Паводле Хаджы Абдул Кабіра, які займае пасаду памочніка талібанскага прэм’ер-міністра, Усама бін Ладэн можа быць перададзены трэцяй краіне, калі ўзброеныя сілы Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі спыняць ракетна-бомбавыя ўдары па тэрывторыі Афганістану і пададуць доказы віны бін Ладэна ў тэрактах 11 верасьня.
Кабір адзначыў, што Ўсама бін Ладэн можа быць перададзены толькі той краіне, якая “ніколі не паддасца ціску з боку ЗША”
Учора, у сувязі з гэтым, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сказаў: “Няма ніякай патрэбы весьці перамовы, ці праводзіць абмеркаваньні. Я выразна сказаў талібам, што яны мусяць зрабіць. Няма ніякай патрэбы вырашаць вінаваты бін Ладэн ці не. Мы ведаем, што ён вінаваты.Калі яны хочуць, каб мы спынілі свае ваенныя апэрацыі, яны павінны выканаць нашыя ўмовы і калі я казаў “ніякіх перамоваў”, я ня меў на ўвазе нейкія перамовы”.
Паводле афіцыйнага інфармацыйнага агэнства Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў WAM, нядзельны прыезд міністра замежных справаў талібану ў Пакістан мог азначаць раскол у вышэйшым кіраўніцтве талібаў. У сувязі з гэтым, прадстаўнік талібанскага пасла ў Афганістане Сахаіл Шаген сказаў:
“Гэтыя меркаваньні цалкам не адпавядаюць сапраўднасьці. Я зьвязаўся зь міністэрствам замежных справаў у Кабуле, дзе мне паведамілі, што міністар замежных справаў мула Вакіль Ахмэд Мутавакіль знаходзіцца ў Кабуле і не пакідаў яго.
“Я учаюся, што сярод нас няма ніякага расколу, або падзелу. Аб’яднаньне і згуртаваньне – гэта характэрная рыса афганскага народу, у часе замежнага ўварваньня, у часе агрэсіі, што мы цяпер і маем”.
Пра згуртаванасьць талібаў паведаміў карэспандэнту агенства Reuters і сам міністар Вакіль Ахмэд Мутавакіль, які пры гэтым дадаў, што Ўсама бін Ладэн і духовы лідэр талібаў мула Амар жывыя і здаровыя.
Сёньня, пасьля перамоваў паміж прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Тоні Блэрам і палестынскім лідарам Ясірам Арафатам у справе разьвязаньня ізнраільска-палестынскага канфлікту абодвы лідары выказаліся і адносна антытэрарыстычнай вайны ў Афганістане. Ясір Арафат чарговы раз зганіў тэракты 11 верасьня і сказаў, што палестынскае пытаньне толькі падставы для гэтых тэрактаў. У сваю чаргу Тоні Блэр заявіў наступнае:
“Нашыя атакі на сетку “Аль-Кайды” ў Афганістане – сумны, але неабходны першы крок у барацьбе з тэрарызмам, разьвязаным Усамом бін Ладэнам, ягонай арганізацыяй “Каль Кайда” пры дапамозе і падтрымцы Талібану”.
Сёньня ў Пакістане прайшлі акцыі падтрымкі афганскага руху Талібан і пратэсту супраць дзеяньняў Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў Афганістане.
У месьце Карачы ў сутычках з дэманстрантамі загінулі двое паліцыянтаў. Маніфэстанты заблякавалі вуліцы і закідвалі камянямі аўтамабілі.
У Джалалабадзе на мяжы з Афганістанам арыштаваныя каля ста прыхільнікаў талібану.
У штаце Кашмір, у сувязі з прыездам у Пакістан дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Коліна Паўэла, абвешчаны ўсеагульны страйк.
У часе разгону дэманстрантаў паліцыя ўжывае дубінкі і сьлезацечны газ. Параненыя дзясяткі асобаў.
У сталіцы Інданэзіі Джакарце ля будынку парляманту разагнаная антыамэрыканская дэманстрацыя.
Агенства “Інтэрфакс” падае словы літоўскага міністра абароны Лінаса Лінкявічуса пра тое, што пасьля тэрактаў 11 верасьня ў ЗША, ахова Ігналінскай Атамнай Электрастанцыі была ўмацаваная. На тэрыторыі Літвы радыюс зоны забароненай для палётаў авіяцыі ў раёне станцыі павялічаны з 5 да 10 кілямэтраў, а вышыня палётаў з 6 да 30. У раёне станцыі плянуецца ўсталяваць дадатковыя радары для фіксацыі палётаў.
Цяпер Літва мае намер зьвярнуцца да Беларусі з просьбай усталяваць канкрэтную забароненую для палётаў зону зь беларускага боку.
Паводле дырэктара АЭС Віктара Шавалдзіна фізычная абарона станцыі знаходзіцца на ўзроўні патрабаваньняў МАГАТЭ, але ў беларускай паветранай прасторы недалёка ад станцыі лётаюць грамадзянскія самалёты і немагчыма прадказаць, што будзе, калі адзін зь іх упадзе на тэрыторыю АЭС.
Адразу прасьля тэрактаў 11 верасьня сябра сойму Літвы, лідар партыі кансэрватараў Вітаўтас Ландсбэргіс прапанаваў поўную забарону палётаў над Ігналінай.
Ігналінская АЭС знаходзіцца за тры кілямэтры ад мяжы зь Беларусяй і за 20 кілямэтраў ад Латвіі.