Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША РЭЗКА АБМЕЖАВАНЫ ДОСТУП ДА САКРЭТНАЙ ІНФАРМАЦЫІ


Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) “Сяргей, апошнімі днямі мы даволі падрабязна гаварылі пра новы закон у справе барацьбы з тэрарызмам, які ўчора быў прыняты Сэнатам і цяпер паступіў на канчатковае зацьвярджэньне ў Кангрэс ЗША. Але мы ведаем, што днямі паміж прэзыдэнтам Бушам і Кангрэсам ўзьнікла напружаная сытуацыя ў сувязі з тым, што Белы Дом рэзка абмежаваў колькасьць парлямэнтароў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі. Як разьвіваецца канфлікт, ці не адаб’ецца ён на канчатковым прыняцьці закону ў справе барацьбы з тэрарызмам, наагул, на палітычнай сытуацыі?”

(Навумчык: ) “Вольга, сапраўды, такі канфлікт быў, але ён вынікае са спэцыфікі ўзаемаадносінаў паміж галінамі ўлады ў ЗША. Традыцыйна, і гэтай традыцыі ўжо 200 гадоў, прэзыдэнт пастаянна раіцца з кангрэсмэнамі і сэнатарамі адносна тых ці іншых крокаў, як унутрыпалітычных, гэтак і міжнародных. Па-іншаму ён і ня можа рабіць – бо Кангрэс можа сказаваць любое ягонае рашэньне, ці не зацьвердзіць нейкую прапанову. Гэта, канечне, не азначае, што ўсе некалькі сотняў кангрэсмэнаў і сэнатараў не выходзяць зь Белага Дому. Але штодня прэса паведамляе пра нарады прэзыдэнта і яго дарадцаў з кіраўнікамі розных камісіяў Сэнату і Кангрэсу. Уявіце, што нешта падобнае рабіў бы Лукашэнка. Прычым ня мае ніякай розьніцы, да якой партыі належыць кіраўнік таго ці іншага камітэту, і калі б рэспубліканец Буш праігнараваў нейкага сэнатара-дэмакрата, гэта магло б мець непрыемныя наступствы для прэзыдэнта. Тое ж тычыцца і ўсёй, як сказалі б у Беларусі, выканаўчай вэртыкалі. У канкрэтным выпадку, як ты, Вольга, мела на ўвазе, кіраўнікі разьведкі дзяліліся інфармацыяй з кангрэсмэнамі і рабілі гэта абсалютна законна. Высьветлілася, што некаторыя кангрэсмэны проста выбалталі канфэдэнцыйную інфармацыю. У сытуацыі вайны гэта, зразумела, небясьпечна. Таму было прынятае рашэньне, што на некаторыя сакрэтныя нарады будуць запрашацца толькі чатыры парлямэнтары – два кіраўнікі абедзьвюх палатаў і лідэры, як у нас сказалі б, дэпутацкай апазыцыі абедзьвюх палатаў. Але гэта тычыцца толькі вайны з тэрарыстамі і апэрацыяў разьведкі, у астатнім усё застаецца як і раней. Ды й нават пра такі “ўрэзаны” доступ да звышсакрэтнай інфармацыі парлямэнтары большасьць заходніх краінаў ня могуць марыць. Той канфлікт не паўплываў на прыняцьце антытэрарыстычнага закону, прапанаванага Кангрэсу ўрадам. Нагадаю, што закон пашырае правы спэцслужбаў і прадугледжвае больш жорсткія санкцыі за адмываньне грошай”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, што датычна адмываньня грошай. Бясспрэчна, гэта вельмі істотна, бо вядома, што дзейнасьць бін Лядэна якраз і грунтуецца на ягоных фінансавых магчымасьцях, яму ўдалося пашырыць сваю імпэрыю да мільярду даляраў. Што робяць амэрыканскія ўлады, каб пазбавіць тэрарыстаў фінансаваньня?”

(Навумчык: ) “Так, Вольга, цяпер сьледчыя ворганы дэталёва дасьледуюць усе фінансавыя патокі, якія могуць сыходзіць бін Лядэна ці ягоных паплечнікаў, ці нават мець ўскоснае да іх дачыненьне. І, дарэчы, ўзяліся ня толькі за бін Лядэна. Наогул, высьвятляюцца даволі дзіўныя факты – напрыклад, у Тэхасе дабрачынны фонд Holy Land Fundation, афіцыйная мэта якога была гуманітарная дапамога палестынцам (у чым, зразумела, няма ніякага крыміналу) – плюс да таго выплочваў грошы сем’ям тых тэрарыстаў-камікадзе, якія ўчынялі выбухі ў Ізраілі. Натуральна, што пры такой дапамозе гэтыя тэрарысты маглі не хвалявацца за лёс сваіх сем’яў. Парадаксальна, аднак, што фонд мог разьлічваць на дапамогу ад амэрыканскай Агенцыі міжнароднага разьвіцьця – ніводная беларуская дыяспаральная арганізацыя ніколі не атрымала ад гэтага фонду ні цэнту. У гэтыя дні амэрыканскі друк адзначае, што вельмі часта праваахоўчыя ворганы скрозь пальцы глядзелі і на розныя параўнальна дробныя махінацыі асобаў, якія мелі ўскосную сувязь з тэрарыстамі”.

(Караткевіч: ) “Сяргей, а ў якой ступені ЗША, што датычна “брудных грошай”, разьлічваюць на дапамогу іншых краінаў?”

(Навумчык: ) “Безумоўна, разьлічваюць, і новы закон, які прыняў Сэнат, якраз прадугледжвае санкцыі супраць тых замежных інстытуцыяў, якія схільныя да сумнеўных фінансавых апэрацыяў. І вось тут могуць ўзьнікнуць вельмі непрыемныя для тэрарыстаў сытуацыі, прычым часам нестандартныя. Ну, напрыклад, сёньня стала вядома, што адна жанчына, чый муж загінуў 11 верасьня, падала да Усамы бін Лядэна пазоў у суд на мільён даляраў. Адзначу, што пазовы аб матэрыяльнай кампэнсацыі – звычайная рэч у ЗША, прычым сумы салідныя, напрыклад, за сэксуальнае заляцаньне кіраўніка да падначаленай – мінімум чвэрць мільёна. Няма сумневу, што амэрыканскі суд задаволіць патрабаваньне жонкі загіблага. Верагодна, аналягічныя пазовы, прычым з большымі сумамі, паступяць ад іншых, і суды іх таксама задаволяць. Канечне, бін Ляден не трымае грошы ў амэрыканскіх банках, вядома, што ён плоціць сваім баевікам наяўнымі, але ён валодае фінансавай імпэрыяй, і так ці інакш ягоны мільярд у нейкіх банках ляжыць. Суд у ЗША – незалежны, ягонае рашэньне абавязковае для выкананьня, і калі нейкі замежны банк не пагодзіцца выдаць з рахункаў бін Лядэна кампэнсацыю, дык з дапамогай учорашняга законапраекту ЗША могуць абарваць усе апэрацыі з такім банкам. З улікам ролі Амэрыкі ў сусьветнай фінансавай структуры гэта пагражае такому банку катастрофай. Гэта – адзін прыклад, прычым пакуль гіпатэтычны, так бы мовіць. У рэальнасьці ж ужо месяц ФБР вядзе маштабнае фінансавае сьледзтва, пра якое, паводле зразумелых прычынаў, шмат інфармацыі у прэсу пакуль што не дае”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG