Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАХАВАЛІ МАКСІМА ЛУЖАНІНА


Валянціна Аксак, Менск

Цырымонія разьвітаньня са старэйшым беларускім паэтам была сугучнаю сёньняшняму ціхаму, сьветламу восеньскаму дню. Прырода нібы дзячыла паэту за тое, што пражыў ён жыцьцё згодна спрадвечнай, сялянскай мудрасьці — парадкуючы ад вясны да позьняй восені сваю гаспадарку. Пра тое гаварылі на грамадзянскай паніхідзе ў Доме літаратара намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц, паэт Мікола Мятліцкі, празаік Анатоль Бутэвіч, кінарэжысэр Юры Цьвяткоў.

Ад імя землякоў Максіма Лужаніна прамаўляў загадчык аддзелу культуры Салігорскага гарвыканкаму Іван Бліновіч. Ён сказаў:

(Бліновіч: ) "Мне пашчасьціла быць на 90-годзьдзі Максіма Лужаніна, дзе я зьняў фільм пра гэтага вялікага чалавека. І сёньня, калі яго ня стала, гэты фільм будзе выхоўваць тых, пра каго ўсё жыцьцё ён клапаціўся..."

А адзін з самых блізкіх сяброў Максіма Лужаніна паэт Анатоль Вярцінскі назваў свайго старэйшага калегу й настаўніка чалавекам-знакам. Нават тое, што на вечны спачын Максім Лужанін пайшоў напярэдадні праваслаўнага сьвята Пакроваў, спадар Вярцінскі лічыць сымбалічным. Ня кажучы ўжо пра іншыя невыпадковасьці ягонага доўгага стваральнага жыцьця.

(Вярцінскі: ) "Ягоным школьным настаўнікам на Случчыне быў легендарны Юрка Лістапад. У менскім пэдтэхнікуме, які, дарэчы, насіў імя Ўсевалада Ігнатоўскага, Максім Лужанін вучыўся ў Якуба Коласа і Язэпа Лёсіка. У тым жа тэхнікуме будучы паэт, маючы добры голас, сьпяваў у хоры, якім кіраваў славуты Ўладзімер Тэраўскі. Сьпяваў, між іншага, і ваярскі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Праўда, крыху зьменены, але ж..."

Заўважыў Анатоль Вярцінскі і яшчэ шмат сымбаляў у лёсе Максіма Лужаніна. Прыкладам, апошнімі кнігі, што прачытаў Лужанін, былі "Сымболіка беларускае народнае культуры" і зборнік выбраных вершаў Ларысы Геніюш.

Паміраў Максім Лужанін на руках унучкі рэпрэсаванага сябра маладосьці Тодара Кляшторнага. І гэта таксама не выпадкова, бо ня маючы напрыканцы жыцьця кроўных сваякоў, ён меў вялікую сям'ю духоўнае радні, якая й выправіла сёньня паэта ў апошні шлях, на могілкі прыгараднае вёскі Паперня, дзе ён быў пахаваны па праваслаўным звычаі побач са сваёй жонкай — знанай беларускай паэткай Яўгеніяй Пфляўмбаўм.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG