Прадстаўнік МЗС Літвы Пятрас Запольскас кажа, што Літва заклапочаная ня менш за Беларусь і зрабіла ўсе магчымыя захады дзеля бясьпекі АЭС.
У сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце МЗС Беларусі выказаў сёньня занепакоенасьць адносна эфэктыўнай аховы і ўзмацненьня бясьпекі Ігналінскай АЭС, што знаходзіцца на тэрыторыі Літвы недалёка ад мяжы зь Беларусьсю.
Беларускае МЗС таксама лічыць, што нягледзячы на заявы афіцыйных асобаў Літвы наконт дзейснасьці сыстэмы кантролю над паветранай прасторай, "гэтае пытаньне на справе не ўрэгуляванае". Паведамляе кіраўнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Павал Латушка:
(Латушка: ) "На сёньняшні дзень паміж Беларусьсю і Літвой застаюцца адкрытымі пытаньні парадку персячэньня замежнымі паветранымі суднамі дзяржаўнай мяжы, вызначэньня парадку ўзаемнага выкарыстаньня паветранай прасторы дзяржаўнымі паветранымі суднамі, арганізацыя і ажыцьцяўленьне абмену інфармацыяй па лініі супрацьпаветранай абароны аб палётах паветраных суднаў і іншых лётных апаратаў у памежнай паласе і пры перасячэньні дзяржаўнай мяжы".
Паводле словаў Паўла Латушкі, беларускі бок вымагае ад Літвы "больш адказнасьці і канструктывізму ў стварэньні больш дзейснай сыстэмы кантролю над паветранай прасторай і ўзаемадзеяньня са сваімі суседзямі ў гэтай справе".
МЗС Беларусі ўжо даў даручэньне сваёй амбасадзе ў Вільні правесьці адпаведныя перамовы з МЗС Літвы, Міністэрствам аховы краю і дабіцца заключэньня міжурадавага пагадненьня пра выкарыстаньне паветранай прасторы. Прэсавы сакратар МЗС Літвы Пятрас Запольскас адрэагаваў на гэтыя заявы наступным чынам:
(Запольскас: ) "Натуральна, што літоўскі ўрад у першую чаргу, без падказак і камэнтароў, занепакоены бясьпекай Ігналінскай атамнай электрастанцыі і займаецца гэтым ня першы год. Экспэрты міжнародных арганізацыяў, а таксама нашыя партнэры са скандынаўскіх краінаў дапамагаюць забясьпечыць як зьнешнюю, так і ўнутраную бясьпеку станцыі. У гэта ўкладзеныя вялікія грошы, і замежныя экспэрты кажуць, што цяпер гэта адна з самых бясьпечных атамных станцыяў у Эўропе".
Паводле словаў прадстаўніка МЗС Літвы Пятраса Запольскаса, падзеі 11 верасьня ўнесьлі істотныя карэктывы ў забесьпячэньне зьнешняй бясьпекі станцыі:
(Запольскас: ) "Пасьля канкрэтнага выпадку, тэрарыстычных актаў у ЗША 11 верасьня, у Літве зрабілі максымальна магчымыя намаганьні дзеля таго, каб цалкам гарантаваць бясьпеку ня толькі Ігналіскай АЭС, але й іншых стратэгічных аб'ектаў у Літве".
Што да пытаньня пра пагадненьне між урадамі Літвы і Беларусі аб выкарыстаньні паветранай прасторы, то Пятрас Запольскас зазначыў, што спачатку гэта трэба абмяркоўваць на ўзроўні адпаведных ведамстваў і экспэртаў.