Судзьдзя спадарыня Каляда сёньня пакарала прафсаюзнага работніка Аляксандра Талпеку штрафам на адзін мінімальны заробак, што складае 7500 рублёў. Каб высьветліць усе нюансы гэтай адміністрацыйнай справы, зьвязанай, паводле Каляды і кіраўнікоў гарвыканкаму, з парушэньнем выбарчага заканадаўства, судзьдзі спатрэбілася правесьці 5 паседжаньняў.
Нагадаю, што 31 жніўня спадар Талпека на стале ў сваім кабінэце знайшоў дзьве ўлёткі, аўтары якіх заклікалі настаўнікаў галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за Ўладзімера Ганчарыка. Прафсаюзны работнік паказаў улёткі загадчыцы гараддзелу адукацыі Ганьне Ярмалінскай.Тая — кіраўніцы выканкаму Ганьне Лаўрукевіч і ейнай намесьніцы Галіне Пятрашцы.
Азнаямленьне выканкамаўскага чынавенства з агітацыйнымі ўлёткамі завершылася складаньнем акту на спадара Талпеку пра нібыта парушэньне выбарчага заканадаўства. Гэты дакумэнт Аляксандар Талпека не падпісаў.
Даказаць наўмысны распаўсюд улётак у Салігорскім гарвыканкаме ні Ганна Ярмалінская , ні Галіна Пятрашка, ні іншыя чыноўнікі ня здолелі. Апытаны ў судзе мінулай пятніцай яшчэ адзін намесьнік старшыні гарвыканкаму Васіль Шухоўскі не пацьвердзіў вэрсію Ярмалінскай і Пятрашкі.
Тым ня менш судзьдзя Каляда не апраўдала адказчыка, а дала яму мінімальнае грашовае пакараньне.
Вось як пракамэнтавала вырак актывістка Беларускага Гельсынскага камітэту Ларыса Насановіч, якая прадстаўляла інтарэсы спадара Талпекі ў судзе:
(Насановіч: ) "Гэта зроблена для таго, каб прадэманстраваць усяму гораду Салігорску, што ўлада мае сілу. Калі ўлада захоча, чалавек будзе пакараны і будзе вінаваты — нават калі чалавек ні ў чым не павінны".
Сам Аляксандар Талпека паведаміў Радыё Свабода, што вырак ён будзе абскарджваць у Менскім абласным судзе.