Пяты Міжнародны форум глябальнае вакцыналёгіі з назовам "Вакцыны й імунізацыя" будзе праходзіць у менскім гатэлі "Беларусь" два дні — панядзелак і аўторак. Гэты форум супольна зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, Нацыянальнай акадэміяй навук і Навукова-дасьледчым інстытутам эпідэміялёгіі ды мікрабіялёгіі ладзіць Міжнароднае таварыства кантролю над інфэкцыямі.
Прэзыдэнт гэтага таварыства Эдуард Курстак, прафэсар з канадзкага гораду Манрэалю, у гутарцы з прэсай сказаў, што сібірская язва, або антракс, існавала раней і будзе існаваць далей, але зазначыў:
(Курстак: ) "Антракс можа выкарыстоўвацца як палітычная зброя для дасягненьня некаторых мэтаў некаторымі людзьмі. Але я ня думаю, што мы мусім быць пад стрэсам гэтых праблемаў як галоўных на сёньня праблемаў для здароўя".
Паводле зьвестак з Рэспубліканскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі, у Беларусі людзі не хварэлі на сібірскую язву з 1982 году. Кіраўнік аддзелу эпідэміялягічнага нагляду за карантыннымі й асабліва небясьпечнымі інфэкцыямі Зьміцер Крохін паведаміў:
(Крохін: ) "У нас тэрыторыя бясьпечная што да гэтай інфэкцыі. Адзінае мажлівае заражэньне на тэрыторыі рэспублікі можа быць — гэта больш за 500 стацыянарна небясьпечных пунктаў што да сібірскай язвы. Гэта былыя месцы пахаваньня хворых на сібірскую язву жывёлаў, якія памерлі ад гэтай інфэкцыі".
А ў Галоўнай управе вэтэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня намесьнік яе начальніка Мікола Савіцкі ўдакладніў:
(Савіцкі: ) "У нас апошні выпадак сібірскае язвы быў у Смалявіцкім раёне ў 1999 годзе. Усяго ў нас налічваецца 542 ачагі сібірскае язвы".
(Карэспандэнт: ) "Гэта за які пэрыяд?"
(Савіцкі: ) "А гэта за ўвесь час існаваньня рэспублікі".
А што рабіць у выпадку выкарыстаньня антраксу як біялягічнае зброі?
(Крохін: ) "Калі, крый Божа, тэрарысты дашлюць парашок поштай, дык тут сыстэма такая ж прадугледжваецца, як і супраць любой іншай асабліва небясьпечнай інфэкцыі, якая пагражае нам у пляне завозу, — чумы, халеры", — адказаў беларускі эпідэміялёг Зьміцер Крохін.
Ягоны ж калега з Канады, прэзыдэнт Міжнароднага таварыства кантролю над інфэкцыямі Эдуард Курстак кажа:
(Курстак: ) "Мы ня маем сапраўды добрых вакцынаў супраць антраксу, але маем добрае лячэньне антыбіётыкамі. Таму міністэрствы аховы здароўя мусяць мець запасы антыбіётыкаў на выпадак захворваньня. Але мы думаем, што палітычныя праблемы будуць разьвязаныя тымі краінамі, якія зразумелі, што неабходна працаваць разам, — Злучанымі Штатамі, Расеяй ды Эўропай. Яны аб'яднаныя сёньня дзеля агульнай палітыкі. І з гэткаю мэтай — разьвязаць праблемы, зрабіць людзей шчасьлівымі ва ўсім сьвеце, гэты выпадак, антракс, ня будзе вялікай праблемай. Але неабходна мець на ўвазе, што, мажліва, некаторыя гэтак званыя тэрарысты могуць выкарыстаць антракс, таму мы мусім быць падрыхтаваныя".
Калі для людзей добрай вакцыны супраць антраксу няма, дык для жывёлы ёсьць, кажа Мікола Савіцкі, намесьнік начальніка Галоўнае ўправы вэтэрынарыі Мінсельгасхарчу.
(Савіцкі: ) "Для жывёлаў — добрая вакцына. І іх некалькі. Увёў вакцыну, і імунітэт трымаецца больш за год. З прафіляктычнай мэтай у нас вакцынуецца недзе да 550 тысяч галоў буйнога рагатага скату, больш як 4,5 тысячы дробнага рагатага скату, 30 тысяч коней".
А канадзкі прафэсар Эдуард Курстак на пытаньне карэспандэнта агенцтва ИТАР-ТАСС, што ён можа параіць людзям для прафіляктыкі сібірскае язвы, адказаў гэтак:
(Курстак: ) "Ведаеце, вы ня можаце захоўваць склад антыбіётыкаў у сябе дома з тае прычыны, што вы, можа, атрымаеце сібірскую язву. Але ўсе бальніцы ў буйных гарадах мусяць мець антыбіётыкі ды быць гатовымі прыняць шмат людзей для лячэньня".
Ці ёсьць у Беларусі патрэбныя запасы антыбіётыкаў? На гэтае пытаньне адказвае Зьміцер Крохін з Рэспубліканскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі:
(Крохін: ) "Мы маем запасы антыбіётыкаў, якія ня толькі для сібірскай язвы прадугледжаныя, натуральна. Дадатковых захадаў зараз мы ніякіх ня робім. У нас увогуле сёлета, улічваючы, у прыватнасьці, сытуацыю ў Расеі, у нашых суседзяў з халерай, гэтая сыстэма прыведзеная ў такую баявую гатовасьць", — заспакойвае грамадзянаў Беларусі Зьміцер Крохін з цэнтру гігены й эпідэміялёгіі.