Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПРАПАНАВАЛА ВЯРНУЦЦА ДА ЧАТЫРОХ УМОВАЎ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ТРОЙКІ Ў ДЫЯЛЁГУ З УЛАДАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што ягоная партыя прапануе іншым сябрам шырокай грамадзянскай кааліцыі шэраг новых ініцыятываў.

Паводле спадара Лябедзькі, апазыцыі цяпер варта прапанаваць уладам распачаць перамовы ў справе выкананьня 4 умоваў, пастаўленых перад Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ 2 гады таму.

Нагадаю, што дзеля таго, каб аднавіць нармальныя адносіны з заходнімі краінамі й стаць паўнавартасным сябрам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, афіцыйны Менск мусіць дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства, забясьпечыць свабоду мэдыям, спыніць палітычныя рэпрэсіі, а таксама істотна пашырыць паўнамоцтвы парлямэнту. Гэтыя, вылучаныя ў 1999 годзе патрабаваньні да беларускіх уладаў застаюцца ў сіле й цяпер, што нядаўна падцьвердзіў камітэт міністраў Рады Эўропы. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што гэта прагматычны крок, калі шырокая грамадзянская кааліцыя прапануе беларускаму рэжыму пачаць такі перамоўны працэс. Як рэалізаваць 4 умовы на практыцы, і каб гэта былі ня словы, а сапраўдныя справы, рэальныя крокі?

Магчыма, будуць розныя падыходы, але нам падаецца, што на кожную ініцыятыву, якую вылучае рэжым, мы павінны адказваць сваёй. Лукашэнка зрабіў заяву, што ён будзе ісьці па шляху лібэралізацыі й дэмакратызацыі ў Беларусі. Мы павінны ставіць больш жорсткія рамкі".

На думку лідэра АГП, ёсьць шанец, што Лукашэнка пойдзе на гэтыя перамовы, бо, па-першае, ён вельмі хоча легітымізацыі сваёй улады з боку міжнароднай супольнасьці, а па-другое, да такіх перамоваў яго можа змусіць Масква, у якой цяпер наладжваюцца неблагія дачыненьні з Захадам. Але такія перамовы павінны адбывацца праз пасярэдніцтва АБСЭ ды іншых міжнародных структураў.

Анатоль Лябедзька спадзяецца, што на паседжаньні палітычнай рады 20 кастрычніка прапанова пра перамовы будзе падтрыманая іншымі сябрамі шырокай грамадзянскай кааліцыі. Як, зрэшты, і праект г.зв. стратэгіі для Беларусі. (Гэтая ідэя упершыню была агучаная на паседжаньні ПА Рады Эўропы.)

Паводле Анатоля Лябедзькі, эўрапейскія палітыкі пакуль самі ня могуць дакладна сфармуляваць кірункі гэтай стратэгіі, таму ў шырокай грамадзянскай кааліцыі ёсьць магчымасьць прапанаваць свой варыянт стратэгіі. Гэта свабода СМІ, спыненьне рэпрэсіяў і гэтак далей.

Лідэры АГП таксама прапануюць сваім калегам па кааліцыі арганізаваць 10 сьнежня ў дзень Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека па ўсёй Беларусі акцыю "Ланцуг неабыякавых людзей".

Анатоль Лябедзька выказаўся супраць ініцыятывы лідэра "Народнай грамады" Міколы Статкевіча стварыць адмысловую камісію ў справе расьсьледаваньня фінансавай дзейнасьці апазыцыйных партыяў з 1996 па 2001 год. Лідэр АГП лічыць, што такім чынам некаторыя асобы хочуць справакаваць скандал і адцягнуць апазыцыю ад рэальнай барацьбы.

Анатоль Лябедзька таксама сказаў, што шырокая грамадзянская кааліцыя мусіць актыўна выступіць у справе абароны Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG