Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ЗША ПАСЬЛЯ ТРАГЕДЫІ: ПАТРЫЯТЫЗМ БЕЛАРУСКІ І АМЭРЫКАНСКІ – ЦІ СУПАДАЮЦЬ ЯНЫ?


Ганна Сурмач, Сяргей Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Вячка Станкевіч, Вера Запруднік, Валянціна Пархоменка.

Наш суайчыньнік з Бостану Язэп Пацэвіч сказаў, што сёлетні верасень прынес трагедыю як народу Беларусі, так і народу Злучаных Штатаў. У Беларусі рэжым Лукашэнкі пераабраў сябе на яшчэ адзін тэрмін кіраваньня, а тэрарыстычныя акты ў ЗША забралі тысячы жыцьцяў. Для беларусаў Злучаных Штатаў гэтыя падзеі ёсьць падвойным ударам, які абвастрыў іхныя патрыятычныя пачуцьці да абедзьвюх краінаў.

У сёньняшняй перадачы мы гаворым з прадстаўнікамі розных пакаленьняў беларускай эміграцыі на тэму патрыятызму. Ці стасуюцца паміж сабою ў беларускай душы патрыятызм да ЗША і да Бацькаўшчыны? Наколькі глыбока нашы суайчыньнікі пачуваюць сябе патрыётамі Злучаных Штатаў?

На чым трымаецца патрыятызам народу Злучаных Штатаў, які існуе ўсяго пару сотняў гадоў? Гаворыць прадстаўнік паваеннай эміграцыі ў ЗША Вячка Станкевіч:

(Станкевіч: ) “Ня ўсе амэрыканцы – новапрыезжыя. Улада, стабільнасьць зьвязваюцца зь людзьмі, якіх тут, у Амэрыцы, ужо дзясяткі пакаленьняў жывуць. Яны поўнасьцю чуюцца так, што гэта краіна іхняя. Ёсьць і навейшая эміграцыя, продкі якой прыехалі недзе 100 гадоў таму, яны таксама бяруць моцны ўдзел у палітыцы, у грамадзкім жыцьці. Самыя новыя прыезжыя – пасьля другой усясьветнай вайны, яны яшчэ пачуваюцца эмігрантамі. Большы патрыятызм адчуваецца ў людзей, якія тут жывуць ужо ў некалькіх пакаленьнях. Наконт таго куска зямлі. У амэрыканцаў пачуцьця, што гэта як бы мая сямейная хата, дзе мае продкі жылі, амаль што няма, бо амэрыканцы даволі мабільны народ, яны лёгка пераяжджаюць з аднаго канца Амэрыкі ў другі, калі гэта патрабуецца дзеля паляпшэньня сваёй долі. Калі гаворыца пра мой родны кут, то для бальшыні амэрыканцаў, якія свой гэты родны кут зьмянілі некалькі разоў, гэта ўжо ніяк не падыходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Што ўсё ж зьяўляецца асновай іхнага патрыятызму?”

(Станкевіч: ) “Я сказаў бы, што больш такой годнасьцю зьяўляецца пачуцьцё чалавечай свабоды, што чалавек мае магчымасьць вельмі свабодна жыць. Усе амэрыканцы лічаць, што яны ўсюды стараюцца стварыць дабро, ці гэта ўсюды ўдаецца, ці не, але такі мэнталітэт. Амэрыканцы пачуваюць, што яны зьяўляюцца прыкладам дэмакратыі і таму яны вельмі зьдзіўленыя, што нехта іх можа ненавідзець”.

Вера Запруднік, дачка вядомага беларускага дзеяча ў ЗША Янкі Запрудніка, належыць да таго пакаленьня эміграцыі, якое ўжо вырасла там. Яна кіруе Задзіночаньнем Беларуска-амэрыканскай моладзі.

(Запруднік: ) “Раней чулася, што я беларуска народжаная і жыву ў Амэрыцы. Але, як яны нас так паранілі, усе тут, што жывуць, усе мы не глядзім цяпер, ці белыя, ці чорныя, ці гішпанцы, ці кітайцы – мы ўсе цяпер амэрыканцы сталі. Усе пачалі шукаць, як мы можам дапамагчы. На наступны дзень пасьля трагедыі я грошы дала на Чырвоны Крыж. Амэрыка заўсёды ўсім дапамагала, у гэты час нам самім трэба дапамагаць”.

Для Веры Запруднік, як і для Вячкі Станкевіча, пачуцьцё свабоды – гэта тое асноўнае, што яднае амэрыканскае грамадзтва ў яго патрыятычных памкненьнях.

(Запруднік: ) “Мы тут вольныя, ня ведаем, як бяз гэтага жыць.
Я думаю, што цяпер свабода найбольш важная тут у Амэрыцы, цяпер больш неяк гэта шануем, бо бачым, што яны хочуць гэта ад нас забраць. Але, калі яны думаюць, што гэты выпадак нас разаб’е, то гэта зусім у другі бок пайшло. Мы цяпер шануем тое, што маем і будзем за гэта біцца”.

Дзесяць гадоў таму, з прычыны Чарнобыльскай аварыі, заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пархоменка выехала з сям’ёй у ЗША.

(Карэспандэнт: ) “Валянціна, ці Вы адаптаваліся да жыцьця ў новай краіне?”

(Пархоменка: ) “Гэта цяжка сказаць. Я ніколі не зьмяню свае пагляды. Беларусь для мяне – гэта край, які мяне вырасьціў і які даў мне ўсё, незалежна – добра ці дрэнна, гэта ёсьць мая Радзіма. Але, чым больш ты тут жывеш, ты больш пачуваесься амэрыканцам таксама. Я ўдзячная Амэрыцы за тое, што яна нас прыняла.
Амэрыка – унікальная краіна. У гэтай краіне хапае месца ўсім. Незалежна якой ты нацыянальнасьці, хто ты ёсьць. Яна прымае ўсіх і ты маеш права тут размаўляць на сваёй мове, сьпяваць свае песьні, хадзіць у сваю царкву маліцца. Ніхто не дыктуе, што табе сьпяваць ці не сьпяваць.Ты можаш рабіць усё, што ты хочаш рабіць. Цудоўныя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы, вельмі адкрытыя”.

(Карэспандэнт: ) “Цяпер бяда аб’яднала гэтых людзей, ці адчуваеце Вы сябе часткаю гэтай супольнасьці?”

(Пархоменка: ) “Так, я таксама гэта адчула. Калі гэта сталася, была нэрвовасьць, быў боль і жах. Немагчыма было паверыць, што такое магло здарыцца. Нью-Ёрк – гэта сэрца Амэрыкі, там вельмі шмат людзей жыве, у многіх ёсьць родныя. Там была таксама і дачка мая, калі гэта сталася. Я проста не магу перадаць тое, што мы адчувалі.
Мы адчувалі ўсе, як адна частка. Часамі ў Амэрыцы ёсьць, што людзі адзін аднаго ня ведаюць добра, вітаюцца, але нічога ня ведаюць пра суседа так, як і ў нас. Але гэта трагедыя вельмі зьяднала людзей. Яны зараз абсалютна разам, дапамагаюць адзін аднаму ў чым толькі можна – і адзеньнем, і ежаю, і кроў здаюць. Любую ахвяру, якую толькі можна, яны гатовы даць. Кожны стараецца паказаць, што ён любіць Амэрыку, што ён гатовы аддаць усё, каб толькі было ціхі, мірна. Вельмі балюча было глядзець, калі ў Нью-Ёрку маліліся разам усе на стадыёне. Я была вельмі ўражаная, я ніколі ня думала, што амэрыканцы настолькі могуць глыбока адчуваць, мне здавалася, што яны больш халодныя”.

(Карэспандэнт: ) “А кім лічыць сябе Вашая дачка, якая выехала з Беларусі ў дзяцінстве?”

(Пархоменка: ) “Яна адчувае сябе сапраўднай амэрыканкаю, бо яна больш вырасла тут. Але яна добра гаворыць па-беларуску, сьпявае нашыя песьні, складае музыку”.

(Карэспандэнт: ) “А цяпер пытаньне да Вас як прафэсійнай сьпявачкі. Ці ведаеце Вы, што аўтарам песьні “Божа, дабраслаў Амэрыку” зьяўляецца выхадзец зь Беларусі Ірвінг Бэрлін?”

(Пархоменка: ) “Я ведаю ягонае імя. Але я ніколі ня думала, што ён родам зь Беларусі. Я чую ўпершыню і гэта мне вельмі прыемна, цяпер гэта песьня нумар адзін у Амэрыцы пасьля гімну. Мы шмат сьпявалі амэрыканскіх патрыятычных гімнаў, у тым ліку і гэты”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць, на Вашу думку, у гэтым гімне беларускія матывы?”

(Пархоменка: ) “Магчыма, ёсьць, таму, што калі нават паглядзець па сьпевах, па мэлёдыі, то нешта такое ёсьць, што ёсьць і ў нашых працяжных песьнях, непаўторны той водар нашых беларускіх палёў, нашых азёраў. Калі сьпяваеш гэту песьню, сапраўды адчуваеш, што недзе на цудоўнай прыродзе можаш быць у Беларусі, можаш толькі зьмяніць словы і засьпяваць па-беларуску, і гэта будзе гучаць аднолькава. Гэты чалавек, відаць, меў сэрца беларуса”.

Беларусы ў Амэрыцы пачуваюцца часткаю амэрыканскага народу, які бароніць свае галоўныя каштоўнасьці – свабоду і дэмакратыю. Іх беларускі патрыятызм лёгка ўжываецца з амэрыканскім, іх сэрца не разрываецца паміж сваім крэўным і набытым на новай радзіме. У нашых народаў агульныя маральныя каштоўнасьці. За свабоду як найвышэйшую каштоўнасьць змагаўся Тадэвуш Касьцюшка – кіраўнік вызвольнага паўстаньня ў Беларусі і герой грамадзянскай вайны ў Злучаных Штатах.

Гэтыя каштоўнасьці адлюстраваныя ў нашых гімнах, якія па зьмесьце вельмі падобныя – “Божа, дабраслаў Амэрыку” і беларускі “Магутны Божа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG