інтарэсах нямецкіх фірмаў ён можа пайсьці на любое супрацоўніцтва".

Прафэсар Генадзь Грушавы, які днямі вярнуўся зь Нямеччыны, дзе браў удзел у круглых сталах з удзелам вядучых нямецкіх палітыкаў, лічыць:

(Грушавы: ) "Эканоміка ёсьць эканоміка. Тут ігнаруюцца розныя палітычныя перашкоды. У Беларусь гатовыя інвэставаць, нягледзячы ні на якія парушэньні правоў чалавека. Іншая справа, што тут парушаліся ўсе цывілізаваныя законы і нормы, якія неабходныя прадпрымальнікам, каб пасьпяхова працаваць на рынку".

Паводле прафэсара Грушавога, нямецкія бізнэсоўцы сёньня маюць асаблівую цікавасьць да Беларусі як да памежнага з Эўразьвязам рэгіёну. Да ўсяго іншага, у справе засваеньня гэтага новага рынку немцы ўжо маюць канкурэнтаў у выглядзе эканамічна магутных азіяцкіх дзяржаваў — Паўночнай Карэі, Кітаю.

Некаторыя беларускія экспэрты перакананыя, што шанцы ў немцаў, аднак, лепшыя. Нямецкія грошы будуць укладацца ня толькі ў інвэстыцыйныя тавары, прадпрыемствы, але і ў розныя інфраструктуры, у той жа рынак нерухомасьці.

Як лічаць прадстаўнікі нямецкай прадпрымальніцкай клясы, абнадзейвае, што Беларусь проста ня мае ніякіх шанцаў на выжываньне зь ейнай цяперашняй кантрольна-адміністрацыйнай эканамічнай сыстэмай, а значыць, працэсы лібэралізацыі непазьбежныя.

Паводле кіраўніка Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі, бізнэсоўцы Нямеччыны ставяцца да аб'яўленых Лукашэнкам крокаў лібэралізацыі з памяркоўным аптымізмам:

(Аўгусьцінскі: ) "Пасьля дамоваў між Лукашэнкам і былым амбасадарам Вінкельманам беларускі бок пачаў праводзіць рэгулярныя сустрэчы зь нямецкімі фірмамі, сябрамі Нямецкага эканамічнага клюбу і абмяркоўваць усе цяжкасьці, зь якімі сустракаюцца нашыя партнэры.

Дарэчы, сёньня на беларускім рынку прадстаўлена больш за 400 нямецкіх фірмаў з статутным фондам каля 75 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, некаторыя з буйных нямецкіх фірмаў разглядаюць магчымасьць свайго ўдзелу ў Каардынацыйнай Радзе па інвэстыцыях, якая створаная пры кабінеце беларускага прэм'ера".

Сярод першых заяўленых крокаў беларускага кіраўніцтва на шляху зьмены інвэстыцыйнага клімату: спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі й скарачэньне ліцэнзаваных відаў дзейнасьці.

Шэраг беларускіх і нямецкіх аналітыкаў не выключае, што дэмакратызацыя грамадзтва можа ажыцьцяўляцца з дапамогай эканамічных рычагоў. Сёньня большая частка беларусаў дзеяздольнага ўзросту з высокім узроўнем кваліфікацыі мае адзіны намер — прадацца ня важна якому працадаўцу, але за адэкватныя грошы.

Пранікненьне на наш рынак заходняга капіталу дазваляе кваліфікаванай працоўнай сіле працаваць легальна і на сваёй тэрыторыі. Гэта тая сіла, — лічаць экспэрты, — якая здольная паўплываць на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG