Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. ЦІ БУДЗЕ ЗАЯЎЛЕНАЯ ЛІБЭРАЛІЗАЦЫЯ СЫГНАЛАМ ДЛЯ ЗАХОДНІХ ІНВЭСТАРАЎ?


Вядучая Алена Панкратава

(Панкратава: ) "Меркаваньні пра тое, што Беларусь нават пры перамозе Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах пачне праводзіць больш лібэральны эканамічны курс, я пачула зь некаторых нямецкіх крыніцаў яшчэ дзесьці ў жніўні.

Зразумела, часткова такія прагнозы тлумачыліся надзеямі нямецкіх бізнэсоўцаў, якія знаходзяцца на беларускім рынку, у большай жа ступені тым, што на працягу апошняга году беларускі лідэр праводзіў інтэнсыўныя эканамічныя кансультацыі з тагачасным амбасадарам Вінкельманам.

І вось днямі ў ніжняй палаце Нацыянальнага сходу Лукашэнка агучыў сваё далейшае бачаньне эканамічнага разьвіцьця краіны.

Некаторыя палітыкі ў Беларусі назвалі гэты выступ, у якім закраналіся пытаньні лібэралізацыі эканомікі, чарговым фарсам. Вядома, што за гэтым выступам у Нацыянальным сходзе ўважліва сачылі шматлікія экспэрты — як у нас, так і ў Нямеччыне — краіне, якая паводле беларускага лідэра, займае найбольш канструктыўную пазыцыю да Беларусі.

Маё пытаньне да нямецкага экспэрта — доктара Райнэра Лінднэра, які знаходзіцца на сувязі з намі ў нямецкім горадзе Канстанц — ці можна разглядаць падобныя заявы беларускага лідэра як адпаведны сыгнал для Эўропы?"

(Лінднэр: ) "Мы вельмі ўважліва назіраем за новымі акцэнтамі ў сфэры беларускай палітыкі, у тым ліку палітыкі ў сфэры эканомікі... Першыя сыгналы былі наступныя: прызначэньне Ўрала Латыпава на пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, прызначэньне Генадзя Навіцкага на пасаду прэм'ера, спачувальная рэакцыя беларускага лідэра на тэракты ў ЗША. Не на апошнім месцы і вось гэтыя заявы адносна новых падыходаў да лібэральных рэформаў.

Эўразьвяз вельмі ўважліва адсочвае гэтае разьвіцьцё і гатовы да канструктыўнага, альбо, калі быць больш дакладным, крытычнага дыялёгу. Бо заяўкі адносна эканамічных рэформаў, з аднаго боку — рыторыка, а з другога — ёсьць адчуваньне беларускага лідэра, што без рэформаў, без кантактаў з заходнімі партнэрамі краіна ня зможа разьвівацца ў кірунку сучаснай эўрапейскай дзяржавы.

Як паказвае разьвіцьцё ва Ўкраіне, калі падобныя пытаньні артыкулююцца, гэта азначае, што празь некалькі гадоў урад павінен пачаць ажыцьцяўляць рэформы. Гэта першыя, хоць і вельмі малыя крокі, але яны ўсё ж дэманструюць, што ў парлямэнце і ва ўрадзе ставяцца нейкія новыя акцэнты".

(Залескі: ) "Я так думаю, што і беларускі ўрад, і Лукашэнка ніколі б не адмовіліся б ад замежных інвэстыцыяў, аднак тут ёсьць адна невялікая акалічнасьць. Беларусь заўсёды дэкляравала, што яна чакае інвэстыцыяў, што яна будзе ствараць умовы для інвэстыцыяў і для тых, хто гэта зробіць, аднак атрымлівалася гэта не заўсёды. Бо, як кажуць, д'ябал хаваецца ў дэталях.

Зараз насьпеў час заняцца гэтымі дэталямі, бо зь імі будуць зьвязаныя магчымыя перамены ў бліжэйшыя пяць год. Размова ідзе пра выпраўленьне ўсяго таго, што перашкаджала заходняму капіталу прыйсьці ў Беларусь пры тым, што яму дэкляравалася магчымасьць такая".

(Панкратава: ) "Наш беларускі экспэрт эканаміст Міхал Залескі назваў галоўнай перашкодай для разьвіцьця беларускага рынку гэтак званыя дэталі — да іх належаць і недасканалыя законы, і шматлікія папраўкі да іх — усё тое, што ня можа гарантаваць рынкавай эканоміцы яе галоўнай мэты.

Днямі ў ніжняй палаце Нацыянальнага сходу была створаная новая фракцыя, якая заявіла, што будзе выпраўляць гэтыя дэталі, альбо, іншымі словамі, садзейнічаць эканамічным рэформам: лібэралізацыі, прытоку замежных капіталаў і гэтак далей. Фракцыя называецца "СЭР" (Садзейнічаньне эканамічнаму разьвіцьцю). У яе ўжо ўвайшлі 17 дэпутатаў, сярод якіх Хрол, Кісялёў, Ваганаў.

Дарэчы, гэта другая па ліку фракцыя ў Нацыянальным сходзе. Як і першая фракцыя — "Адзінства", якая была створаная пад прэзыдэнцкія выбары, гэтая другая таксама створаная пад "штосьці" — пад эканамічныя рэформы.

Аднак дэпутаты, якія ініцыявалі стварэньне "СЭР", лічаць, што гэта максымум таго, што можна стварыць у гэтых умовах. Што лічаць нашы экспэрты наконт стварэньня такога блёку?"

(Лінднэр: ) "Я б сказаў, што фармаваньне такога блёку ці фракцыі — гэта можна было б назваць пачаткам беларускага парлямэнтарызму. Паколькі дагэтуль рамкі для разьвіцьця парлямэнтарызму ў Беларусі былі абмежаваныя.

Мінулыя выбары ўвогуле даказалі, што ў фармаваньні парлямэнту існавалі сапраўдныя межы. І вось цяпер створаны такі прагматычны блёк. Гэта неблагая прыкмета.Паколькі ў нас некаторыя з гэтых дэпутатаў вядомыя, а таксама вядома, якія ў іх эканамічныя падыходы, я думаю, што гэта пазытыўнае разьвіцьцё.

Я хацеў бы таксама дадаць некалькі меркаваньняў адносна паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату. Я думаю, што падобныя пытаньні павінны быць у сфэры інтарэсаў гэтае групы. Гэта прыватызацыя, продаж зямлі, паляпшэньне падатковай сыстэмы, празрыстасьць дзяржаўных законаў — гэта вельмі важныя крокі ў паляпшэньні інвэстыцыйнага клімату. І ў Нямеччыне, і ў іншых краінах патэнцыйныя інвэстары чакаюць паляпшэньня эканамічных і палітычных умоваў для інвэстыцыяў у Беларусь".

(Залескі: ): "У школе, дзе я вучыўся, быў выкладчык ваеннай падрыхтоўкі, адстаўны маёр. Ён вельмі добра разьбіраўся у капіталізьме і лічыў, што капіталізмам маніпулююць два пачуцьці — жах і сквапнасьць.

Дык вось, у дадзеным выпадку сквапнасьць перамагла страх, і беларускія капіталісты зразумелі, што ў іх ёсьць пэўныя інтарэсы. І каб адстойваць гэтыя інтарэсы, трэба карыстацца ўсімі даступнымі мэханізмамі грамадзтва. У тым ліку парлямэнтам як грамадзкім мэханізмам. Вось таму яны й стварылі такую фракцыю — "СЭР".

Гэтая фракцыя прадстаўляе інтарэсы беларускага капіталу. То бок яна павінна займацца інтарэсамі беларускага капіталу, тым, што зьвязана з інвэстыцыямі, з правам уласнасьці. Ёсць два асноўныя прынцыпы капіталізму: уласнасьць павінна быць недатыкальнай, а дамовы павінны выконвацца. Вось гэтым і будуць займацца гэтыя парлямэнтары.

Яны будуць дамагацца, каб права ўласнасьці распаўсюджвалася на ўсё, чым валодаюць людзі ў Эўропе, каб у нас не было пэўных выключэньняў, каб мы не адрозьніваліся ад іншых тым, што гэтым нам можна валодаць, а гэтым — не. Гэта першае.

А па-другое, сябры фракцыі будуць клапаціцца пра тое, каб апэрацыі, якія робяцца па ўласнасьці, дамовы, якіх дасягнулі на гэты конт, былі бездакорна выкананыя. Тады інвэстараў і клікаць ня трэба будзе. Людзі самі прыйдуць".

(Панкратава: ) "Аднак ці будзе падобнае разьвіцьцё на карысьць краіне, дзе маюцца вялікія праблемы з правамі чалавека, са свабодай слова, грамадзкіх аб'яднаньняў?

Апошнім часам мы чуем шмат дыскусіяў наконт таго, чый падыход больш карэктны ў дачыненьні да нас. Першы, гэтак званы амэрыканскі падыход: Беларусь трэба пазбавіць розных эканамічных прэфэрэнцыяў і чакаць, пакуль тут ня зьменіцца сытуацыя з правамі чалавека.

Другі, гэтак званы нямецкі: вядома, Беларусь яшчэ далёка не дэмакратычная краіна, але ж папярэдняя ізаляцыйная палітыка, якую Захад праводзіў да яе, не прынесла нічога пазытыўнага".

(Лінднэр: ) "Вы ведаеце, ёсьць розныя падыходы розных дзяржаваў. Напрыклад, блізкая адлегласьць паміж Нямеччынай і Беларусьсю якраз і тлумачыць той падыход, які вы назвалі. Аднак гэта ня значыць, што мы надалей ня будзем пільна сачыць за пытаньнямі правоў чалавека, ня будзем надалей крытычна адсочваць сытуацыю ў беларускіх СМІ, у розных грамадзкіх структурах.

Але ж мы ня толькі партнэры, але й суседзі, бо мяжа Беларусі і Эўразьвязу становіцца агульнай, бо Нямеччына зацікаўленая ў будаўніцтве дачыненьняў зь Беларусьсю, мы ўпэўненыя, што ізаляцыя, якая існавала ў мінулым дзесяцігодзьдзі, не адпавядае новым патрабаваньням сучаснай Эўропы. Мы вельмі б хацелі у рамках крытычнага дыялёгу разьвіваць новыя формы супрацоўніцтва. Гэта і ў межах эканомікі, і ў палітыцы таксама. Таму падыход Нямеччыны выходзіць на новы этап".

(Залескі: ) "Гістарычна заўважаецца так: адстойвае свае правы чалавек, які мае ўяўленьне пра свае правы. Ён павінен быць дастаткова заможным, павінен мець адукацыю, кваліфікацыю, ён павінен мець рабочае месца, ён павінен мець добры заробак. Калі ён усё разумее, то ён павінен змагацца за ўсё гэта.

Вы паглядзіце на тую ж Кастрычніцкую рэвалюцыю — прыйшло 80 чалавек з заводу Міхельсона і 250 з Пуцілаўскага. У іх сярэдні заробак, калі на сучасныя грошы пераводзіць, быў утрая большы, чым у сярэднім па тагачаснай Расеі. Ім хацелася яшчэ болей.

Зь іншага боку, калі чалавек даведзены да ўзроўню спажыўца датацыяў, то адзінае права, за якое ён можа змагацца, — гэта пабольшыць памер датацыяў. Памылка ў тым, што інвэстыцыі разглядаюцца палітыкамі часам як датацыі, як нейкая падачка. Нам нічога ня трэба даваць. Павінны быць роўныя адносіны паміж краінамі, роўныя адносіны дзейнасьці бізнэсоўцаў: нямецкіх, беларускіх. Няхай ўсё гэта разьвіваецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG