Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ. У ЛОШЫЦЫ АДНАЎЛЯЮЦЬ СЯДЗІБУ


Юрась Барысевіч, Менск

Афіцыйныя мас-мэдыі апяваюць росквіт культуры за Лукашэнкам, але статыстыка кажа пра іншае. Сярэдні беларус заходзіць у музэй раз на тры гады. Міністэрства культуры летась набыла для музэяў толькі 33 творы выяўленчага мастацтва. У дзяржаўных тэатрах беларускія п’есы складаюць толькі траціну рэпэртуару.

10 гомельскіх мастакоў падаравалі свае творы прытулку для састарэлых пры Старадзятлавіцкай больніцы Гомельскага раёну. Паасобныя выставы адбываліся тут і раней, у тым ліку з удзелам замежных аўтараў, а неўзабаве пры больніцы пачне дзеяць сталая галерэя. Ініцыятыву гомельскіх мастакоў падтрымала таварыства “Чырвоны крыж”.

У Музэі гісторыі беларускае літаратуры прайшла прэзэнтацыя навукова-мэтадычнага зборніку “Музэі Беларусі”. Кніга зьмяшчае падрабязную інфармацыю пра ўсе 140 дзяржаўных музэяў: адрасы, плошчы выстаўных заляў і сховішчаў, пералік калекцыяў і найбольш адметных экспанатаў. Кніга напісаная ў беларускай і ангельскай мовах. Выдаўцы — Інстытут праблемаў культуры й Беларускі камітэт Міжнароднае рады музэяў — плянуюць неўзабаве выдаць другі даведнік, прысьвечаны грамадзкім і рэгіянальным музэям краіны.

12 кастрычніка ў Горадні пачаўся фэстываль творчае моладзі “Надзея”. Сярод удзельнікаў — 13 прафэсійных і студэнцкіх тэатраў з абласных цэнтраў, а таксама з Мазыру й Маладэчна. Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатар прывез у Горадню прэм’ерны спэктакль “Д’ябал, зь якога зрабілі асла”. У межах фэстывалю праходзіць выстава твораў трох віцебскіх мастакоў — Аляксандра, Ганны й Марыі Сідаравых.

Старшыня Камітэту па рэстаўрацыі й кансэрвацыі помнікаў Васіль Абламскі на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Дня работнікаў культуры абвесьціў, што падначалены яму камітэт неўзабаве аб’яднаецца з Камітэтам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Агульная колькасьць супрацоўнікаў будзе скарочаная з 27 да 19 чалавек. Малаверагодна, што іх будзе дастаткова для належнай аховы помнікаў культуры, якіх у Беларусі нават дзяржаўная статыстыка налічвае больш за 4 тысячы.

У Зялёным флігелю Лошыцкага сядзіба-паркавага комплексу прайшла літаратурна-мастацкая вечарына, прысьвечаная аднаўленьню дзейнасьці суполкі ТАВІЗ, што дзеяла ў 1920-я гады як адна з фракцыяў “Маладняка”. У адраджэньні традыцыяў беларускага дадаізму пагадзіліся ўзяць удзел прадстаўнікі сучасных літаратурных суполак Бум-Бам-Літ і “Шмэрцвэрк”, рэдакцыя філязофскага часопісу “Паміж”, тэатральна-музычныя гурты “Заслалі казарму” й “Тэатар чарнобыльскіх вожыкаў”. Перад вечарынаю авангардысты наладзілі прыборку сьмецьця з Лошыцкага парку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG