Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ЎЛАДЫ ЎСЁ НЯ МОГУЦЬ ПАСТАВІЦЬ ПОМНІК АДАМУ МІЦКЕВІЧУ


Вольга Рымашэўская, Менск

Насуперак ранейшым плянам, помнік Адаму Міцкевічу ня будзе ўсталянаваны ў Менску і сёлета. Прычына звычайная для Беларусі — не хапае сродкаў.

У свой час Саюз палякаў Беларусі меў намер падараваць беларусам помнiк Мiцкевiчу, але афiцыйны Менск ад падарунка адмовiўся. Гарадзкiм уладам быццам бы не спадабаўся той варыянт, якi прапанавалi палякi.

Аб'явілі конкурс сярод айчынных скульптараў. І, як сьцьвярджаюць у Саюзе палякаў, на гэтым конкурсе ня ўсё выглядала безнадзейна. Архітэктар Валер Янушкевіч прапанаваў, на думку многіх, самы цікавы варыянт помніка: Міцкевіч як пілігрым прыходзіць у Менск. Помнік меўся быць у выглядзе стэлы. Аднак і гэты арыгінальны праект адхілілі.

Нарэшце зацьвердзілі іншы варыянт помніка. Зараз ён дапрацаваны, і фігуру аддалі на адліўку. Аднак не хапае грошай на бронзу і ліцьцё.

Дапамагчы зь фінансамі спрабавалі палякі, але беларускія ўлады вырашылі паставіць помнік за свае грошы. Вось якое меркаваньне з гэтай нагоды выказвае віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) "Нашы ўлады хацелі б за свае грошы паставіць гэты помнік, але ня маюць гэтых грошай. А палякі маюць гэтыя грошы, але ім гавораць: вас тут і быць не павінна, мы самі свае праблемы вырашым. У выніку ўся гэтая сытуацыя зайшла ў тупік.

Мне зразумела, што трэба аб'яднаць сьціплыя намаганьні нашых культурных уладаў рэальнымі мажлівасьцямі палякаў. І тут ня трэба зважаць, хто ад гэтага будзе мець славу і гонар. Самае галоўнае, каб Міцкевіч, хоць і са спазьненьнем, але прыйшоў у Менск".

Аднак у Міністэрстве культуры сьцьвярджаюць: зь фінансаваньнем аніякіх праблемаў няма. Вось што прынамсі распавёў адказны супрацоўнік міністэрства Сяргей Маслоўскі:

(Маслоўскі: ) "Фінансавых праблемаў не існуе".

(Карэспандэнтка: ) "Увогуле не існуе?"

(Маслоўскі: ) "Не існуе".

(Карэспандэнтка: ) "А як ёсьць на самой справе — Вы маглі б патлумачыць?"

(Маслоўскі: ) "Не".

Мiж iншым, доўгi час сталiчная ўлада не магла вызначыцца нават зь месцам, дзе можна было б паставiць помнiк Адаму Мiцкевiчу. Была прапанова разьмесьцiць яго ў сквэры на скрыжаваньнi вулiц Сьвярдлова i Кiрава, а вулiцу Ленiнградзкую перайменаваць у вулiцу Адама Мiцкевiча, але Менскi гарвыканкам нават не захацеў яе разглядаць. Засталася былая назва i ў вулiцы Валадарскага, якой гарадзкiя ўлады таксама не пажадалi даць імя славутага паэта.

I дасёньня ў Менску няма вулiцы Адама Мiцкевiча. Адзiнае, што ўдалося зрабiць — атрымаць афiцыйны дазвол на ўсталяваньне помнiка ў сквэры на скрыжаваньнi вулiц Гарадзкi вал i Нямiга.

Восем гадоў не хапiла сталiчным уладам, каб устанавiць помнiк славутаму земляку ў Менску. Адметна, што за гэты час у беларускай сталiцы зьявіліся помнiкі расейскаму паэту Аляксандру Пушкiну i украiнскаму — Тарасу Шаўчэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG